Вялікія справы малога бізнесу

30 июня 2017 - Administrator
article3264.jpg

Выязная 17-я сесія Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў 27-га склікання з павесткай дня “Аб уплыве прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу на фарміраванне даходнай часткі бюджэту, вытворчасці экспартнаарыентаванай прадукцыі, уцягненні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, аб рашэнні пытанняў занятасці насельніцтва і прымаемых мясцовымі органамі ўлады мерах па стварэнні ўмоў для далейшага яго развіцця” (на прыкладзе Івацэвіцкага раёна) прайшла ў мінулы панядзелак, 26 чэрвеня, на базе Івацэвіцкага раёна. 


У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Андрэй Клец, старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў вобласці, намеснікі старшынь райвыканкамаў, якія курыруюць пытанні эканомікі, кіраўнікі падраздзяленняў і службаў аблвыканкама, старшыні сельвыканкамаў Івацэвіцкага раёна, прадпрымальнікі.  

Адкрываючы сесію, якая пачала сваю работу ў вялікай зале Івацэвіцкага райвыканкама, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў адзначыў, што малое і сярэдняе прадпрымальніцтва Брэсцкай вобласці ўяўляе значны і вельмі перспектыўны сектар эканомікі, які ўносіць істотны ўклад у забеспячэнне эканамічнага росту. На ўліку ў падатковых органах Брэсцкай вобласці стаіць болей за 10 000 малых і сярэдніх арганізацый бізнесу, 32 000 індывідуальных прадпрымальнікаў. У гэтых сферах працуе больш за 183 000 чалавек – і гэта каля 30 працэнтаў ад занятых у эканоміцы Брэстчыны. Удзельная вага падатковых паступленняў ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў кансалідаваны бюджэт вобласці склала ў 2016-м годзе 30,8 працэнта ад агульных паступленняў, а ў першым квартале 2017-га года – 34 працэнты.
– Удумайцеся ў гэтыя лічбы, – звярнуў увагу дэпутацкага корпуса Сяргей Ашмянцаў. – Паступова прадпрымальніцтва ператварылася ў сур’ёзную сілу, яго падтрымка – справа дзяржаўнай важнасці, бо з дапамогай бізнесу мы папаўняем даходную частку бюджэту, уцягваем у гаспадарчы абарот маёмасць, якая не выкарыстоўваецца, ствараем новыя працоўныя месцы. Хацелася б убачыць, як узаемадзейнічае малы і сярэдні бізнес з органамі ўлады ў Івацэвіцкім раёне. Бо задача ўлады не толькі дапамагчы з адкрыццём бізнесу, але і наладзіць яго, так бы мовіць, “суправаджэнне”, каб прадпрымальнік увесь час адчуваў падтрымку з боку кіраўніцтва адміністрацыйных адзінак...

У гэтым пытанні не ўсе адназначна, падкрэсліў Сяргей Ашмянцаў. Чаму ў Ляхавіцкім, Ганцавіцкім, Маларыцкім, Столінскім, Лунінецкім раёнах самая нізкая ўдзельная вага падатковых паступленняў ад суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу? І ў той жа час у Івацэвіцкім, Бярозаўскім, Кобрынскім, Пінскім сітуацыя зусім іншая. Магчыма, органы ўлады на месцах не дапрацоўваюць, бо сёння, як падкрэслівае кіраўніцтва краіны, прадпрымальніка ці інвестара трэба, вобразна, браць за руку і не выпускаць з кабінета…
У ходзе выступленняў дакладчыкаў (сярод іх прадстаўнікі аблвыканкама, якія курыруюць малы бізнес, прадпрымальнікі-дэпутаты) і іх абмеркавання звернута ўвага на неабходнасць не дапускаць нават самых малых прыкмет валакіты і фанабэрыстых адносін да прадпрымальніцтва. Нельга чыноўніку жыць па прынцыпе: толькі б нічога не здарылася! На сённяшні дзень паспяховых гігантаў эканомікі Брэсцкай вобласці, як падкрэсліў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Андрэй Клец, можна пералічыць, у лепшым выпадку, на пальцах двух рук – “Івацэвічдрэў”, “Брэстгазаапарат”, “Атлант”… На месцы вытворчых плошчаў прадпрыемстваў, якія перажываюць не лепшыя часы, выраста-
юць новыя, якія ўтварыў бізнес – і мы проста абавязаны іх падтрымаць.  

Як ідзе работа па падтрымцы бізнесу на месцах? Пра гэта на прыкладзе Івацэвіцкага раёна расказаў у сваім дакладзе старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў А. Ф. Сарока:
– У Івацэвіцкім раёне зарэгістравана 292 арганізацыі сярэдняга і малога бізнесу, у іх ліку 52 – фермерскія гаспадаркі, ажыццяўляюць дзейнасць 913 індывідуальных прадпрымальнікаў, у гэтай сферы ўсяго працуе 6,6 тысячы жыхароў Івацэвіччыны, гэта 27,2 працэнта ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы раёна грамадзян. Віды дзейнасці самыя рознабаковыя, але найбольш – рознічны гандаль, грамадскае харчаванне, разам з тым, паступова павялічваецца колькасць прадпрымальнікаў, якія займаюцца вытворчасцю, транспартнымі паслугамі. Суб’ектам прадпрымальніцтва належыць значная роля ў развіцці ўсіх кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, назіраецца станоўчая дынаміка па шэрагу кірункаў – аб’ёмы вытворчасці, аб’ёмы прамысловай вытворчасці, тэмпы павышэння выручкі, чысты прыбытак. І галоўнае, удзельная вага падатковых плацяжоў малога і сярэдняга бізнесу ў кансалідаваны бюджэт раёна складае болей за 34 працэнты – вельмі сур’ёзны паказчык. Дынамічна развіваецца экспарт прадукцыі, тэмп росту за студзень-красавік 2017-га года – 120 працэнтаў або каля 2 мільёнаў долараў…

Павестка дня сесіі прадугледжвала і наведванне прадпрыемстваў Івацэвіччыны, якія сталі сапраўднымі флагманамі сярод прадпрымальніцтва раёна. Першым такім аб’ектам стаў СТАА “Профітсістэм” (на здымку 1). І трэба сказаць, удзельнікі сесіі былі моцна ўражаны тым, наколькі паспяхова дзейнічае прадпрыемства, як і тым, што каля 95-98 працэнтаў прадукцыі Івацэвіцкага філіяла накіроўваецца на экспарт. А між тым “Профітсістэм” уваходзіць у пяцёрку самых буйных еўрапейскіх вытворцаў прадукцыі свайго профілю, тут на 100 працэнтаў безадходная вытворчасць. Дэпутаты не маглі паверыць, што нават такі просты выраб, як лучына нарыхтоўваецца, вырабляецца, прыгожа запакоўваецца – і накіроўваецца на экспарт… Падчас наведвання ААТ “Косаўскае МВА” (на здымку 2) дэпутатам расказалі і паказалі, як праходзіла прыцягненне суб’ектаў прадпрымальніцтва на праблемнае раней прадпрыемства шляхам продажу дзяржаўнага пакета акцый, у выніку чаго удалося ўцягнуць у гаспадарчы абарот нявыкарыстаную маёмасць, рашыць пытанні з занятасцю насельніцтва… Дэпутаты прайшлі па вытворчых цэхах прадпрыемства, дзе кіпіць работа, што толькі сведчыць – тут працуюць паспяхова… У ходзе наведвання палацава-паркавага ансамбля “Марачоўшчына” ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з тым, як ідуць рэстаўрацыйныя работы, на практыцы даведаліся пра ролю і месца малога бізнесу ў развіцці інфраструктуры турыстычных аб’ектаў Івацэвіцкага раёна, для гасцей быў падрыхтаваны спектакль Івацэвіцкага народнага тэатра “Любоў навекі сэрцамі нашымі сагрэта”, праведзена экскурсія. 

Завяршылася сесія наведваннем ТАА “Гасціны двор” у Няхачаве, у ходзе якога дэпутаты пазнаёміліся з тым, як змаглі гаспадары аб’екта ўдыхнуць новае жыццё у аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны, вырашылі пытанні занятасці насельніцтва...    
 Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий