Лазня – у арэнду

16 мая 2017 - Administrator
article3150.jpg

 Лазня ў в. Воля працуе. Больш за тое, у ранейшым рэжыме – па суботах, а па папярэднім запісе можа працаваць і ў іншыя дні тыдня. Такая магчымасць папарыцца ў сваё задавальненне з’явілася ў аматараў лёгкага пару пасля таго, як лазню ўзяў у арэнду на бязвыплатнай аснове мясцовы жыхар Васіль Філіпчык. Да яго мы і завіталі на днях, каб на свае вочы ўпэўніцца, ці варта займацца лазневым бізнесам у вёсцы. 


Васіль Філіпчык працуе вадзіцелем у філіяле “Аўтамабільны парк №14 г. Івацэвічы” ААТ “Брэстаблаўтатранс”. А з сёлетняга года ён стаў яшчэ і прадпрымальнікам, узяўшы ў арэнду вясковую лазню. 
Будынак яе выглядаў звонку дагледжаным. Арандатар, які пад’ехаў да лазні на ўласным аўто амаль разам з намі, падчас агляду аб’екта паказаў нам стос аформленых дакументаў, сярод якіх не толькі дагавор арэнды, а і рэгістрацыя ІП, заключэнне медкамісіі, што ён здаровы, заканадаўчыя акты, патрабаванні санэпідстанцыі, нормы расходу вады… Унутры памяшкання было цёпла, хаця пасля лазневага дня прайшло двое сутак. Па ўсім відаць, што памяшканне знаходзіцца ў гаспадарскіх руках. 

– Арэнда лазні мною аформлена з лютага сёлетняга года, – кажа Васіль Мікалаевіч. – Пакуль што яшчэ нічога не змянілася, акрамя таго, што вярнулі ранейшы графік работы: палім лазню не праз тыдзень, а штотыдзень па суботах, так, як было раней. Крыху падоўжылі час для наведвання лазні для жаночай паловы: не з 14 гадзін да 17, як было раней, а з 12 гадзін. Нарыхтавалі пра запас дроў на распал, на паленне і на падтрымку набранай тэмпературы. Купілі з дзясятак новых тазоў, а пад лета зоймемся рамонтам. Хочацца, каб было дзе не толькі папарыцца і памыцца, а і была зона для адпачынку. Заўзятыя парыльшчыкі, а я і сам з той жа кагорты, ведаюць толк у лазневай справе і любяць 
пад гэтую справу весці размовы сваёй кампаніяй. Памяшканне лазні па плошчы дазваляе стварыць такі пакой адпачынку. Хочацца, каб у ім было камфортна пасядзець, папіць гарбаты, паглядзець тэлевізар.

Сапраўды, спакон веку ў славян лазня была месцам, дзе можна не толькі памыцца, а і аздаравіцца, ды яшчэ пагаманіць, расслабіцца пасля працоўных будняў. Лазня ў в. Воля карысталася попытам заўсёды, пачынаючы з моманту пабудовы, а гэта значыць, з 1967 года. Калі яна належала яшчэ мясцовай гаспадарцы, у ёй дзейнічала адначасова два аддзяленні: мужчынскае і жаночае, і можна было адначасова ўсёй сям’ёй рабіць “паход у лазню”. Сэнс быў у тым, каб яна працавала ў штодзённым рэжыме, і можна было любому трактарысту пасля работы ў полі зайсці і змыць пыл і бруд пасля працоўнага дня. Быў час, калі жаночае аддзяленне закрылі і на месцы яго пабудавалі басейн, каб можна было “цывільна” пасля парылкі акунуцца ў прахалодную ваду і атрымаць зарад бадзёрасці. Але з часам утрыманне басейна стала накладным, прыйшоў час, калі грошы сталі лічыць, 

і лазні сталі цяжарам для гаспадарак. Калі лазню перадалі камунальнікам, басейн ужо не працаваў і тую частку закрылі. Дзясятак гадоў таму паліць лазню прапанавалі Васілю Мікалаевічу і яго жонцы Таццяне Віктараўне Філіпчыкам, якія раздзялілі гэтую ношу па палове стаўкі. 
Філіпчыкі да работы адносіліся шчыра, палілі лазню так, каб людзі заставаліся задаволенымі. Сюды папарыцца сталі прыхо-
дзіць як мясцовыя жыхары,  так і прыязджалі аматары лёгкага пару з райцэнтра. І, як казаў арандатар лазні Васіль Філіпчык, кантынгент пакуль не змяніўся. Едуць сюды папарыцца тыя ж у асноўным людзі, якія ездзілі і раней. Мо, недзе ёсць і лепшыя лазні, але пастаянным кліентам падабаецца менавіта лазня ў в. Воля. 

У нашым раёне маецца 31 лазня, з іх 27 месцяцца ў сельскай мясцовасці. Раней яны поўнасцю датаваліся з дзяржаўнага бюджэту, потым быў час, калі датацыі зменшыліся напалову, а ў мінулым годзе паслугі лазні былі выключаны з пераліку сацыяльна значымых. Датацыі з таго часу былі адменены, а лазні пераведзены на самаакупнасць. 

Сабекошт памыўкі на аднаго чалавека быў роўны 8,32 рубля, і камунальнікі вымушаны былі падняць цану з 1,70 да 3,99 рубля. Гэтая вымушаная мера прывяла да таго, што наведвальнікаў стала значна менш, а камунальнікі сталі цярпець яшчэ большыя страты. Спрабавалі, каб вырашыць праблему, перавесці на скарочаны рэжым работы – палілі лазні праз тыдзень, але гэта не падабалася пастаянным наведвальнікам, якія настойліва скардзіліся. Каб пазбегнуць канчатковага закрыцця лазняў у сельскай мясцовасці, быў прыняты ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які дазваляе перадаваць лазні ў сельскай мясцовасці ў бязвыплатнае карыстанне.  

– Вось учора мы працавалі тут усёй сям’ёй: я, жонка, дачка, сыны, нявестка, унук, – расказвае Васіль Філіпчык. – Хто дровы складваў, хто выграбаў смецце, хто мыў памяшканне – усім справа знайшлася. Дзякаваць Богу, сям’я дапамагае. Сыны Аляксандр і Міхаіл летам абкошваюць тэрыторыю, зімой чысцяць ад снегу, з дровамі дапамагаюць упраўляцца, а дачка Анастасія, нявестка і жонка больш шчыруюць у памяшканні лазні. Перад кожнай памыўкай і пасля яе ўсё трэба перамыць, апрацаваць дэзінфекцыйнымі сродкамі. 
– Дык чаму імкнуцца прыязджаць у Вашу лазню, ці ёсць які сакрэт?
– Бывае, чалавек прывыкае да тэмпературнага рэжыму парылкі, паху. Бывае, складваецца цікавая кампанія аднадумцаў, з якімі можна абмеркаваць свае захапленні. А іншым падабаецца, што ў нашай лазні не настылыя сцены – памяшканне мы праграваем праз дзень, каб захоўвалася лёгкая цеплыня і не перамярзала ацяпленне. У сярэднім на лазневыя дні на месяц трэба два прычэпы дроў. Зімой, вядома, больш. 
– І колькі каштуе білет?
– Пяць рублёў. Менш не магу. Калі лічыць затраты, то справа выходзіць не такой і таннай. За два прычэпы дроў трэба заплаціць 200 рублёў, а яшчэ трэба прывезці дровы, пакалоць, скласці… А дадаць расходы па вадзе, па электрычнасці, на пральныя сродкі… Добра, калі наведвальнікаў дзясяткі тры. Але ж столькі не заўсёды бывае. І сродкі трэба ўкладваць на рамонт будынка, апошні рамонт быў гадоў сем назад. Вокны паставіць пластыкавыя не памяшала б, сайдынгам абабіць прадбаннік… 
– Асабіста для Вас лазня – гэта занятак па душы?
– Вядома. Я сам заўзяты парыльшчык. Акрамя таго, мне, пэўна, наканавана прадаўжаць справу сваіх продкаў. Па мацярынскай лініі дзед паліў лазню ў Рацькавічах, а па бацьку дзед працаваў вадзіцелем на аўтобусе. Так што я прадаўжаю іх справу: і вадзіцель аўтобуса, і лазеншчык у адной асобе. 

Васіль Мікалаевіч, па ўсім відаць, новай справай задаволены. Яна яму па душы. З задавальненнем ён расказваў, як трэба парыцца, каб не нашко-
дзіць здароўю.
– Дылетанта ў гэтай справе бачна адразу, – кажа ён. – Такі чалавек перш-наперш бяжыць у парылку і парыцца з венікам. А трэба не спяшацца. Памыцца напачатку, а потым добра прагрэцца на сярэдніх паліцах, а венік апусціць у ваду распарвацца. Тады ўжо за трэцім-пятым заходам перайсці на паліцы вышэй і венікам паганяць пару і наталіць цела “масажам”. Прычым, абавязкова ў парылцы галаву трэба трымаць у шапцы і рукі – у рукавіцах. І праз 5-7 хвілін перапынкі рабіць, каб папіць гарбаты ці таго ж бярозавіку. Многія мае кліенты прыязджаюць 
кампаніямі і парацца па 2-4 гадзіны. Спалучаюць карыснае з прыемным пэўным рытуалам. 
– А венікі Вы не прапаноўваеце?
– Венікі не такая ўжо і простая справа. Трэба ведаць тэхналогію іх нарыхтоўкі. Калі не ў тую пару звязаны венік, то яго хапае толькі на адну, дзве памыўкі. Важна яшчэ, з якога дрэва галінкі. Каму падабаецца з канадскага клёна, каму дубовыя, а каго задавальняюць і бярозавыя. 

Узялі ў арэнду мужчыны з прадпрымальніцкай жылкай таксама лазні ў вёсках Аляксейкі і Гошчава. У Гошчаве пражывае болей за 700 чалавек, а ў цэлым на тэрыторыі Стайкаўскага сельсавета знаходзіцца 10 населеных пунктаў, у якіх у агульнай колькасці пражывае болей за тры тысячы чалавек. Так што перспектыва развіцця ёсць і ў Сяргея Гойшыка, які ўзяў у арэнду гошчаўскую лазню, і ў Андрэя Селівончыка, які арандуе лазню ў Аляксейках.

Размаўляючы з жыхарамі глыбінкі, давялося пачуць, што многія хацелі б будаваць грандыёзныя планы ў адносінах да лазневага бізнесу. І басейны б аднаўлялі, і прыцягвалі б наведвальнікаў шашлыкамі, прыгатаваным сваімі рукамі квасам. Але легальна гэта рабіць адважыцца мала хто. Чаму? А таму, што санітарныя патрабаванні да такога бізнесу вельмі строгія. Каналізацыя і вентыляцыя павінны быць ледзь не прамысловымі, вада, калі басейн, – праточнай. Для аддзелкі можна прымяняць толькі матэрыялы, якія маюць пасведчанне аб гігіенічнай рэгістрацыі. Дэзінфекцыйныя сродкі павінны быць у закрытых ёмістасцях з назвай рэчыва на этыкетцы і датай вырабу. Увесь інвентар для ўборкі – пранумераваны. Плюс аптэчка… І ўсе работнікі бані абавязаны насіць спецадзенне. Калі ўсё гэта выконваць, то не застаецца нічога жывога, таго асаблівага духа, за які кліенты гатовы плаціць і цэняць лазні.  Ды і ўлічваць даходы, магчымасці гаспадароў трэба, каб у сяльчан не адбіваць ахвоту адраджаць добрыя традыцыі і аказваць запатрабаваныя паслугі вясковым людзям, асабліва ў тых вёсках, дзе няма газаправодаў, водаправодаў. Патрабаванні павінны быць, але добра было б, каб у будаўніцтве і рамонце лазняў яны насілі не абавязковы, а рэкамендацыйны характар, казалі людзі. Тады, хто ведае, мо, расток эканамічнай актыўнасці вясковага насельніцтва ўмацаваўся б і пачаў сваё развіццё. 

…У Васіля Філіпчыка многа задумак. І накіраваны яны не толькі на тое, каб людзям было танна і зручна памыцца, а адначасова аздаравіцца, зняць стрэс ад напружанага працоўнага рытму і прыемна, з карысцю правесці вольны час. Задумкі патрабуюць фінансавых укладанняў і добрага ведання заканадаўчай базы. І арандатар вывучае ўсё, падлічвае па-гаспадарску… Было б добра, каб лазня ў в. Воля стала прыватнай у бліжэйшыя гады і ахвота да гэтай справы ў Васіля Мікалаевіча не прайшла, а стала сямейным бізнесам сям’і Філіпчыкаў.
Валянціна БОБРЫК. 
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий