З бухгалтараў – у будаўнікі
Аднойчы ўдала перакваліфікаваўся цясляр-бетоншчык УП «Івацэвіцкая ПМК-11» Руслан Марзан, за плячыма якога дзясяткі аб’ектаў: ад заводаў да дамоў культуры, а ён кайфуе ад новых і новых працоўных задач!
Першае, што зачапіла аўтара радкоў у біяграфіі майго будучага субяседніка, гэта спецыяльнасць па першай і адзінай адукацыі – бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Што робіць выпускнік Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа на будоўлі, якія вятры занеслі яго ў новую сферу па жыцці?.. Гэта зацікавіла…
Мы патрапілі ў Старажоўшчыну, тут ідзе будаўніцтва сучаснага комплексу, не па днях, а па гадзінах растуць новыя кароўнікі, даільна-малочны блок. У дзень нашага візіту, 8 жніўня, на аб’екце шчыравалі шэсць брыгад, гэта пад паўсотні будаўнікоў, аднак адчуванне хаосу не было, кожны ў гэтым мурашніку ведаў, што і калі трэба рабіць, кожны быў заняты справай ды з пазітыўным настроем. Нам хутка паклікалі Руслана Леанідавіча, ён укладваў абліцовачную плітку, акуратна, няспешна. Цясляр-бетоншчык складвае шпаталі, ставіць вядро з клеявым саставам, якое важыць пад 15 кг, а несці яго часам трэба з аднаго канца кароўніка ў другі, і ідзе на шчырую размову… На аб’екце два кароўнікі і даільная зала, квадраты пліткі тут укладвае брыгада Марзана. Так, Руслан Леанідавіч ужо без малога 13 гадоў працуе ў Івацэвіцкай ПМК-11, апошнія два гады ён яшчэ і брыгадзір. Брыгады ў арганізацыі прынята называць па прозвішчы брыгадзіра, і тут падумалася – як гэта адказна, і як хочацца, каб пра ўсіх членаў брыгады гаварылі толькі ў пазітыўным ключы.
Больш за дзесяць гадоў у арганізацыі, а зараз у брыгадзе Марзана, працуе Дзмітрый Шашук, немалы будаўнічы стаж і ў Міхаіла Паўловіча, не так даўно ўліліся ў каманду Сяргей Басалай, Аляксандр Струнеўскі, Мікалай Ждановіч, дапамагае ў гарачую пару і практыкант, студэнт Максім Высоцкі.
– Я не ведаю, ці добра са мной працуецца хлопцам, мне з імі камфортна, вялікіх пытанняў да работнікаў у мяне няма, – шчыра дзеліцца Руслан Марзан. – Я заўсёды стараюся вырашаць пытанні мірна, але будаўніцтва без крыку не бывае, зрэдку і на павышаных вучу моладзь, у мужчынскім калектыве гэта нармальна. У нас ёсць паразуменне, работа спорыцца, і гэта мая брыгада адчувае і пры атрыманні цэтлікаў. У мяне ўсе цесляры-бетоншчыкі, аб’ёмы ў нас ёсць, планы выконваем, калі трэба і ў выхадныя выходзім, але і па дзве тысячы часам атрымліваем.
– Руслан Леанідавіч, а як ад лічбаў Вы перайшлі да бетону і шпаталяў? Як па мне, дык гэта нестандартнае рашэнне… – пытаюся.
– А якім нечаканым такое рашэнне стала для маіх бацькоў-настаўнікаў! – усміхаецца субяседнік. – Так, я з даволі інтэлігентнай сям’і, бацька Леанід Арцёмавіч, яго няма з намі ўжо пяць гадоў, быў настаўнікам музыкі і спеваў, маці Любоў Сцяпанаўна выкладала гісторыю і матэматыку ў пачатковых класах у Рэчкаў-скай школе. У мяне ёсць старэйшая сястра Юлія і малодшы брат Дзяніс, ён працягнуў настаўніцкую дынастыю і працуе ў Гортальскай школе. А мае рукі з дзяцінства цягнуліся да ўсяго драўлянага, я рабіў палічкі, карнізы… За кампанію з сябрам-аднавяскоўцам паехаў ды паступіў у Бярозаўскае вучылішча на рэзчыка па дрэве-чырванадрэўшчыка. Не спадабалася нам у тым вучылішчы, і мы з Лёшам вазьмі ды прыедзь дадому. Канечне, бацькі не вельмі ўзрадаваліся такой навіне, ды і навучальны год быў у разгары. Мы пайшлі ў паляводы ў мясцовы калгас.
Хлопцы спазналі кошт рубля, а праз год Руслан зноў жа за кампанію з сябрам, ужо другім, паступіў у каледж на завочнае аддзяленне. А пасля службы ў арміі Руслан Леанідавіч паспрабаваў і бухгалтарскага хлеба ў Рэчкаўскім сельгаспрадпрыемстве, якое тады перажывала не лепшыя часы. Двум маладым спецыялістам па сутнасці не было ў каго павучыцца, а доўга «варыцца» ў прафесіі без ведання справы малады Руслан не мог і не хацеў, такі характар. Таму ён па прапанове знаёмых ірвануў на заробкі ў Ваўкавыскі раён. Там і адбылося баявое хрышчэнне будучага цесляра-бетоншчыка, разам з сябрамі Руслан Марзан заліваў пляцоўкі для выпасу жывёл. Пасля жаніцьбы ў 2005-м ён працаўладкаваўся дарожным рабочым у ДСПМК-34. За чатыры гады там таксама атрымаў добры вопыт. А ў 2010-м былыя калегі-дарожнікі зазвалі ў ПМК-11.
– Я прыйшоў у цікавы і напружаны час, якраз завяршалася будаўніцтва кукурузакалібровачнага завода, у складзе брыгады Аляксандра Пушылы я прыклаў руку да такога знакавага аб’екта для раёна. Я вучыўся ў працэсе, падглядваў за калегамі і хутка сам ужо даваў хлопцам майстар-класы. Пасля больш за пяць гадоў я працаваў у брыгадзе Андрэя Уласаўца, добры быў час. Зараз мы, бетоншчыкі, якія па сутнасці павінны быць у адказе за ўстаноўку апалубкі і заліўку бетону, кладзём плітку, усцілаем гумовае пакрыццё тут, у даільнай зале. Сёння ў будаўнічай сферы патрэбныя ўніверсалы. Канечне, у кожнага з брыгады свае фішкі і любімыя віды работ, я, напрыклад, люблю займацца добраўпарадкаваннем і ўкладваннем тратуарнай пліткі.
– А якія аб’екты лічыце самымі цікавымі і значнымі за гады работы? І чаму столькі гадоў аддаяце перавагу няпростай будаўнічай рабоце?
– У тым і цікавасць, рамантыка, калі хочаце, у нашай рабоце, што раз за разам трапляеш на новыя аб’екты, у розныя месцы раёна і нават краіны. Сёння ты рамантуеш гарадскі Дом культуры і ўнікаеш у тонкасці будовы сцэны, а праз тыдзень ужо разбіраешся, як арганізавана даільная зала. Я запомніў той жа кукурузакалібровачны, ой, і складана там было, але цікава – і вынік парадаваў.
Добраўпарадкаваннем каля многіх дамоў на Максіма Танка і на Кляноўцы займалася наша брыгада, мы дапамагалі ў падрыхтоўцы Целяхан да «Дажынак»… Я люблю спасцігаць новае, а ў будоўлі гэта няспынны працэс, а яшчэ мяняць месцы і працоўныя задачы. Буду шчырым і скажу, што чалавек заўсёды будзе трымацца работы, якая яго добра корміць. Пакуль заробкі ў нас нядрэнныя, аб’ектаў шмат, калектыў добры, ёсць паразуменне з майстрамі, прарабамі, кіраўніцтвам, чаму б не трымацца тут?..
– Кажаце, і па выхадных працуеце час ад часу, як сям’я рэагуе на такі графік?
– Я так скажу – мая жонка-цырульнік, каханая Аксана Аляксандраўна, працуе па выхадных часцей за мяне (смяецца). Калі і папрацуем адныя выхадныя ў месяц, дык гэта не крытычна, гадоў пяць таму было цяжэй у гэтым плане. Аксана заўсёды з разуменнем ставілася да маёй работы, 18 гадоў мы разам, пытанняў не ўзнікала. А ведаеце, менавіта яна прадказала мне, што пацэлю на Дошку гонару.
Так, у ноч з 31 снежня на 1 студзеня 2023 года, калі мы ішлі са святочнай гарадской ёлкі міма Дошкі гонару, яна ў жарт спытала, калі ўжо там з’явіцца маё фота… І ўявіце сабе маё шчырае здзіўленне, калі я пачуў прыемную навіну. Я чалавек просты, сціплы і вялікай увагі да сябе не хачу. Але ведаю, што мной ганарацца жонка з сынам Міраславам, маці, вельмі быў бы рады бацька. Многія калегі званілі, віншавалі. Гэта прыемна, як і прыкладваць руку да важных аб’ектаў для раёна. Але галоўнай будоўляй у жыцці лічу свой уласны дом у Яглевічах.
Так, за тры гады супер-будаўнік разам з цесцем, які таксама некалі працаваў у ПМК-11, паставілі прыгожы, утульны аднапавярховы дом. Тут жыве шчасліва сям’я шмат гадоў, адно толькі трывожыць бацьку сям’і, што 12-гадовы Міраслаў зусім не цікавіцца будаўнічай справай. Сучасная моладзь «жыве» ў гаджэтах, але нешта падказвае аўтару радкоў, што Руслан Марзан паступіць мудра, як некалі яго бацькі, і будзе рады любому прафесійнаму выбару сына. Бо гэта так важна, бачыць таленты свайго дзіцяці і даваць магчымасць іх развіваць. Сын Руслан Марзан вырас выдатным будаўніком, які і работу па дрэве не закінуў, выразаў маленькаму сыну цацкі. А мог бы быць самым няшчасным бухгалтарам і працаваць з лічбамі «праз не хачу». Ці не так?
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).