Лавіся, рыбка, вялікая!

20 октября 2017 - Administrator
article3489.jpg

 Плошча лесапаляўнічай гаспадаркі “Выганаўская” складае 94,4 тыс. гектара. І прамысловы адлоў рыбы – гэта толькі адзін з відаў дзейнасці гаспадаркі. ЛПГ “Выганаўская” арганізуе як аматарскую рыбалку, так і займаецца прамысловай здабычай рыбы на Выганашчанскім і Бабровіцкім азёрах. У адзін з кастрычніцкіх дзён мы накіраваліся да возера Выганашчанскага, каб на свае вочы паглядзець, як гэта адбываецца.


Яшчэ калі мы дамаўляліся аб сустрэчы, нам параілі прычакаць надвор’я і прыехаць пасля абеду, калі лодкі будуць вяртацца з рыбалкі. У той дзень і на самай справе было ветрана і ішоў дождж, а на тым канцы провада казалі, што хваля на возеры высокая – штарміць, і ўлоў слабаваты. На наступны дзень, 12 кастрычніка, зранку зноў імжыў дождж, але лодкі выйшлі на ваду. Таму да 14 гадзін мы былі на месцы. 
Лодак на гарызонце пакуль не было відаць, і мы стаялі на беразе ля прычала, чакалі… Чатыры брыгады працавала ў гэты дзень, у кожнай лодцы па два чалавекі. Працуюць яны па дагаворы падраду і зарплата іх напрамую залежыць ад вагі ўлову, відавога саставу рыбы.

Начальнік ЛПГ “Выганаўская” Уладзімір Загароўскі  расказаў, што сёлетні сезон прамысловай здабычы рыбы распачаўся з 20 мая і доўжыцца будзе ён, пакуль мароз не скуе водную гладзь азёр. За гэты час на Выганашчанскім возеры здабыта сеткамі 461,5 цэнтнера рыбы, на Бабровіцкім – 32,6, усяго – 494,1 цэнтнера. З відавога саставу лідзіруе карась, яго здабылі на двух азёрах амаль 30 тон. Яшчэ здабываюць ляшча, шчупака, акуня, карпа, таўсталобіка, белага амура. 
Удаласць улову ў многім залежыць ад надвор’я. Да прыкладу, за два дні да нашага прыезду рыбакі налавілі 450 кілаграмаў рыбы, а за ўчарашні дзень толькі 50 – хваля і вецер… 



Уладзімір Антонавіч расказваў далей. Акрамя рыбнай лоўлі гаспадарка займаецца яшчэ многімі відамі дзейнасці. У іх ліку – вядзенне лясной гаспадаркі, паляўнічай, аказанне турыстычных паслуг, гасцінічнага комплексу, нарыхтоўка журавін, грыбоў… Баравікоў маленькіх, адзін у адзін, на першае кастрычніка нарыхтавалі 254 кілаграмы, журавін – шэсць тон. З іх чатыры тоны – уласнымі сіламі. Уся гэтая прадукцыя паступае ў магазіны і кропкі грамадскага харчавання НП “Белавежская пушча”. А вось рыба рэалізуецца насельніцтву, паступае ў гандаль Івацэвіцкага райста, адгружаецца па папярэдніх заказах на ААТ “Івацэвічдрэў”, “Пінскдрэў”, на Баранавіцкую птушкафабрыку, на малочны завод… Геаграфія паставак  – Івацэвіцкі, Пінскі, Баранавіцкі, Камянецкі і іншыя раёны Брэсцкай вобласці, некаторыя раёны Мінскай вобласці. 
Перавага гэтай прадукцыі – свежасць, бо яна рэалізуецца не з бочкі, а, лічы, з рыбалоўных сетак. А з другога боку, галоўная перавага ў тым, што рыбная прадукцыя экалагічна чыстая. Рыба не корміцца ў азёрах камбікармамі, а харчуецца ў прыродных умовах, таму і смаку яна адметнага, непаўторнага. 



– Так, – адказвае Уладзімір Антонавіч. – На днях будзем зарыбляць Выганашчанскае возера таўсталобікам. Пад поўны аб’ём аднаго віду рыбы зарыбляць ім трэба возера не часцей чым адзін раз у тры гады. Чым меншы малёк, тым больш экзэмпляраў пападае ў возера і ён лепш прыжываецца. Каштуе рыбапасадачны матэрыял не танна, і само зарыбленне праходзіць пад наглядам інспекцыі прыродных рэсурсаў, інспекцыі кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, спецыялістаў упраўлення райсельгасхарчу, ветэрынарнай службы раёна. Сёлета выдзелена з уласных сродкаў 54 000 рублёў на зарыбленне карпам. І на сённяшні дзень пытанне па карпу закрылі на бліжэйшыя тры гады. Калі запусціць карпа больш, то ён “падарве” кармавую базу. Таму ўсё знаходзіцца пад пільным кантролем. Бабровіцкае возера сёлета зарыблялі судаком – 3200 экзэмпляраў. 

Тым часам на гарызонце з’явілася першая лодка. Улоў першай брыгады аказаўся невялікім – 86 кілаграмаў, у асноўным гэта былі карасі і пара-тройка шчупакоў.  А вось улоў у другой брыгадзе быў больш удалым, і Грыгорый Мялік з рыбнага адсека лодкі дастаў вялізнага таўсталобіка. 
– Ну, колькі?
 – 15 кілаграмаў пацягне, – адказалі з берага. Пасля ўзважвання высветлілася, што памыліся на 300 грамаў – 14,7 кілаграма. Адпачываючыя з гасцінічнага комплексу таксама сталі “падцягвацца” да прычала. Іх цікавіў карп. Аматары рыбнай лоўлі з Баранавічаў казалі, што смачнейшага карпа яны нідзе не елі. І тут жа заказалі сабе па карпу на вечар. А тут і трэцяя брыгада падплыла. Уладзімір Клімец і Віктар Міронаў здзівілі ўсіх прысутных сваім уловам – рыбы быў поўны адсек. І таўсталобікаў вялізных у іх было з дзясятак, і вялізны карп, і шчупакі, і буйныя карасі… Але самі рыбакі засталіся не вельмі задаволенымі. “Летась, як пайшоў сезон на таўсталоба, мы па 700 кілаграмаў здабывалі ў некалькі заходаў”, – кажа Уладзімір Канстанцінавіч Клімец. А іхтыёлаг і загадчыца складам Святлана Лукашык дадае: “Так, гэта нашы перадавікі. Але тады я дадому вярталася апоўначы. Мне ж гэтую рыбу трэба было тэрмінова рэалізаваць”. Але тут жа жанчына дадала: “Хлопцы нашы малайцы. Працуюць шчыра. Стараюцца. А справа гэта нялёгкая – для мужных і дужых мужчын”.

Адна за адной скрыні аказваюцца на вагах, а Святлана Афанасьеўна вядзе падлік – 185 кілаграмаў. Пакуль што лідары па ўлове дня. Тым часам пакупнікі адзін за адным падыходзяць і тут жа купляюць свежую рыбу. “Рыбу нашу любяць, заказваюць. Варта паспрабаваць яе аднойчы, абавязкова захочацца яшчэ. Вунь яшчэ адзін пакупнік чакае апошнюю брыгаду, казаў, усіх таўсталобікаў забярэ”, – кажа Святлана Афанасьеўна і прапануе нам таксама на выбар купіць свежай прадукцыі. І прапануе парачку рэцэптаў прыгатавання рыбы, якія хваляць усе, хто спрабаваў рыбу з Выганашчанскага і Бабровіцкага азёраў.



Цана на свежую рыбу, на мой погляд, невялікая, а праца рыбакоў вельмі цяжкая. Уявіце, што пакуль мы чакалі рыбакоў, то змерзлі ўшчэнт, а яны цэлую змену на вадзе, на вятры, на дажджы, на холадзе… Апранацца стараюцца цёпла, але боты гумавыя, усё роўна, як ні беражыся, вада патрапіць на адзенне, рукі стынуць… 
Улоў з лодкі рыбакі перагружаюць у скрыні і тады, непад’ёмныя, на электронныя вагі, а з іх ужо ў халадзільную камеру ці прама ў рукі пакупніку. 
Скажу шчыра, апошнюю брыгаду Васіля Багдановіча і Мікалая Юнчыка мы не дачакаліся. Але загадчыца складам званіла ім, адказалі – з уловам. 

Рэцэптам селядцоў з рачной рыбы мы дзелімся і з вамі, чытачы. Асабліва смачныя селядцы атрымліваюцца з таўсталобіка, калі рэцэпт дакладна вытрымліваецца. 
На 1 літр халоднай вады для расолу спатрэбіцца 150 грамаў буйнага памолу солі, 100 грамаў воцату 9-працэнтнага, 2 сталовыя лыжкі цукру. Рыбу рэжам на кавалачкі і заліваем атрыманым расолам, ён павінен пакрыць рыбу, і пакідаем на ноч. Ранкам расол абавязкова зліваем, прамываем рыбу і адкідваем на друшляк. Затым у ёмістасць ці слоік выкладваем слой рыбы, пасыпаем цэлым насеннем кропу і каляндры, кольцамі цыбулі і кавалачкамі часнаку і заліваем алеем. Праз гадзіну рыбу можна ўжываць у ежу. Захоўваць у халадзільніку. Калі плануеце расцягнуць задавальненне надаўжэй, то раім запраўляць цыбуляй і часнаком перад ужываннем у ежу. Смачна есці! 

Цэны на рыбу са склада і адпаведна пры гандлі на выездзе:
Шчупак: 2,69 – 3.09 рубля;
Таўсталобік да 10 кілаграмаў: 1,93 – 2,22
Таўсталобік звыш 10 кілаграмаў: 1,61 – 1,85
Карась: 1.47 – 1,72;
Акунь болей 12 сантыметраў: 0,85 – 0,98;
Белы амур: 2,34- 2,69;
Лешч: 1.51 – 1,74 рубля.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий