Шматдзетная сям’я Горбачаў з Чамялоў два гады таму з лёгкасцю пакінула горад і пераехала ў любімую вёску.

Людзі казалі, што яны звар’яцелі, так падумала і аўтар радкоў, калі ўбачыла ў смартфоне фота сучаснага прыгожага дома ў горадзе-спадарожніку Мінска – Заслаўлі, які Горбачы пакінулі дзеля ціхага жыцця ў вёсцы са 150 жыхарамі. Сем гадоў сямейнага жыцця Аляксей і Юлія Горбачы пражылі ў невялікім Заслаўлі (тут каля 17 тысяч жыхароў), але адтуль да Мінска рукой падаць – 12 км. Старэйшая дачка Вікторыя займалася ў тэлестудыі. У Заслаўлі нарадзіўся сын Ігнат, пасля малодшая Полечка, дом-прыгажун толькі-толькі дабудавалі і зрабілі рамонт… і пакінулі ўсё кватарантам.

А самі рванулі ў родныя Чамялы. Тут нарадзіўся Аляксей, у вёсцы часта бываюць яго бацькі, а Юлія з суседніх Любішчыц. Аляксей працаваў у Заслаўлі, Юлія была настаўніцай у пачатковай школе ваеннага гарадка Волька. Пазнаёміліся нашы Горбачы выпадкова ў сацыяльных сетках. Аляксей папаў пад «гарачую руку» будучай жонкі, задаў няёмкае пытанне і тут жа атрымаў смелы адказ. Ці мог юнак спужацца і выбраць другі, больш просты варыянт? Мог, але не выбраў. Напісаў зноў, а пасля пазваніў, і размова прадоўжылася з 11 гадзін вечара да 4 ранку. Яны не маглі нагаварыцца тады, не нагаварыліся і па гэты дзень. Даволі хутка адбылося першае спатканне, на якое жаніх прыехаў з салютам (у 2011 гэта была дзіковінка) і цацкай-малпачкай для дачушкі Юліі ад першага шлюбу, гарэзы Вікі.

– Маці з дзіцём – гэта ўжо сям’я са сваімі правіламі і традыцыямі. Як наваспечаны жаніх шукаў падыход да Вікторыі? – пытаюся ў мужа і жонкі.

– Канечне, як любая маці, я з хваляваннем чакала першай сустрэчы дачкі з Лёшам, але паміж імі спачатку адбылося шчырае сяброўства, а пасля яны сталі сапраўднымі дачкой і татам. Успамінаю, як першая настаўніца дачкі ў Заслаўлі шапнула мне аднойчы, што такіх шчырых адносін паміж айчымам і падчарыцай яна не бачыла за доўгія гады работы.

– А далей?

– Далей усё закруцілася, мы пазнаёміліся ў студзені, а ў верасні згулялі вяселле. Я пакінула школу, і з дачкой мы пераехалі ў Заслаўль. З педагогікі я даволі ўдала рэалізавалася ў гандлі, муж чым толькі не займаўся: працаваў вадзіцелем на «хуткай», выконваў будаўнічыя работы на заказ, майстраваў экакаміны, рамантаваў аўто. І будаваў адначасова наш дом.

Сам з нуля Аляксей за паўтара гады паставіў дом! Ад апалубкі да крышы – усюды рука гаспадара. З гадавалым Ігнатам яны ўехалі ў дом з чарнавой апрацоўкай. Усё зрабілася гаспадарамі, дом сапраўды – карцінка. І ўсё было добра: дом, работа, дзеткі, а нечага не хапала, не пускаліся карані ў Горбачаў на чужыне. Яны часта бывалі ў Чамялах і кожны раз з’язджалі адсюль праз «не хачу».

– Нас сюды цягнула – і ўсё тут, – расказвае Аляксей Горбач. – А навошта працівіцца сабе? Апошняй кропляй стаў выпадак з маім бацькам. Ён зламаў нагу, і я прыехаў на тыдзень, каб дапамагчы яму з будоўляй, пажыў у бабуліным доме і прыкіпеў. Кажу Юлі – паедзем у Чамялы! Яна, напэўна, толькі гэтага і чакала. За дзень я перавёз усе рэчы з Заслаўля сюды. І нават дзеці без ніякіх пытанняў змянілі гарадскую мітусню на вясковы спакой…

Некаторы час сям’я пажыла ў доме з бацькамі, а пасля набылі свой домік на ўскрайку вуліцы Цэнтральная. Забралі старэнькі домік не таргуючыся і не гледзячы на «фронт» работ, бо шмат было ахвочых на гэтыя 30 з невялікім сотак. А далей пачалася другая вялікая будоўля ў Горбачаў! За тры дні і тры ночы, як у той казцы, тата сямейства сваімі рукамі прыбраў ды падмаляваў дом, падрамантаваў самае неабходнае і сям’я пераехала на свае метры.

Старэйшая Віка ўспамінае:

– Сюды мы пераехалі жыць амаль што падманам. Не хацелі засмучаць дзядулю з бабуляй такім хуткім пераездам, а ў свой дом так цягнула… Мы сустрэлі за сталом у бабулі новы 2020 год, сказалі, што паедзем на ёлку ў райцэнтр, там мы пабылі праездам, а пасля рванулі на сваю Цэнтральную. Тут нас чакалі падарункі ад бацькоў. Хутка накрыўся стол, такім быў наш першы Новы Год тут.

За паўтара гады зроблена многае: заменены плот, прыбраны сад і тэрыторыя каля дома, тут з’явіўся агарод, сёлета гаспадары чакаюць добры ўраджай бульбы, памідораў і перцаў. У доме пашпакляваныя сцены, кухня абабітая самаробным сайдынгам (то ўдалы эксперымент Аляксея), новыя столі, дзверы. Амаль уся мэбля – самаробная, драўляная, зрабіў тата для Ігната і Полі двухпавярховы ложак.

Хутка ў доме з’явілася вада, Аляксей прыдумаў канструкцыю, дзякуючы якой вада тут качаецца з калодзежа. Знаходку ўжо перанялі суседзі-вяскоўцы. Хутка Горбачы першымі ў вёсцы падключаць дом да электраацяплення. Далей планы «напалеонаўскія» – зрабіць новы дах, абнавіць фасад дома, дабудаваць яшчэ два пакоі, бо зараз тут усяго два жылых памяшканні. У двары Аляксей і Юлія плануюць выкапаць і зарыбіць сажалку. Я хацела злавіць гаспадароў на слове пасля такіх агучаных планаў і паабяцала прыехаць праз тры гады, каб на свае вочы ўбачыць такі рамонт. Горбачы ўпэўнілі – яны справяцца раней. І нешта падказвае – так і будзе! Бо бацькі сямейства гля-
дзяць у адным кірунку, у адной кагорце з бацькамі і дзеці.

Дарэчы, малыя не адстаюць ад бацькоў, і рамонт у сваім пакоі рабілі побач з дарослымі. Старэйшая Віка сёлета заканчвае 11 клас, яна ездзіць у ДУА «СШ № 3 г. Івацэвічы». Дзяўчынка абрала для сябе медыцынскую прафесію, хутка тэсты. Яшчэ Віка сама вучыцца іграць на гітары, спявае. Віка не па ўзросце дарослая і разважлівая дзяўчынка, памочніца і дарадчык для бацькоў. А на выхадных яна корміць сям’ю самымі смачнымі блінамі. Трэцякласнік Ігнат штодзень ездзіць у Волькаўскую школу, у мясцовы садок ходзіць і малодшая Палінка. Ігнат у сям’і – сапраўдны філосаф, кіруе дзяўчатамі, калі трэба, ад бацькі хлопчык пераняў любоў да канструявання. Ён гадзінамі можа збіраць з дробных дэталей «лега» ці драўляныя машынкі – хапае фантазіі і ўседлівасці. Палінка ранімая і ласкавая, у меру распешчаная, такі лёс у малодшых дзетак.

Ці ёсць праблемы з дарогай. Як дабіраецеся на вучобу, на работу?

– Школьны аўтобус пад’язджае амаль пад самы дом, – кажа Юля. Нашы дзеці, як у тых замежных фільмах, махаюць нам каля брамы і імчаць у транспарт, там ужо чакаюць педагогі. Гэта так зручна для бацькоў. Муж працуе дома, зараз праходзіць навучанне па тэхналогіі рамонту аўто, а я пасля чарговага дэкрэтнага водпуску знайшла сваё – атрымала навыкі масажыста. Спачатку год я працавала ў Івацэвічах у «Акадэміі прыгажосці», зараз у мяне свой масажны кабінет у «Маладосці». Я сама падганяю свой працоўны расклад пад патрэбы маёй сям’і, гэта шчасце для шматдзетнай матулі, езджу на работу на аўто, кожны час у горад едзе аўтобус, ідзе электрычка да Даманава, праблем пасля Мінска мы не бачым.

– Кажуць, для стварэння сям’і дастаткова закахацца. А для яе захавання – трэба навучыцца цярпець і выбачаць. Як у вашым доме вырашаюцца канфлікты, калі яны ёсць, – звяртаюся сямейнай пары.

– Гэтай восенню мы адзначылі 10 год з дня вяселля, кожны, хто скажа, што пражыў гэты час выключна ў згодзе, схлусіць. Канечне, бываем і мы без настрою, жыццёвыя бываюць праблемы. Нічога новага мы не скажам – трэба размаўляць. Ні ў якім разе не маўчаць і вучыцца адчуваць адзін аднаго. Адпраўляць адпачыць мужа ці жонку, калі бачыш, што ў рабоце перабор, лічыцца з захапленнямі каханага ці каханай і пакідаць асабістую прастору для адпачынку ці развіцця.

Пасля гадзіны-другой размовы з гэтай сям’ёй разумееш – іх яднае каханне, авантурызм і асаблівае стаўленне да вёскі і Чамялоў у прыватнасці. Горбачы ні на хвіліну не пашкадавалі пра сваё рашэнне, кажуць, такія прыгожыя мясціны і такіх добразычлівых людзей, як тут, яшчэ трэба пашукаць. Аляксей успамінае, як не раз усёй вёскай яны рамантавалі аўто, а калі каго трэба сустрэць з цягніка, дык і за святочны стол людзі не сядуць, пакуль не выручаць аднавяскоўца. Летам Чамялы ажываюць, пустуючых дамоў мо з пяток знойдзецца на ўсю вёску. Многія з гарадоў вяртаюцца на радзіму, ёсць у вёсцы асаблівы магнетызм, сюды цягне, прыцягнула на радзіму і нашых Горбачаў. Дабудуецца дом, і двор хутка стане ўзорным, усё будзе ладзіцца ў гэтай сям’і, пакуль усё ў іх трымаецца на самым важным вінце ў справе сямейнай – на каханні…

Слова мужу, Аляксею Васільевічу:

– Апішыце жонку ў трох словах.

– У мяне цудоўная жонка, але найбольш у ёй я цаню яе прыгажосць, асаблівую клапатлівасць і душэўнасць. Яна заўсёды выслухае і дасць добрую параду, гэта для мяне важна.

На якое спатканне зараз запрасілі б Юлію?

– За дзесяць гадоў шмат было самых розных спатканняў, на Юлін юбілей ездзілі без дзяцей у Брэст, для шматдзетных гэта раскоша (смяецца). Але я б сёння запрасіў жонку на Вольку, у ваенны гарадок да школы, у якой яна працавала. Там адбылася першая сустрэча.

Які падарунак ад каханай самы дарагі сэрцу?

– Гэта дзеці. За кожнага я ёй удзячны. І рады быў бы яшчэ папаўненню.

Слова жонцы, Юліі Віктараўне:

– Апішыце каханага ў трох словах.

– Цаню ў ім клапатлівасць, яго працалюбства, ён не можа без справы ні хвіліны, і на рыбалку часам прыходзіцца яго выганяць, каб адпачыў. І яшчэ адна якасць – ён наш абаронца. Я і дзеці адчуваем сябе за моцнымі плячыма.

– Ваш асабісты сакрэтны падыход да мужа, калі нешта трэба папрасіць?

– Я кажу прама, не грашу намёкамі, думаю, мужчыны іх не ўспрымаюць. Аднак, калі справа тычыцца будоўлі ці яшчэ чаго мужчынскага, дзе мой Лёша ас, то я толькі раю. Кажу, Лёшачка, добра было зрабіць так, а рашэнне ўсё роўна за ім.

– Учынак, які вымусіў паглядзець на мужа іншымі вачыма?

– Ён здзіўляе мяне часта, Лёша расце ў маіх вачах заўсёды. Але мне па-жаночы ўспамінаецца, як ён прынёс мне першую каваную ружу. Зрабіў яе сам, кожны пялёстачак і пафарбаваў. Яна, нібы жывая, яшчэ падарыў прыгожа з нейкай легендай. Гэта было нечакана, а пасля была яшчэ адна такая кветка, можа збяру за жыццё цэлы букет.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться