У Івацэвічах будуецца новы стадыён

9 августа 2017 - Administrator
article3352.jpg

 Папулярнасць футбола і здаровага ладу жыцця ўсё больш і больш узрастае. Гэта разумеюць і ў нашым раёне; так, бягучай восенню запланавана адкрыццё новага футбольнага стадыёна ў райцэнтры ў раёне вул. Механізатараў (непадалёку ад прафліцэя). Зараз на гэтым аб’екце шчыруюць працаўнікі ДУП “Івацэвіцкая ДБПМК-34”, многае зроблена, але работы яшчэ нямала... Супрацоўнік “ІВ” гутарыць з начальнікам ДБПМК-34 Дзянісам Слесарэнкам наконт таго, якім прадстане новы стадыён перад наведвальнікамі.


– Дзяніс Ігаравіч, наколькі праекціроўшчыкі і будаўнікі прытрымліваліся норм ФІФА? Іншымі словамі, ці можна будзе стадыён у Івацэвічах назваць еўраарэнай?
– Так, асноўныя параметры вытрыманы, як і многія іншыя нарматывы. Даўжыня футбольнага поля 102 метры, шырыня – 64 метраў, як і патрабуе ФІФА. Газон, разметка, вуглавыя сектары, вароты, якія хутка ўстановяць, – усё адпавядае патрабаванням. Карацей, мы рыхтуем Івацэвічам цудоўны падарунак. На гэтым стадыёне можна будзе праводзіць футбольныя гульні высокага рангу… Але гэта стадыён, дзе можна будзе спаборнічаць і ў шэрагу іншых спартыўных дысцыплін – у лёгкай атлетыцы, баскетболе (пляцоўка з поліўрэтанавым пакрыццём), пляжным валейболе, тут будуць вулічныя антывандальныя сілавыя трэнажоры, пляцоўка для заняткам папулярным сярод моладзі варкаўтам... Агульная плошча ўчастка, якія адведзены пад дадзены гарадскі стадыён – 4 гектары.   

– Некалі стадыёны будавалі прымітыўна: выраўнялі пляцоўку, засеялі траву – і гуляйце. Зараз патрабаванні больш сур’ёзныя…
– З улікам усіх сучасных патрабаванняў працавалі і мы, а гэта гарантуе, што газон не “аблысее” цераз пару гульняў, што тут не будуць стаяць лужы падчас дажджу. Карацей: быў выкапаны катлаван глыбінёй каля 65 сантыметраў, пасля чаго рабіўся “пірог”: пясок, гравійная сумесь каля 25 см, гранітны адсеў – усе гэтыя кампаненты, дарэчы, праходзяць лабараторны кантроль. Наверх паклалі штучнае травяное пакрыццё, з калібраваным кварцавым пяском і гумавай калібраванай крошкай. Знешні выгляд – цудоўны, упэўнены, футбалісты скардзіцца не будуць…

– Але футбольны стадыён – гэта не толькі газон…
– Значная ўвага – адміністрацыйна-бытавому будынку, дзе будуць раздзявальні на 22 месцы з душавымі і іншыя пакоі тэхнічнага забеспячэння – і на першым паверсе, і на другім… Тут будуць пакоі трэнераў, дырэктара стадыёна, нават каментатара з тэрасай, электроннае табло з дыстанцыйным упраўленнем, асвятленне, каб трэніравацца людзі маглі і вечарам.
Што тычыцца трыбуны для балельшчыкаў, то, як плануецца, гарадскі стадыён зможа прыняць 1 050 аматараў спорту – столькі прадугледжана месцаў на трыбуне.

…Будаўніцтва гарадскога стадыёна  падыходзіць да завяршэння. З  бюджэту на будаўніцтва было накіравана каля 16 мільярдаў недэмінаваных рублёў. 
Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ. 
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий