Дае лес зарабіць!

9 октября 2017 - Administrator
article3467.jpg

 Больш за 16 тон грыбоў ужо нарыхтавана кааператарамі раёна

Такі ўраджайны год на грыбы, як сёлета, кажуць кааператары Івацэвіцкага райста, якія займаюцца іх нарыхтоўкай, выдаецца раз у дзесяцігоддзе. Старшыня праўлення Івацэвіцкага райста Тамара Варабей казала, што ў 2006 годзе, калі ў нас праходзіў абласны фестываль “Дажынкі”, год быў небывалы на грыбы – яны  нарыхтавалі ажно 14 тон баравікоў на экспарт. З той пары прайшло 11 гадоў, і сёлета выдаўся амаль такі ж залаты грыбны сезон: людзі і сабе нарыхтавалі грыбоў на зіму, і здаюць іх кааператарам і прыватным нарыхтоўшчыкам – зарабляюць на іх. У некаторых атрымліваецца і добрая прыбаўка да пенсіі ці да зарплаты. 

Івацэвіцкае райста ў сістэме абласнога Белкаапсаюза – лідар па нарыхтоўцы грыбоў, і ў разрэзе рэспублікі івацэвіцкіх кааператараў мала хто можа дагнаць. 
– У выхадныя (30 верасня, 1 кастрычніка), хоць грыбны сезон на баравікі і пайшоў ужо на спад, мы закупілі больш за 500 кілаграмаў лісіц, баравікоў, падбярозавікаў, падасінавікаў і апенек, –  кажа дырэктар філіяла “Каапнарыхтпрам” Сяргей Вабішчэвіч. – Баравікі адыходзяць, а сезон на апенькі толькі пачынаецца.
– І хоць працуем мы ва ўмовах сур’ёзнай канкурэнцыі, нам імкнуцца перайсці дарогу прыватныя нарыхтоўшчыкі, на 1 кастрычніка Івацэвіцкім райста нарыхтавана 16 тон грыбоў. З іх 2,5 тоны лісіц, 2,4 тоны апенек, астатнія – у асноўным баравікі, ды яшчэ падасінавікі і падбярозавікі, – кажа старшыня праўлення Івацэвіцкага райста Тамара Варабей. – Баравікі  мы замарожваем у халадзільных камерах і пастаўляем на экспарт, а лісічкі і апенькі – на гароднінныя і кансервавыя прадпрыемствы краіны. Грыбы мы рыхтуем салёна-адварныя, прамога засолу і замарожаныя. 
Нарыхтоўкай грыбоў займаюцца ўсе магазіны райста, а таксама створана сетка нарыхтоўшчыкаў і працуе грыбаварны пункт у Манцютах. Туды мы і адправіліся на днях, каб паглядзець, як ідзе працэс нарыхтоўкі ляснога багацця. Гаспадарыць тут нарыхтоўшчык Святлана Маісеева (на здымку) ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. 

– Яшчэ мама мая варыла тут грыбы, каля яе і я навучылася, бо на грыбы трэба добрае вока, каб не трапіў які невядомы грыб у кацёл, – кажа Святлана Барысаўна. 
Яна дастае з тумбачкі каталог грыбоў, які захаваўся ў яе з савецкіх часоў. 
– Мы нарыхтоўваем не ўсе грыбы, а толькі “класічную” калекцыю: баравікі, апенькі, падбярозавікі і падасінавікі, ну і лісічкі, – кажа яна. – За ўчарашні дзень прыняла 250 кілаграмаў грыбоў. Баравікі ўжо адыходзяць, іх было толькі 13,68 кілаграма, астатнія апенькі. Наварыла амаль пяць бочак. З 15 гадзін пачала мыць, а варыла да 9 вечара. Два кілаграмы солі сыплю на бочку грыбоў. Па рэцэптуры трэба на тону апенек 80 кілаграмаў солі. Астуджваюцца звараныя грыбы ў драўляных бочках, а тады ўжо гатовыя і халодныя салёна-вараныя апенькі затарваюцца ў пластмасавыя бочкі. Трэба яшчэ, каб была па рэцэптуры вытрымана пэўная расольнасць – вады не больш за 18 працэнтаў. Іх хутка забяруць на перапрацоўчыя прадпрыемствы.

У бочках так і пераліваліся шаўковыя апенькі, так і ўяўлялася, як накідваюцца такія грыбочкі ў талерку, запраўляюцца алеем і цыбуляй...
Пакуль мы размаўлялі, у дзвярах з’явілася постаць грыбніка з кашом грыбоў і Святлана Барысаўна ў імгненне вока, але беражна іх пасартавала, палічыла грошы і выдала грыбніку. “Першы сорт – гэта баравікі са шляпкай не больш за пяць сантыметраў і белым нізам, – кажа яна. – Яны па пяць рублёў за кілаграм. Другі сорт – гэта грыбы са шляпкай у 10-12 сантыметраў і лімонным нізам, яны па тры рублі, трэці – па два і некандыцыя – па адным рублі. Падасінавікі і падбярозавікі па 60 капеек, а апенькі – па 80 капеек за кілаграм”. 

Нарыхтоўшчыца казала, што грыбы да яе нясуць з Быцені, Заполля, з Манцют, а іншы раз і са Слонімскага раёна заязджаюць грыбнікі. І сама Святлана Барысаўна прызнавалася, што як толькі надыходзіць восень, адразу яе цягне ў лес. Зранку прабяжыць па сваіх мясцінах – заробак лішнім не бывае, і тады прымае грыбы ў людзей. На яе думку, год яшчэ не самы грыбны, бо памятаецца, як яна адна нарыхтоўвала па пяць тон грыбоў. Сама яна ў “класічную калекцыю” для асабістых патрэб уключае і чорныя грузды. Так, для разнастайнасці страў іх соліць прамым засолам. 
Зноў у дзвярах з’яўляецца каранасты мужчына. Гэта муж пенсіянеркі Таццяны Лук’яненка, якая ў грыбы ходзіць амаль штодня. Не заспіць і Вячаслаў Савёнок, які здае па 50 кілаграмаў апенек за раз. У яго тры дачкі. Старэйшыя – студэнткі, трэба яму вучыць дзяўчат, дапамагаць, кажа нарыхтоўшчыца. Аляксандр Кавалеўскі таксама заўзяты грыбнік. Людзі некаторыя бяруць на гэты час спецыяльна водпуск, каб зарабіць у грыбах. І добра зарабляюць. Па яе вопыце найлепшы заробак можна “падняць” на апеньках. Яны хоць і лёгкія, але на адным месцы можна нарэзаць мяшок, а гэта ўжо пад 40 рублёў. 

Мы ўжо збіраліся ад’язджаць, як зноў на парозе з’явіўся грыбнік. Іна Уладзіміраўна ў лес практычна кожны дзень на некалькі гадзін зазірае. Сёння яна зарабіла 3,06 рубля, а заробак за сезон – каля 500 рублёў. 
На зваротным шляху час ад часу сустракаліся па дарозе грыбнікі. Кашы ўжо не ва ўсіх былі перапоўнены грыбамі, а вось каля парачкі веласіпедыстаў у Даманаве мы спыніліся. Валянціна Міхайлаўна і Васіль Сцяпанавіч Макаеды, па ўсім відаць, зборшчыкі-прафесіяналы. У гаспадара красавала цэлае вядро лісічак. І ён на наша здзіўленне махнуў рукой: хіба гэта дзіва? З пачатку чэрвеня ён здае па 6 кілаграмаў лісічак, амаль штодня. У гаспадыні – крамяныя баравікі. “Сённяшні наш заробак на вока пацягне на 20 рублёў, – кажа Валянціна Міхайлаўна. – У іншыя дні на 10, на 15 рублёў здаём. Сабе ўжо нарыхтавалі. А ў лес цягне. Ды і заробак добры, яшчэ адна пенсія выходзіць”. 

Сваімі трафеямі пахваліўся і Мікалай Шухно, які лісічак здаваў сёлета па 9 кілаграмаў, а ўсіх грыбоў у яго было і па 20 кілаграмаў. Такія рэкорды не надта паб’еш. Але, між іншым, справа і не ў іх. Дзякаваць Богу, сёлета з грыбамі шанцуе і лянівым – людзі дзеляцца сваім “ураджаем” з хворымі і нямоглымі суседзямі, блізкімі, каму з работы не вырвацца, і гэта радуе найбольш. І нават у кафэ і сталовых можна ў меню сустрэць далікатэсныя стравы з грыбамі і суп з баравікамі – смачны, на славу.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий