На кірмашы вакансій

3 апреля 2017 - Administrator
article3059.jpg

 З мэтай інфармавання незанятых грамадзян раёна аб магчымасцях працаўладкавання, запатрабаванасці прадпрыемстваў, арганізацый раёна ў працоўных кадрах у будынку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама (Івацэвічы, вул. Брэсцкая, 12) 30 сакавіка прайшоў кірмаш вакансій для беспрацоўных і незанятых грамадзян.


Мерапрыемства пачалося з выступлення перад прысутнымі Людмілы Куцко, начальніка аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, якая звярнула ўвагу, што такая форма работы з незанятым насельніцтвам дазволіць беспрацоўным не хадзіць на прад-
прыемствы, не “лавіць” паасобку спецыялістаў аддзела занятасці, а сустрэцца з усімі на месцы. Акрамя гэтага, Людміла Куцко звярнула ўвагу, што існуе пералік відаў дзейнасці, які ажыццяўляецца па заяўніцкаму прынцыпу і не патрабуе рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, падкрэсліла, што рынак працы зараз “завостраны” на спецыялістаў. Да прыкладу, такая прафесія як грузчык сёння мала цікавіць наймальніка, а вось станочнікі дрэваапрацоўчых станкоў, якія маюць адпаведнае пасведчанне, патрабуюцца на прадпрыемствы розных форм уласнасці.

Са свайго боку Ларыса Шувалава, галоўны спецыяліст аддзела занятасці, падкрэсліла, што любы з беспрацоўных можа паспрабаваць сябе ў новай прафесіі, варта толькі прайсці навучанне, а служба занятасці ў гэтым дапаможа. Выступоўца звярнула ўвагу, што для мужчын, хто жадае знайсці працу, вакансій нямала, да прыкладу, у ААТ “Новыя Стайкі” патрабуюцца трактарысты-машыністы катэгорыі F, а навучанне на трактарыста-машыніста пачынаецца ўжо ў сярэдзіне красавіка, набіраюцца таксама групы на навучанне прадпрымальніцкай, рамесніцкай дзейнасці, цырульнікаў, кладаўшчыкоў, зноў-такі станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў, слесараў па рамонту аўтамабіляў, прадаўцоў, аператараў ЭВМ…
Пасля было знаёмства і гутаркі прысутных са спецыялістамі-кадравікамі філіялаў райспажыўтаварыства, філіяла “Экран”, са спецыялістамі службы занятасці. Многіх зацікавіла навіна, што ў верасні ў Івацэвіцкім філіяле ААТ “Экран” запрацуе новая лінія, дзе будзе працаўладкавана каля 40 чалавек…Увогуле, каля 70 беспрацоўных звярнуліся ў гэты дзень да спецыялістаў службы занятасці, да кадравікоў, якія прадстаўлялі прадпрыемствы раёна, атрымалі кансультацыі,   

– Мы, хутчэй за ўсё, працягнем практыку правядзення такіх кірмашоў-вакансій, міні-кірмашоў, – адзначыла напрыканцы Людміла Куцко. – Якія можна зрабіць высновы? На жаль, людзі не вельмі жадаюць ісці працаваць у сферу гандлю, хаця прадаўцы і вельмі запатрабаваны ў сістэме райспажыўтаварыства. Не магу не звярнуць увагу і на тое, што многія з  ліку беспрацоўных жадаюць мець ледзь не цяплічныя ўмовы, пры гэтым нічым асабліва не ахвяруючы і адначасова маючы вельмі няпростую біяграфію. І працоўная кніжка сведчыць, што такога работніка ўжо звальнялі за злоўжыванне алкаголем… Трэба і сябе перавыхоўваць;  Час стаў іншым, мадэль паводзінаў работніка павінна стаць іншай. 
Аляксандр ГОРБАЧ 
(фота аўтара).
Комментарии (0)
Добавить комментарий