Маладыя выхавацелі са студатрадаў «Пазітрон» і «Луч», што працуюць зараз у «Дубравачцы», вытрымалі конкурс за месца ў атрадах

Так, гэта не сон і не жарт, жадаючых сумясціць практыку і працоўнае месца з аплатай сярод будучых педагогаў было шмат, некаторыя такой магчымасці не атрымалі. Ва ўсе часы ў студатрады выбіралі лепшых з лепшых, да такой думкі ў мінулы аўторак прыйшла моладзь разам з паважанымі гасцямі лагера – дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Голуб і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Сарокам. Наталля Грыгор’еўна і Аляксандр Фёдаравіч выступілі перад старэйшымі выхаванцамі Аздараўленчага лагера Дубравачка Івацэвіцкага раёна і студатрадаўцамі ў рамках рэспубліканскай акцыі ГА «БРСМ» «Крок да поспеху».

Ідэя акцыі ў тым, каб паспяховыя ў самых розных сферах людзі дзяліліся сваім жыццёвым і прафесійным вопытам з адпачываючымі. Аляксандр Сарока пачаў з таго, як падчас вучобы ў Мінскім палітэху ён ездзіў працаваць у Казахстан на будоўлю лініі электраперадач і ў Малдавію на збор гародніны. Гэты каштоўны працоўны вопыт, які яшчэ добра аплачваўся, даў добры старт на ўсё жыццё. Студатрадаўскую школу прайшла і Наталля Голуб, пасля ў якасці першага сакратара райкама БРСМ у Бярозаўскім раёне ўжо яна фарміравала атрады і бачыла, як жаданне працаваць, вучыцца новаму акрыляла маладых юнакоў і дзяўчат. Дзе б ні давялося жыць і працаваць сучаснай моладзі, да любой справы трэба падыходзіць з розумам і натхненнем – з такім пасылам звярталіся госці да прысутных.

Менавіта так працуюць у лагеры сёння 12 байцоў педагагічных атрадаў «Пазітрон» і «Луч». Чаму? Напэўна, таму, што адны працуюць у родным лагеры ўжо не першы год, другія – канкурыравалі з аднагрупнікамі за месца пад сонцам. Так, выдатніцы і актывісткі Ірына Ляшчук і Дар’я Крывалевіч, трэцякурсніцы Пінскага каледжа УА «БрДУ імя А. С. Пушкіна», пра нашу «Дубравачку» нават і не чулі, але ўмовамі працы задаволеныя:

– Нам дазволілі выбраць атрад, у якім будзем працаваць. У нашым «Полымі» дзеці 6–10 гадоў, малыя, актыўныя, але агульную мову з імі мы знайшлі хутка. У атрадзе працуюць чатыры выхавацелі, размяркоўваюць так, каб сярод моладзі быў хаця б адзін больш вопытны выхавацель-педагог. Абавязкі паміж сабой мы дзелім самі. У мінулым годзе мы ўжо працавалі ў школах Пінска, давалі ўрокі, але такога цеснага кантакту з дзецьмі не было. Тут ты ў адказе за іх і днём, і ноччу…

Так, і днём, і ноччу за ўвесь лагер адказвае і наша зямлячка – старшы выхавацель і камандзір атрада «Пазітрон» Марыя Пецыён. На ёй – каардынацыя работы ўсіх выхавацелей, правядзенне мерапрыемстваў, вячэрнія планёркі і іншае. Калі ты правая рука дырэктара, задач будзе шмат.

– Чацвёрты раз я ўжо працую тут. Пасля каледжа я год працавала настаўніцай пачатковых класаў у СШ № 3, невялікі вопыт ёсць. Зараз я вучуся ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, цікаўлюся дзіцячай псіхалогіяй і нейракарэкцыяй. Адпачыць тут, калі працуеш аддана, амаль немагчыма, але гэта для многіх практыка, пасля якой студэнты яшчэ атрымліваюць зарплату. Гэта ж бонус!

За некалькі дзён уліўся ў работу і выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Ілья Мартынкевіч.

– У мене атрад дзяцей 11–13 гадоў, самы лепшы ўзрост (смяецца)! Хутка для дзяўчат і хлопчыкаў я стаў Ільём Аляксандравічам, мы сябруем, але субардынацыя ёсць. Мне прапанавалі застацца на другую змену, але вымушаны адмовіцца. У ліпені мяне чакаюць на работу ў СШ № 4
г. Івацэвічы.

У той дзень я размаўляла з калегамі ў некаторым сэнсе, два гады запар важатай тут шчыравала ў свой час і аўтар радкоў. Побач з дзецьмі заўсёды ажываеш, цікавыя і дапытлівыя, яны бачаць у табе куміра. Так важна задаць ім правільны тон па жыцці, нават за кароткі час лагернай змены, а яшчэ зрабіць для іх гэты адпачынак незабыўным.

ХХХ
На сённяшні дзень, па інфармацыі РГА «БРСМ», у раёне адпрацавалі і працуюць восем студатрадаў, а гэта 161 чалавек. У нашым раёне з года ў год ахвотней за ўсіх моладзь на працу прымаюць лясгасы. З васьмі атрадаў шэсць – экалагічныя. Да канца года плануюць працаўладкаваць яшчэ больш за сотню чалавек. Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да першага сакратара РГА «БРСМ» Рыты Велясевіч па тэл. 9-12-34.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Поделиться