З падарункамі і экскурсіяй прайшло ўручэнне членскіх білетаў ГА «БРСМ» у Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі
13 юнакоў і дзяўчат, другакурснікаў УА «Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж», 22 верасня сталі членамі самай масавай і перспектыўнай маладзёжнай арганізацыі краіны.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзяніс Сяледчык пачаў мерапрыемства з кароткага экскурсу ў гісторыю аб’яднання, якое адзначыла сёлета 20-годдзе.
Спецыяліст РК ГА «БРСМ» Анастасія Сліж адзначыла, што ва ўрачыстай абстаноўцы білеты атрымлівае самая актыўная і цікаўная моладзь. Так, у той дзень павінны былі перадаць 21 білет, аднак восем навучэнцаў каледжа прымалі ўдзел у алімпіядах, таму яны атрымаюць свае білеты пазней. Разам з абноўленымі білетамі ў выглядзе пластыкавай карткі 10 навучэнцам уручылі яшчэ падарункі. Так райкам ГА «БРСМ» заахвоціў лепшых работнікаў студатрадаў.
Сярод юных работнікаў і выдатніца каледжа Карына Голуб. Будучая швачка і повар гэтай вясной за два тыдні зарабіла 280 рублёў і вельмі задаволеная тым, што стала на крок бліжэй да мары, якую пакуль не раскрывае.
Навічкі ГА «БРСМ» зацікавіліся білетамі-карткамі, нагадаем, такія сучасныя білеты арганізацыя ўкараніла ў 2020 годзе. ГА «БРСМ» супрацоўнічае з платформай Autohelp, на якой арганізацыі-партнёры прапануюць бонусы і скідкі ад 3 да 50 %. Далучыцца да праграмы можа любы член ГА «БРСМ» пасля актывізацыі на сайце нумара, які ёсць на кожным білеце. Наш райкам таксама заключае дагаворы з мясцовымі арганізацыямі і прыватнікамі. Хто з юнакоў і дзяўчат адмовіцца наведаць мінскі кінатэатр ці нашу Лядовую арэну са скідкай?
Мерапрыемства прадоўжылася праглядам фільма «Вялікае вызваленне», прысвечанага падзеям 1939 года. Экскурсію, прысвечаную генацыду беларускага народа, правяла навуковы супрацоўнік музея Лада Галкіна.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.