А ў Соміне – газ!

16 мая 2017 - Administrator
article3149.jpg

 12 мая для вёскі Соміна стаў гістарычным днём. Пуск блакітнага паліва ў дамы – радасная і важная падзея для вяскоўцаў. У цэнтры вёскі сабраліся жыхары, старыя і малыя, паважаныя госці, выхадцы з Соміна і тыя, дзякуючы чыім намаганням вёска стала газіфікаванай, а значыць, перспектыўнай для пражывання, дзякуючы не толькі прыроднаму брыльянту – самаму глыбокаму ў вобласці возеру, а і бытавым выгодам. 

Са 130 гаспадарак, менавіта столькі іх налічваецца ў вёсцы, гаспадары 68 уступілі ў кааператыў, каб правесці ў дамы па вуліцах роднай вёскі газ. І што адметна, газ праведзены і ў дамы, дзе гаспадароў ужо не стала, але нашчадкі плануюць не развітвацца з родным домам, разлічваюць на перспектыву, каб была магчымасць вярнуцца на парог дома і жыць на старасці гадоў у роднай хаце паўнацэнна. 

Перад пачаткам урачыстасці ў паветры гудзела абмеркаванне падзеі. Стараста вёскі Галіна Куцко дзякавала ўсім, хто гэту работу правёў і тым самым прынёс радасць у дамы вяскоўцаў. “Цяпер і мы будзем жыць не горш за гарадскіх”, – казала яна. Яе падтрымала жыхарка в. Соміна Ірына Дзягцярык, якая заўважыла, што цяпер можна будзе не хвалявацца падчас “закатачнага” сезона гародніны аб своечасовым заказе газавага балона, а значыць, не будзе непрадбачанай непрыемнай сітуацыі, калі ты гэта забыўся зрабіць. Жанчына з удзячнасцю яшчэ адзначыла, што правядзенне газапровада ў дамы было малаадчувальным для сем’яў, бо можна было аформіць ільготны крэдыт на рэканструкцыю і газіфікацыю дома пад тры працэнты гадавых тэрмінам на 10 гадоў, згодна з умовамі якога можна было яшчэ набыць і ацяпляльныя батарэі, і газавую пліту, і іншае неабходнае абсталяванне.

У прывітальным слове да вяскоўцаў Юрый Вайтовіч, начальнік Івацэвіцкага раёна газазабеспячэння ВУ “Бярозагаз”, сказаў, што ў тых вёсках, дзе праводзіцца газ, ёсць перспектыва развіцця, а значыць, вёска будзе жыць, сюды будуць вяртацца людзі. Юрый Соляр, галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай службы Івацэвіцкага райвыканкама, а таксама нераўнадушны да развіцця роднай вёскі чалавек, які аддаў перавагу не гарадскому, а вясковаму жыццю па перакананні, радасна адзначыў, што даўно пачаты праект сёння прыйшоў да завяршэння. Ён дзякаваў усім жыхарам, хто прымаў актыўны ўдзел у яго ажыццяўленні, тым, хто не забывае сваю малую радзіму і правёў газ у дамы дзядоў і бацькоў. А Валянціна Якімовіч, стараста вёскі Горталь, якая была запрошана на ўрачыстасць як выхадзец вёскі Соміна, успомніла, што ў першы прыезд Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі яна ад жыхароў раёна звярталася да кіраўніка дзяржавы з просьбай, каб правядзенне газу не заканчвалася на Вульцы-Аброўскай, а каб газ прыйшоў і на Целяханшчыну. Тады ёй і самой не верылася, што гэта будзе магчыма, але мара, як і паабяцаў Прэзідэнт краіны, стала ажыццяўляцца на вачах: спачатку былі газіфікаваны Целяханы, потым Горталь, а цяпер і родная вёска Соміна.

Ёсць такая перспектыва і ў іншых вёсак сельсавета. І ёй, як карыстальніку гэтых выгод на працягу ўжо двух гадоў, ёсць з чым параўноўваць: і дровы не трэба нарыхтоўваць, і балон заказваць… 
Віншаваў са святам вяскоўцаў старшыня Целяханскага сельвыканкама Трафім Дзямянчык, які дзякаваў ім за тое, што паверылі і падтрымалі гэтую добрую справу. “Дзяржава ўзяла на сябе львіную долю затрат, сёння робіцца ўсё магчымае, каб захаваць вёску”, – казаў ён. Сельсавет прызнаны сёння лепшым у вобласці, і пры ацэнцы яго работы ўлічвалася і газіфікацыя вёсак. Сёння вёска Соміна з’яўляецца адной з перспектыўных, тут пражывае 305 чалавек, і дамы ахвотна раскупляюцца.

Раздзяліць радасную падзею прыехаў і айцец Мікалай, настаяцель будуемага храма ў вёсцы Горталь, які выказаў спадзяванне, што прыклад сомінцаў возьмуць на ўзбраенне жыхары Вулькі-Целяханскай, Выганашчаў.
Як уюноў цягне ў Саргасава мора, так і выхадцаў Соміна цягне ў родную вёску, казалі ганаровыя госці ўрачыстасці – выхадцы вёскі, вядомыя на сёння людзі. Сярод іх былі патрыёты і пастаянныя спонсары вёскі: Уладзімір Міхайлавіч Абрамчук, Валянцін Ула-
дзіміравіч Абрамчук, Сяргей Сяргеевіч Капыціч. Дзякуючы і іх клопатам магазін у вёсцы рэканструяваны, і аўтобусны прыпынак, і сельскі клуб, і асфальт пракладзены між вёскамі Соміна – Горталь і Соміна – Вулька-Целяханская, і праводзяцца цікавыя мерапрыемствы. Яны казалі, што ў вёсцы газ – гэта цяпло і ўтульнасць, а сомінцам, тым, хто застаўся тут жыць, дзякуй за тое, што захавалі вёску. Калі ёсць газ у вёсцы – вёска не памрэ, а агульная справа яднае людзей, і таму прыклад – гэтая падзея. 

Удзячныя вяскоўцы і прадстаўнікі культуры дарылі газавікам кветкі і памятныя падарункі. Ганаровае права запаліць блакітны факел было дадзена Юрыем Вайтовічам аднаму са старэйшых жыхароў вёскі – 83-гадоваму Уладзіміру Іосіфавічу Абрамчуку ў акружэнні юнага пакалення вяскоўцаў. 
Факел быў запалены, а вяскоўцы не разыходзіліся. Радасны настрой прадоўжыўся ў частаванні ўсіх цукеркамі. А яшчэ сомінцы, на тое яны і сомінцы, спявалі песні, і яны доўга гучалі ў паветры, яднаючы ў адно святочную вёску.
Валянціна БОБРЫК. 
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий