Трэцяга ліпеня беларусы ўрачыста адзначылі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 78-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У Беларусі ведаюць цану свабодзе: у Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны трэці жыхар нашай маленькай Беларусі. Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму дню, прайшлі і ў Івацэвіцкім раёне.
Святочныя мерапрыемствы распачаліся з ранішняга богаслужэння, дзе ўсе вернікі далучыліся да адзінай усебеларускай малітвы «За Беларусь».
У 9 гадзін раніцы ў скверы па вуліцы Савецкай было шматлюдна. Прыйшлі на цырымонію ўскладання кветак да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, духавенства, члены грамадскіх арганізацый, моладзь, жыхары і госці райцэнтра. Гучала радыёгазета, якая распавядала аб тым, што мір і парадак у краіне – гэта вялікая каштоўнасць і найвышэйшая заваёва нашага народа.
Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць герояў той страшэннай вайны. Да помніка былі ўскладзены кветкі.
Святкаванне перамясцілася ва ўрочышча Гута-Міхалін, дзе адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны 78-й гадавіне вызвалення Івацэвіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пачалося мерапрыемства з памінальнай літыі на партызанскіх могілках, якую правёў свяшчэннік храма іконы Божай Маці «Дзяржаўная» іерэй Віталій. Ён памаліўся і акрапіў святой вадой брацкую і індывідуальныя магілы воінаў, загінуўшых у барацьбе супраць нямецкіх акупантаў у 1941–1944 гадах.
Ліпень 1944 года ўвайшоў у гісторыю Івацэвіччыны месяцам вызвалення. У перыяд з 8 па 11 ліпеня адзін за другім вызваляліся ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў населеныя пункты нашага раёна. Сваёй стойкасцю і адвагай партызаны і падпольшчыкі ўпісалі слаўныя старонкі ў ваенны летапіс Івацэвіцкага раёна, у гісторыю партызанскага руху на Беларусі.
Як падкрэсліў у сваім выступленні старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук, вельмі сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень па традыцыі мы збіраемся тут напярэдадні вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, каб з удзячнасцю ўспомніць аб мужнасці, стойкасці і самаадданасці ўсіх тых, хто аддаў сваё жыццё за Вялікую Перамогу.
– Адзінства дапамагло нашым прадзедам у Вялікай Перамозе над ворагам. Нам жа адзінства дапамагае берагчы гэты свет і нашу незалежнасць, – прамовіў Аляксандр Грыцук і пажадаў усім моцнага здароўя і мірнага неба над нашай зямлёй.
Вельмі кранальна і эмацыянальна гучалі словы вучаніцы Косаўскай СШ Аляксандры Былінскай.
– Я шчаслівая! Вы спытаеце, што я разумею пад словам шчасце? Я нарадзілася пад мірным небам нашай Ра-дзімы, ніколі не чула выбухаў снарадаў і грукату кананады. І чым далей ад нас гады Вялікай Айчыннай, тым больш каштоўным становіцца ўсё тое, што захоўвае памяць аб людзях, якія прайшлі дарогамі вайны. Час не можа сцерці ні аднаго радка з вялікай памяці народнай, і наш абавязак – захоўваць гэтую памяць і перадаваць яе наступным пакаленням.
Пад песню ў выкананні Анастасіі Рабчэні, хормайстра Косаўскага ГДК, дзяўчаты ў чорных жалобных сукенках запалілі свечкі як напамін аб тым, што і праз гады, і праз вякі памяць аб тых, хто застаўся ў спісках на мемарыяльных дошках, будзе вечнай.
Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых. Узнёсла гучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, які спявалі прысутныя ўдзячныя патомкі. Затым пачалася цырымонія ўскладання кветак да помніка.
Вядучыя мітынгу віншавалі ўсіх са святам – з Днём Незалежнасці. І вельмі сімвалічна гучалі ў гэтым гістарычным месцы словы пажадання міру і чыстага неба над галавой.
Святкаванне Дня Незалежнасці працягнулася на пляцоўцы каля Лядовай арэны. Дзіцячае свята песні і танца пачалося ў 16.00 з канцэрта «Са святам, Беларусь!» з удзелам дзіцячых вакальных і танцавальных калектываў
г. Івацэвічы.
Разнапланавымі былі нумары: кранальныя народныя і запальная сучасныя танцы (танчылі нават піраты пад легендарны саўндтрэк Цымера), птушкамі ляцелі ў неба песні пра родны куточак Беларусі, пра яркія моманты жыцця, якія яшчэ наперадзе, пра ягаду-малінку (куды без яе?). Цёпла сустракала публіка таленавітых юных артыстаў, былі і тыя, хто падпяваў і падтрымліваў сяброў-выступоўцаў з плакатамі.
Масу станоўчых эмоцый атрымалі дзеці, а таксама іх бацькі падчас гульнявой праграмы «Усмешкі дзяцінства». А на дэсерт было срэбна-папяровае шоу-дыскатэка, якое для маленькіх жыхароў Івацэвічаў арганізавалі мінчане. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі ў захапленні, энергія біла крыніцай, настрой быў узнёслым.
Каля Лядовай арэны працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея, цэнтральнай раённай бібліятэкі ім. П. Пестрака і іншыя, праводзіліся майстар-класы. Было цікава і пазнавальна.
Прадоўжылася святочная праграма канцэртам народнага духавога аркестра Івацэвіцкага ГДК «Пад мірным небам музыка гучыць», вакол сцэны згуртаваліся аматары інструментальных кампазіцый, якія дарылі аркестру шчырыя апладысменты.
Бліжэй да вечара людзей на пляцоўцы каля Лядовай арэны ўсё прыбывала і прыбывала. Нават у натоўпе пачулася: «Столькі людзей, як у старыя добрыя часы, да пандэміі». Кожны мог знайсці занятак і адпачынак па інтарэсах: працавалі гандлёвыя рады і кропкі гандлёвага харчавання ад Івацэвіцкага райспажыўтаварыства, палаткі прыватнікаў, атракцыёны, а на сцэне цікавасць гледачоў прыцягвалі госці з горада Гродна – артысты музычнага тэатра «Рада».
Гродзенцы здзіўлялі шматгалосым вытанчаным пералівам, яркасцю сваіх касцюмаў і, канешне, танцавальным майстэрствам. Не маглі не спадабацца народныя песні, танцы, лірычныя паэмы, замалёўкі з тонкім гумарам у спалучэнні з высокім прафесіяналізмам і душэўнай пранікнёнасцю выканання.
Далей гледачы з задавальненнем падпявалі разам з салісткамі беларускай вакальнай групы «Топлес». Прыгожыя дзяўчаты выконвалі свае лепшыя песні, а таксама вядомыя хіты іншых выканаўцаў.
Перанялі музычную эстафету артысты Івацэвіцкага гарадскога Дома культуры падчас танцавальна-забаўляльнай праграмы «Сустрэча ў стылі рэтра». Гледачы атрымлівалі асалоду ад выступлення нашых таленавітых землякоў, якія выконвалі любімыя многімі шлягеры мінулага стагоддзя.
Захапленне ў публікі выклікала шоу ад вогненнага цырка з Мінска «Крэсіва». Сімвалічна, што ў канцы выступлення перад сцэнай з’явілася слова «Беларусь», якое прыгожа свяцілася і якое гледачы сустрэлі гучнымі апладысментамі.
Акцыя «Спяваем гімн разам» стала традыцыяй суверэннай і незалежнай Беларусі. Яна яднае людзей розных пакаленняў, напаўняе пачуццём гонару за сваю дзяржаву і народ.
Феерверк, якога таксама чакалі не толькі дзеці, але і дарослыя як аднаго з важных момантаў такога маштабнага свята адсалютаваў яскравымі колерамі ў небе.
Таццяна Дылюк, Вольга Шэляговіч, Юлія Кавалёва. Фота аўтараў і Паліны Сауцінай.