Мехдвор ААТ “Святая Воля” – лепшы ў вобласці

18 апреля 2017 - Дарья Вдовина
article3089.jpg
Добрая навіна прыйшла ў раён: па выніках абласнога агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да работы ў зімовых умовах і машына-трактарных паркаў да палявых работ 2017 года першае месца прысуджана ААТ “Святая Воля”. Гаспадарка ўзнагароджана Ганаровай граматай Брэсцкага аблвыканкама і грашовай прэміяй у памеры 2000 базавых велічынь. 
 
Прэмія ўзняла настрой калектыву гаспадаркі і было прынята рашэнне распарадзіцца ёй наступным чынам: 10 працэнтаў прэміі накіравалі на заахвочванне ўсіх, хто меў дачыненне да работ па падрыхтоўцы мехдвара – механізатараў, будаўнікоў, спецыялістаў і работнікаў адміністрацыі, якія правялі ўсе фарбавальныя работы. За прэмію аплацілі першы ўзнос за новы збожжаўборачны камбайн “Палессе”, узяты ў лізінг, і набылі перасоўную дойку з малакаправодам на жывёлагадоўчую ферму “Турная”. Дарэчы, ключы ад камбайна старшыня ААТ “Святая Воля” Уладзімір Любушак уручыў вопытнаму механізатару Аляксею Скарупічу.
Трэба сказаць, што мехдвор гаспадаркі варты такой узнагароды. Калі б ні прыехаў сюды, тут заўсёды сустракае парадак на тэрыторыі і рука гаспадара бачна ва ўсіх дробязях і дэталях. 
 
За сёлетнюю зіму ўласнымі сіламі – гаспадарчым спосабам пабудавалі новенькую прахадную з аўтастаянкай. У будынку ёсць асобны кабінет для вартаўніка, дыспетчара, спецыялістаў. Тут жа знаходзіцца малы зал для правядзення планёрак, абсталяваны будынак кацельняй і санвузлом. Праезд на тэрыторыю мехдвара праз шлагбаум, каля якога нас і сустрэў галоўны інжынер Васілій Брычкалевіч.  
 
Ён з загадчыкам мехмайстэрань Генадзем Бязверхім паказалі ўсё, што зроблена было на мехдвары апошнім часам для аблягчэння рамонтных работ і ўмоў працы. Найперш тут стараюцца для кожнай адзінкі тэхнікі пабудаваць сваё “жыллё”. Кожны трактар стаіць у сваім асобным боксе, а за гэтую зіму пабудавалі яшчэ 72-метровы гараж на 12 дзвярэй асобна для камбайнаў.  Цяпер уся тэхніка: 39 трактароў, 24 машыны і 5 камбайнаў, КЗРаў і Ягуар будуць захоўвацца ўзімку ў боксах. На адкрытай пляцоўцы для захавання тэхнікі ўсё стаіць роўна, пад лінеечку. Паўсюль шыльды з надпісамі-ўказальнікамі. 
 
Механізатары, а іх 37, і пяць слесараў, з якіх адзін матарыст, майстар-наладчык і аўтаслесар – сваімі сіламі выконваюць рамонтныя работы любой складанасці. У такарным цэху шчыруе Раман Дзядзёма. Умовы працы створаны для людзей добрыя: ёсць пакой для прыёму ежы, душавыя, кабінет па ахове працы. Для абагрэву памяшканняў ёсць кацельня на прахадной і кацельня, якая ацяпляе бытавыя памяшканні. У планах – купіць новы кацёл, каб захапіць ацяпленне майстэрань, якія абаграваюцца пакуль печкай, і пункт ТА, які плануецца таксама абсталяваць. 
 
Тэрыторыя мехдвара забетаніравана таксама сваімі сіламі. Для гэтага тут ёсць два бетоназмешвальнікі, вібрарэйка. На нашых вачах невялікая пляцоўка каля будынка прахадной была забетанавана за нейкія паўгадзіны – роўненька, акуратна. Ёсць на тэрыторыі яшчэ некалькі ўчасткаў, якія будуць забетанаваны ў бліжэйшы час, і ёсць зялёны астравок з туямі і зялёнымі насаджэннямі.
 
З задавальненнем загадчык мехмайстэрань Генадзь Бязверхі са слесарам Віктарам Паўлоўскім паказвалі работу новай шынамантажнай устаноўкі.
– Ні рукамі, ні кувалдай цяпер махаць не трэба, – казаў Генадзь Анатольевіч. – 20 хвілін – і кола ці грузавой, ці сельскагаспадарчай машыны разабрана, заклеена і назад пастаўлена. Націскай толькі на кнопкі.
 
Сапраўды, вартая ў гаспадарцы ўстаноўка. Яшчэ закуплена абсталяванне для балансіроўкі колаў. І ў гэтым, і ва ўсім – гаспадарскі падыход і эканомія сродкаў. 
 
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий