Філіял Рамонтна-маставое ўпраўленне РУП «Брэстаўтадар», ці РМУ, у наступным годзе адзначыць 10-гадовы юбілей. Між тым, некаторыя ўсё яшчэ блытаюць яго з ДЭУ № 2 або Мостабудам. РМУ – прадпрыемства, якое займаецца абслугоўваннем мастоў на рэспубліканскіх дарогах у Брэсцкай вобласці. Аналагаў яго ў Беларусі няма. Брэстчына шмат у чым першы рэгіён. Не дзіва, што менавіта ў нас сталі надаваць павышаную ўвагу рамонту мастоў, падтрыманню іх у належным стане, для чаго і стварылі асобнае ўпраўленне з больш шырокімі магчымасцямі, чым ёсць у ДЭУ. Час паказаў, што гэта быў правільны і своечасовы крок.
Прадпрыемства знаходзіцца ў в. Яглевічы (вул. В. Клютко, д. 10Б).
РМУ базіруецца ў Яглевічах і мае ўчасткі па ўсёй вобласці. Работы ў калектыву мора. 89 % крытычных дэфектаў, што выяўлены на рэспубліканскіх дарогах вобласці, тычацца мастоў, якіх, дарэчы, нямала – 418 агульнай працягласцю 16 км (ёсць і стогадовыя – у Белавежскай пушчы). Масты на дарогах мясцовага значэння – гэта вотчына іншых дарожных арганізацый.
– Дарожнае пакрыццё ў лепшым стане, чым масты, якімі дастаткова доўга толкам ніхто не займаўся, – расказвае начальнік Рамонтна-маставога ўпраўлення Аляксандр Мацвееня. – Дэфекты на дарогах лёгка заўважыць: праехаліся, убачылі і ўстаранілі. А тое, што пад мостам, не кідаецца ў вочы з акна аўтамабіля. Балансаўтрымальнікі (ДЭУ) робяць агляд збудаванняў двойчы ў год, тады і выяўляюцца дэфекты, імі трэба займацца. Для таго і існуе РМУ. Вялікім і сярэднім мастам – увага павышаная, збудаванні гэтай катэгорыі ў нас на кантролі.
Першачарговая і пастаўленая дзяржавай перад упраўленнем задача – падтрыманне штучных збудаванняў на рэспубліканскіх дарогах у належным стане, таму найбольш увагі надаецца абслугоўванню – утрыманню, бягучаму рамонту. Аднак магутнасць прадпрыемства дазваляе выконваць і іншыя віды работ: капрамонт (такі вопыт быў), рэканструкцыю, будаўніцтва. Праўда, на іх амаль не застаецца часу. Ды і бягучы рамон збудаванняў, які выконваецца РМУ, па саставе работ мала чым адрозніваецца ад капітальнага рамонту. Як правіла, брыгады РМУ, як хуткая дапамога, выязджаюць на масты для ўстаранення праблемы пасля сігналаў ад ДЭУ. А хацелася б павялічыць колькасць брыгад на ўчастках настолькі, каб вырашаць пытанні загадзя, каб гэтыя праблемы не ўзнікалі ўвогуле.
Здаровая абстаноўка і адэкватны кіраўнік
У РМУ – 11 участкаў. Восем з іх – маставыя (у Брэсце, Кобрыне, Баранавічах, Пінску, Пружанах, Лунінцы і Івацэвічах), два – па рамонце дэфармацыйных швоў (у Івацэвічах і Баранавічах) і
адзін падсобны на базе ў Яглевічах. Там вырабляюць металаканструкцыі, у тым ліку парэнчы, якія на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна можна ўбачыць на многіх мастах на М1, М11, Р2, Р6, Р44.
У штаце – 68 работнікаў, дзевяць дадаліся сёлета: адкрылі яшчэ адзін маставы ўчастак і ўмацавалі астатнія. Калі раней у брыгадзе працавалі вадзіцель і трое рабочых, то цяпер рабочых чатыры. Расшырэнне штату працягваецца. У сувязі з гэтым у арганізацыі адкрыты шэраг вакансій.
Важны набытак РМУ – маставая платформа, зараз яна выкарыстоўваецца ў бягучым рамонце моста праз раку Стыр ў Пінскім раёне.
Прадпрыемства працуе рэнтабельна, мае прыбытак. Сярэдняя заработная плата за сем месяцаў бягучага года склала 1 660 руб. (у ІТР – 1 872, 87 руб., у вадзіцеляў – 1 509,50 руб., у дарожных рабочых, слесараў і зваршчыкаў – 1 101, 94 руб.). Зарплата пастаянна расце, у гэтым годзе ўжо двойчы павышалася толькі тарыфная стаўка, не гаворачы пра іншыя выплаты. Работнікам гарантаваны поўны сацыяльны пакет: аплата бальнічных лістоў, водпускі па графіку, дні з захаваннем заработнай платы бацькам дваіх і траіх дзяцей, матэрыяльная дапамога, выплаты да святаў, на падрыхтоўку дзяцей у школу, на гародніну і г. д. Рабочыя забяспечваюцца спецадзеннем. Бонус – медыцынская страхоўка ад фірмы – для тых, хто прапрацаваў больш за 12 месяцаў. Таксама прадпрыемства кампенсуе 75 % затрат на арэнду жылля маладым спецыялістам і работнікам, у замацаванні якіх зацікаўленае.
У рамонце маста праз раку Стыр ў Пінскім раёне задзейгічаны работнікі брэсцкай, кобрынскай і лунінецкай брыгад: Сцяпан Сергіевіч, Дзяніс Мельнікаў, Аляксандр Гойшык і Ігар Зосіч.
У калектыве – здаровая абстаноўка і адэкватны кіраўнік. Тут клапоцяцца пра камфорт працаўнікоў, і аб гэтым гавораць факты. Напрыклад, брыгады РМУ, якія мелі на тое жаданне, выязджаюць на аб’екты на ГАЗелях, абсталяваных спецыяльна закупленымі мікрахвалёўкамі, чайнікамі (падключаюцца да генератара), халадзільнікамі – каб можна было падагрэць ці захаваць ежу.
Начальнік адкрыты да дыялогу з падначаленымі. Калі, умоўна кажучы, бухгалтар папросіць набыць новы стул ці стол, у яго будзе новая мэбля (адно толькі выбіраць яе давядзецца самастойна). Калі рабочы будзе незадаволены спецадзеннем, абуткам ці перфаратарам, яму выдадуць іншую вопратку ці абсталяванне. Аляксандр Мацвееня звяртае ўвагу на парадокс: людзі не заўсёды гавораць прама пра свае патрэбы, а дарма. Хто пытае, той і мае.
Ёсць тэхніка – будзе і рэзультат, прычым, хуткі
Аляксандр Сяргеевіч кажа, што абрэвіятуру РМУ можна расшыфраваць як Рукамі Масты Утрымаем. Але ж рабіць гэта голымі рукамі было б вельмі няпроста – трэба ўсё ж узброіцца абсталяваннем і тэхнікай. У самым пачатку шляху філіял не меў у сваім распараджэнні практычна нічога, затое зараз аснашчаны даволі добра дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва РУП «Брэстаўтадар» і асабіста генеральнага дырэктара Міхаіла Непачыловіча. нядаўні важны набытак – перасовачная маставая платформа на базе МАЗа. Гэты аўтамабіль дазваляе больш якасна і ўсёабдымна выконваць работы па ўтрыманні і рамонце маставых збудаванняў. Прынцып работы такі: машына стаіць на мосце і апускае пад яго платформу з рабочымі. А як інакш адрамантаваць мост, калі пад ім вада, на што масціцца? Асобную спецтэхніку арганізацыя дае ў арэнду.
– У апошнія гады мы робім вялікі ўпор на малую механізацыю – для таго, каб павялічыць прадукцыйнасць і аблегчыць працу рабочых, – адзначае кіраўнік прадпрыемства. – Можа, камусьці гэта падасца дробяззю, але наяўнасць новай сучаснай малой механізацыі дазваляе зрабіць рывок наперад. Кожны гаспадар разумее, што калі ў цябе ёсць і дрыль, і перфаратар, і балгарка, гэта дапамагае паскорыцца ў будаўніцтве дома, прыклаўшы менш намаганняў, чым з малатком і пілой у руках. Так і на мастах. Можна капаць уручную, а можна капаць ямабурам. Можна разбіваць пакрыццё адбойным малатком, а можна гідрамолатам. За апошні час закуплены больш эфектыўныя шліфавальныя апараты (шліфуюць у чатыры разы хутчэй), зацірачныя машыны, свідравальныя станкі, гайкавёрты. І мы пераходзім на акумулятарнае абсталяванне.
«Запрашаем да супрацоўніцтва»
Аляксандр Мацвееня радзее за прадпрыемства, у якое ўклаў нямала сіл і ідэй. Ён упэўнены, што аналагічныя арганізацыі неабходны і ў другіх абласцях рэспублікі. Супрацоўнікі РМУ як першапраходцы ў сваёй справе гатовы дзяліцца вопытам з калегамі і перыядычна робяць гэта падчас семінараў.
– Дарога – гэта толькі ўчастак сушы паміж двума мастамі і, у адрозненне ад іх, ніжэй, чым ёсць, яна не ўпадзе. Калі ж, не дай Бог, абрушацца масты, усе нашы больш-менш далёкія перамяшчэнні будуць паралізаваныя. Масты – стратэгічна важныя аб’екты, асабліва ва ўмовах ваенных дзеянняў. І наша задача па іх захаванні таксама стратэгічная. За прыкладамі не трэба хадзіць далёка. Абрушылася частка моста ў цэнтры Мінска, на Нямізе. У сямі нянек дзіця засталося без вока. Было і абрушэнне моста праз р. Рова пад Барысавам. І гэта толькі вялікія масты, а ёсць яшчэ масткі, і з імі таксама не ўсё гладка. Мастамі трэба займацца абавязкова, і мы з радасцю прымем у сваю каманду тых, хто гатовы прыкласці да гэтага свае сілы і розум. Таксама запрашаем да супрацоўніцтва па іншых пытаннях усіх, хто ў гэтым зацікаўлены. Мы зможам пракласці мост праз бездань паміж Вамі і Вашымі мэтамі!
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.