Меліярацыя – справа адказная, ды маладым па плячы

2 июня 2017 - Administrator
article3206.jpg

 Меліяратыўныя каналы дастаткова густа пакрываюць тэрыторыю раёна. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня меліяратара, мы пабывалі ў ДУП “Івацэвіцкае ПМС”, а потым на аб’екце “Рэканструкцыя меліяратыўнай сістэмы “Вялікая Гаць”, які знаходзіцца на землях ААТ “Святая Воля” і на аб’екце “Рамонт меліяратыўнай сістэмы “Світанак”, які знаходзіцца ў межах ААТ “Перамога”. 

 У сістэме меліяратыўных арганізацый вобласці івацэвіцкі калектыў меліяратараў штогод займае лідзіруючыя пазіцыі. У 2015 годзе, напрыклад, Івацэвіцкае ПМС заняло першае месца ў абласным спаборніцтве і было занесена на абласную Дошку гонару, а па выніках мінулага года івацэвіцкія меліяратары займаюць чацвёртую пазіцыю сярод 16 меліяратыўных прадпрыемстваў вобласці. 


У многім поспех прадпрыемства залежыць ад граматнага і вопытнага кіравання калектывам. Сёлета 6 жніўня споўніцца 30 гадоў, як Івацэвіцкае ПМС узначаліў Міхаіл Дзядок, а 17 жніўня дырэктару можна адзначаць яшчэ адзін працоўны юбілей – 40-годдзе, як пачаўся яго працоўны шлях у гэтым калектыве з пасады тэхніка-гідратэхніка. 
На яго думку, працаваць было цікава як у савецкі час, так і цяпер. Тады было шмат ручной работы, цяпер – каласальныя аб'ёмы па плячы, дзякуючы шматаперацыйнай, зручнай у кіраванні і высокавытворчай тэхніцы і механізмам. І сёння важна не толькі захаваць усё тое добрае, што было зроблена папярэднімі пакаленнямі меліяратараў, а і на аснове далейшага ўдасканалення тэхнічнага ўзроўню меліярацыйных сістэм павышаць прадукцыйнасць меліяраваных земляў. Дзякуючы таму, што прэзідэнт краіны звярнуў своечасовую ўвагу на меліярацыю, галіна народнай гаспадаркі, якая займаецца карэнным паляпшэннем земляў, глебаў, ландшафтаў для сельскагаспадарчых, іншых гаспадарчых і прыродаахоўных мэт, змагла працягнуць шлях развіцця. І цяпер увага ўрада застаецца адчувальнай – меліяратыўныя арганізацыі атрымліваюць фінансавую падтрымку з бюджэта краіны.

Як адзначыў дырэктар Івацэвіцкага прадпрыемства меліяратыўных сістэм Міхаіл Дзядок, у цэлым на сёлетні год запланавана выканаць аб’ём работ на суму 3 млн. 519 тыс. рублёў. На сённяшні дзень дагаворы на выкананне работ заключаны на суму 2 млн. 921 тыс. рублёў, на астатні аб’ём трэба яшчэ шукаць аб’екты. “І складанасць не ў тым, што работы няма, аб’ектаў многа, – кажа дырэктар, – але застаецца праблемай заключыць дагавор з папярэдняй аплатай, каб не аказацца ў цісках неплацяжоў за выкананую работу”. 

Сярод буйнейшых аб’ектаў, якія ўдаецца “выхапіць” за мяжой раёна – Астравецкая атамная электрастанцыя, аўтадарога Мінск-Гродна, дзе івацэвіцкія меліяратары працавалі на працягу трох месяцаў сёлетняга года. Ёсць аб’екты ў Івацэвіцкага ПМС і ў нашым раёне. Сярод іх – “Рэкан-
струкцыя меліяратыўнай сістэмы “Вялікая Гаць” у ААТ “Святая Воля”, “Рамонт меліяратыўнай сістэмы “Світанак” у ААТ “Перамога” і ААТ “Аброўскі”. 
Тэхніка, матэрыялы і паліва ёсць, але сённяшняе становішча спраў не дазваляе набываць новую тэхніку, якую яшчэ некалькі гадоў назад можна было купляць без хвалявання, калі аб’ёмы работ выконвалі ўдвая большыя. Па праўдзе кажучы, і тая тэхніка, што ёсць, не загружана на поўную моц. Прыкладна 80 працэнтаў аб’ёмаў работ, якія выконваюць меліяратары, адносяцца да профільных – меліяратыўных. Астатнія тычацца будаўніцтва, дарожных работ, забеспячэння водапаніжэння, ліўнёўкі, каналізацыйных  і іншых відаў работ…
 
Адна з адметнасцяў Івацэвіцкага прадпрыемства меліяратыўных сістэм – маладыя кадры. Пасля правядзення аптымізацыі тут засталося працаваць 130 чалавек. На 95 працэнтаў калектыў малады, з сярэднім узростам работнікаў 35-40 гадоў. Міхаіл Георгіевіч казаў, што за апошнія гады было ўзята на работу 16 маладых спецыялістаў. З іх толькі адзін застаўся працаваць далей. Затрымліваюцца, на яго думку, толькі тыя, якія родам з нашых мясцін, астатнія адпрацоўваюць тэрмін і з’язджаюць у свае раёны. 

Сярэдняя зарплата па прадпрыемстве – 650 рублёў, а ў экскаватаршчыкаў і бульдазерыстаў, у ІТР-аўцаў яна яшчэ большая. Сярод лепшых прагучалі прозвішчы экскаватаршчыкаў Паўла Лося, Пятра Жабінскага, Віталія Раманчука, электразваршчыка Івана Палуяновіча, механізатараў братоў Васіля і Аляксея Кулінічаў, начальніка ўчастка Сяргея Гацуковіча, вядучага спецыяліста Сяргея Філюціча, інжынера-механіка Уладзіміра Грыцэвіча. 

На аб’ектах “Рэканструкцыя меліяратыўнай сістэмы “Вялікая Гаць” і “Рамонт меліяратыўнай сістэмы “Світанак” на землях адпаведна ААТ “Святая Воля” і ААТ “Перамога” шчыравалі экскаватаршчыкі Аляксандр Лось і Віталій Раманчук, механізатар энерганасычанага трактара МТЗ-30-22 з меліяратыўнымі дыскамі Васілій Кулініч, які дыскаваў плошчы пасля разраўнівання кавальераў, кустарэз Максім Мархель, які чысціў зарослы меліяратыўны канал.  
Назіралася высокая арганізацыя вытворчасці на кожным рабочым месцы, што дадавала якасці работ на ўсім ланцугу меліярацыйнага комплексу. Прымяненне высокаэфектыўнай тэхналогіі і высокавытворчай тэхнікі дае магчымасць справіцца з пастаўленымі перад прадпрыемствам задачамі ў вызначаны тэрмін. 
 
На здымку: экскаватаршчык Віталій Раманчук з начальнікам участка Сяргеем Гацуковічам на аб'екце РМС “Світанак”. 
Валянціна БОБРЫК. 
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий