Першыя тысячнікі раёна

15 августа 2017 - Administrator
article3357.jpg

 Сапраўдная “эстафета тысячнікаў” стартавала ў мінулую пятніцу, 11 жніўня, на палях нашага раёна. Адразу некалькі экіпажаў камбайнераў напярэдадні максімальна шчыльна наблізіліся да намалочаных тысячы тон зерня; розніца паміж прэтэндэнтамі была вельмі нязначнай. Найбольш паспяхова выступілі і ў гэтай “турнірнай табліцы” занялі адразу два першыя месцы экіпажы ААТ “Новыя Стайкі” – Сяргея Шынкевіча і Віктара Ярчака. 

Менавіта на поле гэтай гаспадаркі, дзе якраз працавалі героі жніва, 11 жніўня наведалася кіраўніцтва Івацэвіцкага райвыканкама, прафсаюза работнікаў АПК, тэхнічнай інспекцыі працы абласнога аб'яднання прафсаюзаў АПК…

– Дзякуючы за нялёгкую працу, за важкі ўнёсак у наш агульны каравай, хачу падкрэсліць: мы разумеем, што ваша праца – надзвычай адказная, важная і няпростая, – адзначыў у сваім выступленні перад пераможцамі і іншымі ўдзельнікамі жніва старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук, узнагародзіўшы камбайнераў граматамі. – Хоць і тэхніка сёння сучасная ў камбайнера, і кандыцыянеры ёсць у кабінах, тым не меней, нагрузка на вас кладзецца каласальная, і мы можам ганарыцца вамі, бо гэтыя цяжкасці вы не толькі вытрымліваеце, але яшчэ і перамагаеце ў раённым спаборніцтве…


Аляксандр Грыцук таксама звярнуў увагу работнікаў, што праз дзень-другі ўборка завяршыцца, але расслабляцца нікому не прыйдзецца – на палях і фермах работ шмат, тым болей, раён наведаў і яшчэ наведае кіраўнік краіны А. Р. Лукашэнка, таму і звяну кіраўнікоў, і кожнаму асобнаму працаўніку трэба максімальна адказна аднесціся да выканання сваіх абавязкаў.
Да слоў Аляксандра Грыцука далучыўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Палто, які падзякаваў калектыву камбайнераў ААТ “Новыя Стайкі”, падкрэсліў, што заслугоўвае павагі настойлівасць экіпажаў Шынкевіча і Ярчака, бо яны мелі добры задзел, ішлі ў групе лідараў жніва і трапна “выстралілі” менавіта ў апошні момант. Галоўны тэхнічны інспектар по ахове працы абласнога ўпраўлення Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Фядотаў таксама павіншаваў экіпажы Шынкевіча і Ярчака, адзначыў, што кіраўніцтва іх сельгаспрадпрыемства робіць усё для таго, каб здаровыя і бяспечныя ўмовы працы захоўваліся на аб’ектах, каб санітарна-бытавыя ўмовы былі належнымі, было двухразавае харчаванне...


Выступоўцы падарылі экіпажам камбайнераў, кветкі, вымпелы, грашовыя падарункі. Дарэчы, камбайнеры і памочнікі адзначылі супрацоўніку “ІВ”, што жніво ў бягучым годзе прайшло ў іх гаспадарцы ў сціслыя тэрміны (на момант віншавання тысячнікаў ААТ “Новыя Стайкі” ўбралі каля 97 працэнтаў ад усіх плошчаў збожжавых), што камбайны “Гомсельмаша”, на якіх яны працуюць, сур’ёзных нараканняў у рабоце не выклікаюць. Хаця тут важна тэхніку падрыхтаваць да жніва максімальна добра. “Як падрыхтуеш, так і працаваць будзеш, – падкрэсліў камбайнер Віктар Ярчак. – У сельгаспрадпрыемстве пяць камбайнаў, з ранку – усе пяць на полі. Адсутнасць ці паломка любога – гэта надзвычайная сітуацыя, робіцца ўсё, каб хутчэй яго адрамантаваць і накіраваць “у бой”. Працавала зладжана кожнае звяно, таму жніво прайшло хутка, дый надвор’е таму спрыяла”.

…У гэты ж дзень такая ж прыемная навіна прыйшла ў ААТ “Мілейкі”. Экіпаж Пятра Піскуна ў другой палове дня намалаціў тысячу тон зерня і стаў трэцім у раённым спаборніцтве. Віншавалі і ўзнагароджвалі Пятра Піскуна і Юрыя Галабурду старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Палто, якія выказалі падзяку мужчынам за тое, што ў такіх няпростых ўмовах, калі на вуліцы тэмпература даходзіць да 35 градусаў цяпла, аддаюць усе свае сілы, каб забяспечыць краіну хлебам. Пасля гэтай невялічкай урачыстасці зноў запрацаваў “КЗС 1218” – і экіпаж Пятра Піскуна накіраваўся ўбіраць хлебнае поле сельгаспрадпрыемства. Безумоўна, павагі і пашаны заслугоўваюць працаўнікі хлебнай нівы, хто ў полі з раніцы да вечара, хто аддае ўсе сілы, каб забяспечыць харчовую бяспеку краіны.
Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).                 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий