Лес вырошчваюць па новых тэхналогіях

31 марта 2017 - Administrator
article3056.jpg

 ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас” стаў пераможцам у раённым спаборніцтве сярод арганізацый за дасягненне лепшых вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Івацэвіцкага раёна за 2016 год у важнай намінацыі: за дасягненне лепшых паказчыкаў па выкарыстанні інвестыцый у асноўны капітал сярод арганізацый усіх сфер вытворчасці і форм уласнасці. Калектыў, якім кіруе Вікенцій Койпаш больш за дзясятак гадоў, узнагароджаны Ганаровым пераходным сцягам, граматай райвыканкама і грашовай прэміяй. З дырэктарам ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас” Вікенціем Станіслававічам Койпашам наша сённяшняе інтэрв’ю.


– Вікенцій Станіслававіч, інвестыцыі ў лясную гаспадарку – важнейшы кірунак развіцця лясной прамысловасці. У рамках дадзенага кірунку ажыццяўляецца мадэрнізацыя лесагаспадарчай вытворчасці шляхам яе тэхнічнага і тэхналагічнага перааснашчэння. Скажыце, у што ўкладзена большая частка інвестыцый?
– Прыцягненне інвестыцый і тэхнічнае пераўзбраенне – адзін з асноўных кірункаў дзейнасці лясгаса. У рамках рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы  2016 года лясгасам прыцягнена было 1091 тыс. руб. інвестыцый у асноўны капітал. Тэмп росту да папярэдняга года склаў 417,4 працэнта. За ўласныя сродкі, якія зарабілі лесагаспадарчай дзейнасцю, у мінулым годзе мы набылі праполачны механізм “Фобра”, які выкарыстоўваецца пры вырошчванні пасадачнага матэрыялу для стварэння новых лясоў, абнавілі машынна-трактарны парк, купілі сартыментавоз для вывазу драўніны, аўтамабіль “Ніва”, спецыяльныя матацыклы для арганізацыі наземнага патрулявання ў мэтах аховы лесу. Для аховы лясоў ад пажараў адчувальна ўмацавана тэхнічная аснашчанасць: набылі некалькі эфектыўных сістэм відэаназірання, і цяпер уся тэрыторыя Івацэвіцкага лясгаса праглядваецца па іх, яшчэ набылі мотапомпы і іншае абсталяванне для папярэджвання і тушэння лясных пажараў. Для работы ў рубках догляду купілі бензапілы, кустарэзы і іншы інструмент. Для развіцця экатурызму ў лесапаляўнічым комплексе пабудавана лазня з більярднай. Праведзена рэканструкцыя Арлянскага лясніцтва, пабудаваны гаражы для тэхнікі Козіцкага лясніцтва. 

– Патрэбы эканомікі краіны ў драўнянай сыравіне растуць з кожным годам. Гэта выклікае занепакоенасць, што мы пакінем нашчадкам?
– Лес з’яўляецца адным з асноўных узнаўляемых прыродных рэсурсаў і важнейшым нацыянальным багаццем. Па радзе ключавых паказчыкаў, якія характарызуюць лясны фонд, Беларусь уваходзіць у першую дзясятку лясных дзяржаў Еўропы. Лясныя рэсурсы маюць вялікае значэнне для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, забеспячэння яе эканамічнай, энергетычнай, экалагічнай і харчовай бяспекі. Працаўнікі нашага лясгаса, як і ў цэлым лесапрамысловага комплекса краіны, забяспечваюць узнаўленне, ахову і абарону лясоў, развіццё інфраструктуры ляснога фонду і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў. Штогод мы ў поўным аб’ёме выконваем план па лесааднаўленні і лесаразвядзенні на землях ляснога фонду. Садзіцца штогод больш за 300 гектараў лесу. Мы сочым за станоўчай дынамікай адносна высеквання лясоў і іх стварэння. У асноўным мы ажыццяўляем лесаўзнаўленне тых участкаў, на якіх вяліся высечкі, здараліся пашкоджанні насаджэнняў неспрыяльнымі фактарамі надвор’я, пажарамі і г.д. Калі не правесці такія мерапрыемствы, то зямля будзе неэфектыўна выкарыстоўвацца ці яна можа зарасці малакаштоўнымі драўнянымі пародамі, што яшчэ горш. Мы ж павінны арыентавацца на вырошчванне мэтавых драўняных парод, тых, што найбольш спрыяльна адпавядаюць кліматычным і глебавым умовам на пэўнай тэрыторыі. Сёння значная высечка вядзецца па санітарным стане. Гадоў з дзясятак таму не толькі мы, а ўся Еўропа сутыкнулася з праблемай засыхання ельнікаў, цяпер сталі засыхаць сасоннікі, санітарныя рубкі вядуцца ўздоўж дарог, населеных пунктаў, на бураломах. Акрамя таго, сіламі нашага лясгаса больш за 50 гектараў лясных культур сасны створана на тэрыторыях Чэрвеньскага лясгаса, якія пацярпелі ад ліпеньскіх мінулагодніх ураганаў, а сёлетняй вясной пасадзілі лесу яшчэ 30 гектараў у Смалявіцкім раёне. Тэрыторыю нашага лясгаса ўраган зачапіў нязначна, і там таксама створаны лясныя культуры на высечках. Прывяду ў прыклад яшчэ адзін паказчык для поўнай нагляднасці – лясістасць (гэта адносіны плошчы земляў, пакрытых лесам, да агульнай тэрыторыі краіны). Калі ў 1995 годзе лясістасць па Івацэвіцкім лясгасе (а тэрыторыя лясгаса займае частку Івацэвіцкага і Бярозаўскага раёнаў) у цэлым складала 37,7 працэнта, то сёлета – 42,4 працэнта. Па краіне лясістасць складае 39,6 працэнта (для параўнання, у пасляваенныя гады быў 21 працэнт).

– Дарэчы, якія новыя тэхналогіі прымяняюцца сёння ў вырошчванні лесу?
–  Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь распрацавана і будзе дзейнічаць да 2020 года галіновая праграма па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. Яна накіравана на арганізацыю вырошчвання якаснага пасадачнага матэрыялу з мэтай эфектыўнасці лесаўзнаўлення і лесаразвядзення на аснове фінскага вопыту. Для дасягнення гэтай мэты ў Івацэвіцкім лясгасе вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу ўжо не першы год вя-
дзецца па новай тэхналогіі. Сёлета на базе лясгаса будзе рэалізоўвацца інвестпраект па будаўніцтве комплекса па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. Магутнасць яго 2 мільёны 330 тысяч сеянцаў. Сёння за год мы можам вырасціць такім метадам максімальна 350 тысяч сеянцаў і забяспечыць 15 працэнтаў плошчаў стварэння ўсіх лясных культур. У рамках праекта, які будзе ажыццяўляцца на базе Івацэвіцкага лясгаса, прадугледжана будаўніцтва чатырох цяпліц з аўтаматычным рэгуляваннем клімату, абсталяваннем для паліву і ўнясення пазакаранёвых падкормак на палі закальвання (дарошчвання), з мініметэастанцыяй, з аўтаматычнай лініяй па запаўненні касет субстратам і высевам насення, з абсталяваннем па мыцці і дэзынфекцыі касет. 

– Якія асаблівасці мае вырошчванне пасадачнага матэрыялу па новых тэхналогіях?
–  Як у любой справе вырошчвання расады важна, каб быў якасны грунт, так і па тэхналогіі вырошчвання пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай важным этапам з’яўляецца прыгатаванне субстрату для высеву насення ў касеты. Пры высеве насення павінен выкарыстоўвацца, як правіла, селекцыйны, не ніжэй першага класа якасці пасяўны матэрыял асноўных лесаўтваральных парод. Для вырошчвання пасадачнага матэрыялу, адаптаванага да росту на лесакультурнай плошчы, неабходна яго закальваць. Гэта значыць касеты з сеянцамі з цяплічных умоў пераносяцца на адкрытае паветра. Праз месяц пасля атрымання здаровых устойлівых сеянцаў, касеты ўстанаўліваюцца на палі дарошчвання, якія па плошчы павінны быць удвая большымі за цяпліцы, а для вырошчвання елкі еўрапейскай – у чатыры. Палі дарошчвання павінны мець не толькі сістэму паліву і падкормак, а і сістэму зацянення сеянцаў ад пападання прамых сонечных промняў. 

– За гэтай тэхналогіяй будучае?
– Дадзены кірунак вырошчвання пасадачнага матэрыялу ў розных краінах свету ахоплівае дзесяцігоддзі вопытаў, якія мелі як станоўчы, так і адмоўны вынік. Укараненне практыкі вырошчвання пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай у замежжы вядзецца цяпер вельмі актыўна, і такім чынам ствараюцца ўсё большыя плошчы лясных культур. Аб’ёмы будуць нарошчвацца і паказчыкі ў гэтым кірунку будуць набліжацца да ўзроўню, дасягнутага краінамі з інтэнсіўным вядзеннем лясной гаспадаркі. А да 2020 года ў Беларусі павелічэнне ўдзельнай вагі стварэння лясных культур пасадачным матэрыялам з закрытай каранёвай сістэмай будзе не меней чым да 30 працэнтаў ад агульнай штогадовай плошчы пасеву і пасадкі лесу. Такога аб’ёму якаснага матэрыялу хопіць і краіне, і будзе што пастаўляць на экспарт.

– Якая работа вядзецца сярод моладзі, каб выхаваць у ёй беражлівыя адносіны да прыроды?
– Нядаўна прайшоў школьны этап абласной акцыі “Дапаможам птушкам”. Вучні ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” перадалі лясгасу болей за сотню кармушак і шпакоўняў. Для іх была праведзена экскурсія па дэндрапарку, па лесанасенным цэху. На базе ДУА “СШ №3 г.Івацэвічы” працуе школьнае лясніцтва “Зялёны квартал”. Вучні гэтай школы частыя госці лясгаса, сумесна з імі ствараецца экалагічная сцежка. Напачатку навучальнага года мы гэтым дзецям падарылі форму лясной аховы і адбылося пасвячэнне вучняў у леснікі. Праводзяцца таксама юніёрскія конкурсы, пераможцамі якіх на рэспубліканскім узроўні становяцца нашы падапечныя. Праводзяцца акцыі “Расці, лес!”, “Тыдзень лесу”, актыўнымі ўдзельнікамі якіх з’яўляюцца выхаванцы ДУ “Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці”  і іншыя мерапрыемствы.

– А калі ў лесе з’яўляецца нядбайны чалавек, які смеціць, наносіць урон прыродзе?
– Лясная ахова вядзе ўстаноўку фотапастак, з дапамогай якіх можна знайсці тых, хто парушае закон. Новыя тэхналогіі дазваляюць знайсці і зафіксаваць парушальніка і прыцягнуць яго да адказнасці. Фотапасткі не маюць пастаяннай прапіскі, а перамяшчаюцца туды, дзе часцей узнікаюць несанкцыянаваныя звалкі смецця. Фотаздымак па электроннай пошце адразу накіроўваецца работнікам лясгаса, якія прыма-
юць рашэнне аб рэагаванні па кожным канкрэтным выпадку.

– Наколькі значна пераемнасць пакаленняў для прадпрыемства? 
– У нас працуюць прадстаўнікі не адной дынастыі. Дынастыя сям’і Савіцкіх, напрыклад, налічвае шэсць членаў сям’і, якія працавалі і працуюць у лясгасе. Ёсць дынастыя Бакіевічаў, Харковічаў, Кацекіных і іншыя. З пашанай мы ставімся і да ветэранаў працы. 13 сакавіка споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння ветэрана лясной гаспадаркі, былога міністра лясной гаспадаркі, узнагароджанага нагрудным знакам “Ганаровы лесавод”, Георгія Андрэевіча Маркоўскага. Ён з 1960 па 1965 гады ўзначальваў адно з лясніцтваў Івацэвіцкага лясгаса. Пад яго кіраўніцтвам ствараліся лясныя культуры, праводзіўся догляд, вялася нарыхтоўка драўніны і хвойнай лапкі. У гэты дзень наведала лясніцтва дэлегацыя калег на чале з першым намеснікам міністра лясной гаспадаркі краіны Аляксандрам Куліком і сваякі Георгія Андрэевіча. 

– Ці практыкуецца абмен вопытам?
– Вядома. Мы бываем у іншых лясгасах, ездзім па вопыт у Расійскую Федэрацыю, у Польшчу, да нас прыязджалі калегі з Украіны, летась былі з Польшчы спецыялісты рэгіянальнай дырэкцыі дзяржаўных лясоў Беластока. Яны наведалі лесанасенны цэнтр, пазнаёміліся з работай шышкасушылкі, пасяўнымі аддзяленнямі, вырошчваннем дэкаратыўнага матэрыялу і падзяліліся вопытам вырошчвання пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. 
Гутарыла Валянціна БОБРЫК. 
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА 
і з архіва прадпрыемства.
Комментарии (0)
Добавить комментарий