Целяханскі сельвыканкам – лепшы ў раёне па выніках работы за 2023 год. Другі год запар яго калектыў узнагароджаны Ганаровым пераходным сцягам і Граматай райвыканкама як пераможца раённага спаборніцтва. Высокая ацэнка работы мясцовай улады грунтуецца на фактах: сельвыканкам сапраўды паспяхова працуе па розных кірунках дзейнасці, а Целяханшчына становіцца прывабным для жыцця рэгіёнам: у 2023 годзе ў сельсавеце стала на 119 жыхароў больш.

Нам, журналістам, заўжды ёсць пра што адтуль напісаць – у целяханскім краі яшчэ віруе жыццё, за што трэба сказаць дзякуй людзям. Яны тут сапраўды нераўнадушныя, актыўныя, творчыя, ініцыятыўныя, ім яшчэ многага хочацца, ім многае цікава.
І старшыня сельвыканкама Аксана Мялік, якой і самой уласцівы гэтыя якасці, здолела згуртаваць вакол сябе кагорту аднадумцаў і памочнікаў. Вось вам і вынік.
Аксана Іванаўна нарадзілася і вырасла ў Целяханах. Пасля школы вывучылася на настаўніка ў Брэсцкім педуніверсітэце і вярнулася на малую радзіму. 16 гадоў у Целяханскай сярэдняй школе выкладала геаграфію і біялогію. У 2012 годзе прыйшла працаваць ва ў той час пасялковы выканкам, пассавет – у якасці вядучага спецыяліста. Змена сферы дзейнасці – гэта заўжды няпроста, аднак з цягам часу прызвычаілася, зразумела спецыфіку, атрымала дадатковую адукацыю ў Палескім універсітэце па спецыяльнасці «эканоміка і ўпраўленне на прадпрыемстве». Ёй заўжды хацелася развівацца. На пасаду старшыні сельвыканкама была назначана ў 2019 годзе, у тым жа годзе абрана дэпутатам райсавета, а ў 2021-м скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «юрыст». Узначальвае сельвыканкам чатыры гады, гэта быў няпросты і адказны перыяд. У 2020 годзе да нас прыйшла эпідэмія каранавірусу, «штарміла» гады два, у 2022-м рыхтаваліся да абласнога фестывалю «Дажынкі» – пасёлак ператварыўся ў вялікую будоўлю, і шмат задач было пастаўлена перад мясцовай уладай. Потым трэба было захаваць тое, што створана, апраўдаць давер…
– Наш асноўны кірунак дзейнасці – рашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, стварэнне спрыяльных умоў для пражывання людзей на тэрыторыі сельсавета, – расказвае Аксана Іванаўна. – Над гэтым і працуем усёй камандай – толькі ў гэтым выпадку будзе рэзультат. У сельвыканкаме працую я, кіраўнік спраў, тры спецыялісты і пашпартыст. Імкнёмся выконваць абавязкі добрасумленна і ўплываць на паляпшэнне тых самых умоў для пражывання штогод. У мінулым годзе ва ўсіх населеных пунктах сельсавета звычайныя вулічныя свяцільні заменены на энергазберагальныя. У нас знізілася злачыннасць – дзякуючы прафілактычным мерапрыемствам, пры Савеце працуе грамадскі пункт аховы правапарадку. Добра спрацавалі па пустуючых дамах – прадалі ажно 11, у іх пасяліліся маладыя сем’і. У Горталі стала на 26 жыхароў больш! Ды і шмат чаго іншага зроблена.
Кірункаў работы ў сельвыканкама сапраўды шмат. Адзін з іх – выкананне адміністрацыйных працэдур – 41 у адносінах да грамадзян і трох – у адносінах да юрыдычных асоб. Усяго ў 2023 годзе выдадзена 753 даведкі і 818 іншых дакументаў. Накіравана 114 запытаў у розныя арганізацыі па прынцыпе «адно акно», выканана 197 запытаў дзяржорганаў і іншых арганізацый. У сельвыканкам паступіла 33 звароты грамадзян, усе разглядаліся. Праводзяцца сходы грамадзян – у мінулым годзе 14.
Важны кірунак у працы – абследаванне сумесна з зацікаўленымі службамі матэрыяльна-бытавых умоў пенсіянераў, удзельнікаў вайны, шматдзетных сем’яў – для аказання дапамогі тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Спрыяць і ўдзельнічаць у навядзенні парадку, у добраўпарадкаванні, распрацоўваць адпаведныя мерапрыемствы – таксама задача мясцовай улады, у рэалізацыі мерапрыемстваў вялікую падтрымку аказваюць старасты вёсак. На рэгулярнай аснове праводзяцца суботнікі, у тым ліку на могілках – іх на тэрыторыі сельсавета дзевяць, усе агароджаны, без аварыйных дрэў, усе перададзены на баланс ЖКГ (а гэта быў вялікі кавалак работы). Дзейнічаюць санітарна-кантрольныя брыгады, у 2023 годзе імі выдадзена 223 прадпісанні (у тым ліку па пустуючых дамах), ажыццяўляецца догляд за помнікамі.
На Целяханшчыне развіваецца турызм. На фестывальнай пляцоўцы каля возера Вулькаўскае праводзяцца турзлёты розных узроўняў, ладзяцца трофі-рэйд «Дрыгва», фестывалі «Целяханскі бічаўнік», «Сомінская юшка», «Выганашчанская фартэцыя». Працуюць некалькі аграсядзібаў, у тым ліку адна размешчана ў будынку былой школы, а гэта станоўчы прыклад уцягвання у гаспадарчы абарот аб’ектаў, якія пустуюць.
– Скажу так: работа па стварэнні належных умоў для пражывання насельніцтва патрабуе ўвагі не толькі з боку мясцовай улады, але і з боку службаў, якія маюць рычагі для вырашэння праблемных пытанняў, – працаваць трэба сумесна і зладжана, – лічыць Аксана Іванаўна. – І насельніцтва павінна падключацца, а з людзьмі трэба ўмець размаўляць. Калі людзей ведаеш, калі іх паважаеш, умееш быць справядлівым, сам у нечым прыклад, узаемаразуменне будзе. Рыхтаваліся да «Дажынак», хапіла падстаў для хвалявання. Сродкі выдзяляліся на інфраструктуру, добраўпарадкаванне вуліц, на сваіх жа падворках гаспадары павінны былі шчыраваць самі – і за свае грошы і дахі мыць ці мяняць, і фарбаваць фасады, платы. Хадзіла па дварах, вяла дыялог, прасіла, і ніхто без важкіх на тое прычын не адмовіў. Даводзіцца звяртацца да кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, да прадпрымальнікаў, фермераў. Зноў жа людзі адгукаюцца. Мо таму, што я заўжды імкнуся самастойна вырашыць тыя пытанні, якія магу, і калі ўжо званю і прашу, значыць, без дапамогі ніяк. Радасна ад таго, што мае землякі – спагадлівыя людзі, якія хочуць бачыць свой край прыгожым, дагледжаным, квітнеючым, хочуць, каб ён жыў, каб і за межамі раёна ведалі, як мы ўмеем і працаваць, і адпачываць.
Быў такі выпадак у рабоце Аксаны Іванаўны, які мне, як журналісту, шмат аб чым гаворыць. Жыла ў Целяханах адзінокая бабуля, якая мела патрэбу ў доглядзе, аднак не давярала сацработнікам. Без праблем зайсці да яе ў хату маглі толькі старшыня сельсавета і ўчастковы інспектар. І гэтыя двое ў выніку і сталі даглядаць за ёю: то адзін прывязе прадукты, то другі. Праз месяцы тры жанчына пайшла з жыцця – такі лёс, аднак не ад голаду, бо не была пакінута сам-насам са сваёй бядой.

Першы памочнік – стараста

Аксана Іванаўна заўжды падкрэслівае: адзін у полі не воін, і пазнаёміла нас з людзьмі, на якіх заўжды можа разлічваць. Першыя памочнікі старшыні – старасты, яны ёсць ва ўсіх сямі вёсках Савета, і Аксана Іванаўна шчыра ўдзячная ім за работу. Галіну Куцко, старасту в. Соміна, яна ўвогуле называе сваёй другой мамай: з ёй можна параіцца, яна ўмее зразумець і паспагадаць. Аднак галоўнае – Галіна Рыгораўна ў вёсцы карыстаецца аўтарытэтам. І хоць за 15 гадоў быць старастам ёй крыху надакучыла, Аксана Іванаўна ўзяла з жанчыны слова не кідаць гэтую справу да той пары, пакуль яна кіруе сельвыканкамам. З Галінай Рыгораўнай размаўлялі на выбарчым участку – шмат гадоў яна сакратар камісіі.
– Аксана Іванаўна мяне лічыць памочніцай, а я лічу памочніцай яе. Па любых пытаннях мы на сувязі і прыходзім адзін да аднаго на дапамогу па першым клічы. І я, і Валянціна Якімовіч, стараста з Горталя, сапраўды абяцалі не адмаўляцца ад абавязкаў, аднак бярэ сваё ўзрост, пакуль трымаемся, далей – пабачым. Галоўнае, за чым сачу як стараста, – за парадкам у вёсцы. Падзівіцеся, якія ў нас могілкі. Ці знойдзеце такое ў раёне? Часта праводзім суботнікі, і людзі збіраюцца на іх без асаблівых праблем, а з касцом дапаможа старшыня.
Мы з мужам у Соміна прыехалі ў 1972 годзе, я працавала бухгалтарам у калгасе, ён быў дырэктарам школы, дзеці нашы жывуць у Горталі, у Івацэвічах. Удзячна Богу за тое, што нас размеркавалі сюды. Хоць і не сомінка, сэрцам адданая гэтай зямлі, і людзі ў нас харошыя і да мяне прыслухоўваюцца, дзякую ім. З аднавяскоўцамі разам і па сумных нагодах, іншы раз даводзіцца і даставіць камусьці труну… Такое жыццё, але не будзем больш пра сумнае. Наша Соміна славіцца не
толькі сваёй прыродай, а і фестывалем «Сомінская юшка», і дабрачынным калядным ранішнікам для дзетак. Каму-каму, а старшыні клопатаў з арганізацыяй хапае. Гэта ж усё сваімі сіламі робіцца і трымаецца на энтузіязме людзей. Сомінцы дружныя. Колькі выпечкі нагатавалі на ранішнік! І сама Аксана Іванаўна гатавала. Усіх запрашаем да нас на юшку сёлета, каб чытачы раёнкі палюбаваліся нашай вёскай.

«Віктар Іванавіч, дапамажы»

А вось што расказвае Віктар Карповіч, фермер з в. Краглевічы:
– Дапамагаю Аксане Іванаўне, таму што паважаю яе. Паглядзіце, колькі вёсак у Савеце, аб’ём работы які, і трэба, каб усюды парадак быў, а жанчыне адной як з гэтым усім спраўляцца?
– «Віктар Іванавіч, дапамажы», – ён чуе ад мяне такое часта, – далучаецца да размовы старшыня
сельсавета. – І печку адрамантаваць можа, і арганізаваць вываз смецця з могілак, і да свята вёскі выкасіць спартыўную пляцоўку і выступіць у якасці спонсара. Дарэчы, тую пляцоўку на месцы старой школы таксама дзякуючы яму зрабілі, лаўкі паставілі. Не ў кожнай вёсцы штогод ладзіцца свята, а ў Краглевічах – гэта штогадовая традыцыя. І пяцітонны камень у вёсцы з шыльдай аб першым упамінанні Краглевічаў у пісьмовых крыніцах Віктар Іванавіч устанавіў разам з зяцем Генадзем.
– Я карэнны жыхар Краглевічаў, як не дбаць пра родную вёску? Тут жывуць і працуюць мае дзеці і ўнукі, разам са мной займаюцца фермерствам. Добра, калі ў сяле парадак, і Аксана Іванаўна перажывае за тое, каб гэты парадак быў, – дадаў Віктар Карповіч.

Каб захавалася памяць аб мінулым…

Мясцовая ўлада працуе з людзьмі, для людзей і ў цеснай сувязі з імі. Здаецца, гэта бачна на прыкладзе Целяханскага сельвыканкама. Не бывае так, каб усюды і заўжды ўсё было гладка, ёсць праблемы і ў жыхароў Целяханскага сельсавета, не заўсёды яны вырашальныя, не заўсёды лёгка старшыні трымаць адказ перад насельніцтвам і за не надта добрыя дарогі (найчасцей звяртаюцца да яе па гэтай прычыне), і па іншых злабадзённых пытаннях. Аднак Аксана Мялік той чалавек, які не будзе сядзець склаўшы рукі, калі пра гэтую праблему паведамілі, і зробіць тое, што ад яе залежыць, пастукае не ў адны дзверы, пашукае варыянты. Такое стаўленне да сваіх абавязкаў выклікае павагу, і атрыманне Ганаровага пераходнага сцягу сельвыканкамам другі год запар не здзіўляе.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Целяханскі сельсавет – самы вялікі ў раёне і адзін з буйнейшых у вобласці. У яго склад уваходзяць г. п. Целяханы і сем сельскіх населеных пунктаў: Краглевічы, Глінішча, Вулька-Целяханская, Соміна, Горталь, Выганашчы і Бабровічы. Насельніцтва – 6 437 чалавек, з іх у Целяханах пражывае 4 388 чалавек.
На тэрыторыі Савета месцяцца тры прамысловыя, адна будаўнічая і дзве сельскагаспадарчыя арганізацыі, сем вытворчых участкаў, 11 аб’ектаў гандлю Івацэвіцкага райста, 33 аб’екты гандлю і паслуг прыватнай уласнасці і пяць аб’ектаў грамадскага харчавання розных формаў уласнасці. Развітая сацыяльная сфера: працуе Целяханская гарадская бальніца, чатыры ФАПы, пяць устаноў культуры, у тым ліку Целяханскі ЦКіВЧ, Дзіцячая школа мастацтваў, тры сельскія клубы, чатыры бібліятэкі, дзевяць устаноў адукацыі, чатыры дзіцячыя садкі, а таксама Цэнтр дзіцячай творчасці, школа-інтэрнат, дзейнічае і псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.
Прадпрымальніцкую дзейнасць ажыццяўляюць 19 прадпрыемстваў, зарэгістраваны шэсць фермераў, 68 ІП. Маюцца тры аграсядзібы і шэраг турыстычных аб’ектаў. Усяго ў сельсавеце – 2 591 гаспадарка, гаспадары трымаюць 103 каровы.
Чатыры з васьмі населеных пунктаў сельсавета газіфікаваныя (Целяханы, Горталь, Соміна, Вулька-Целяханская). Забяспечанасць цэнтральным водаправодам па Савеце – 74 %. У Целяханах, Горталі і Выганашчах пабудаваны станцыі абезжалезвання.

Поделиться