Гарачыя дні ў СВУ “Даманава”

3 августа 2017 - Administrator
article3335.jpg

 Збожжавы клін СВУ “Даманава” РВУП "Брэстаблгаз" – крыху болей за 1 000 гектараў, надвор’е апошніх дзён спрыяе таму, каб работа закіпела, так бы мовіць, шырокім фронтам – у полі, на зернетаку. Так, на раніцу, 3 жніўня, у гаспадарцы збожжавыя ўжо былі ўбраны на плошчы каля 36,7 працэнта ад запланаваных, ураджайнасць – 33 цэнтнеры з гектара. 

– Не самая высокая ураджайнасць атрымліваецца? – задаю прамое пытанне галоўнаму аграному сельгаспрадпрыемства Аляксандру Асіпіку.
– Па-першае, яна вышэй, чым у мінулым годзе, па-другое, гледзячы на капрызы надвор’я, што мелі месца напрыканцы вясны і ў першай палове лета, цяжка чакаць намнога лепшага. А па-трэцяе, нашаму сельгаспрадпрыемству перадалі землі за Манцютамі, і, трэба сказаць, што землі гэтыя моцна выпрацаваны, слаба запраўляліся ўгнаеннямі, таму крыху пацягнулі паказчыкі ўніз. Хаця далей, спадзяёмся, паказчыкі стануць паляпшацца...

На полі за Манцютамі, дзе вялася ўборка яравога ячменю, і пабывала напачатку бягучага тыдня рэйдавая група раённай газеты. Кінулася ў вочы тое, што работы тут вядуцца сапраўды шырокім фронтам: толькі прайшлі зернеўборачныя камбайны, як літаральна следам 
ідзе трактар, за рулём якога Міхаіл Ятчэня; яго задача – утварыць адзін вялікі валок, каб пасля рулонны прэс-падборшчык (за рулём Уладзімір Бутрым) мог адразу згарнуць яго ў рулоны. Дарэчы, на гэтым вялізным кавалку поля на мінулую сераду, 2 жніўня, былі не толькі убраны збожжавыя, але нават вывезены рулоны саломы. Аператыўнасць, якая заслугоўвае павагі, справы  тут не а
дкладваюць на пасля… Зразумела, што і гарачым харчаваннем работнікі забяспечаны – карацей, зроблена ўсё, каб работа ішла, не спыняючыся.

Аўтар гэтых радкоў пацікавіўся ў камбайнера Мікалая Шпокі і яго памочніка Мікалая Яраша (на здымку) наконт таго, ці часта прыходзіцца сутыкацца з паломкамі – усё ж гэты фактар можа і моцна запаволіць ход уборачнай кампаніі:
– Так, паломкі здараюцца, але не можам сказаць, што бываюць яны часта. Дарэчы, на гэтым жа полі ў першы ж дзень, як толькі апусцілі жатку, то адразу “злавілі” кавалак тоўстага дроту. У выніку – зламаны два металічныя “пальцы”. Але інжынерная група нашага прадпрыемства не дрэмле, і даволі хутка “вылечылі” тэхніку…Як звяртае ўвагу галоўны аграном, калі надвор’е не будзе падводзіць, то пяць экіпажаў камбайнераў, што шчыруюць на палях гаспадаркі, закончаць работу прыкладна праз 10 дзён. Штодзень убіраецца каля 10 працэнтаў ад агульнай плошчы, работа на полі і зернетаку проста кіпіць, галоўнае зараз, каб “нябесная канцылярыя” не падвяла.
Аляксандр ГОРБАЧ, 
Валерый МІСКЕВІЧ 
(фота)
Комментарии (0)
Добавить комментарий