Жыццё нашага земляка Яфіма Яфімавіча Цывінскага з’яўляецца яркім прыкладам служэння роднай зямлі і выбранай справе. Гэты сціплы чалавек пакінуў пасля сябе светлую памяць, якая будзе жыць у сэрцах дзяцей, унукаў, праўнукаў і прапраўнукаў, якіх яму пашчасціла дачакацца. Рупліваму працаўніку зямлі лёс адмераў доўгі век – 94 гады, наканаваў перажыць жонку і нават дваіх дзяцей. 1 снежня сэрца Яфіма Яфімавіча перастала біцца…
Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся – гэта дакладна можна сказаць пра яго. А нарадзіўся Яфім Яфімавіч 5 мая 1929 года ў в. Глінная – менавіта вясной, калі зямля абуджаецца, каб з кінутага ў яе зерня даць дружныя ўсходы. Так, напэўна, было вызначана звыш, што большая частка жыцця Яфіма Цывін-
скага звязана з работай на зямлі.
Жыццё гэтага чалавека было нялёгкім. У 14 гадоў застаўся без бацькі, яго, вясковага лекара, расстралялі немцы за аказанне медыцынскай дапамогі партызанам. У сям’і, дзе яшчэ раслі тры дачкі, Яфім застаўся адзіным мужчынам і памочнікам маці. У 1948 годзе ажаніўся на гліннянцы Марыі, а ў 1949 годзе, калі яны ўжо чакалі сына, Яфіма прызвалі на службу ў армію – служыў у г. Кандалакша Мурманскай вобласці. Пасля дэмабілізацыі скончыў Пінскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, уладкаваўся на працу спачатку ў калгас ім. Мічурына, некаторы час працаваў у калгасе «Расія», потым зноў вярнуўся ў «Мічурына», быў брыгадзірам паляводчай брыгады.
Здабываць хлеб свой надзённы цяжкай працай вучыў і сваіх шасцярых дзяцей, а яны маглі дома бачыць бацьку хіба што толькі зімовымі вечарамі. І зараз успамінае дачка Лідзія: «Клаліся спаць, таты яшчэ дома не было, а калі ўставалі зранку, ён ужо быў на працы». Помніцца Лідзіі Яфімаўне, як бацька прымушаў кожнага ў хаце з’ядаць хлеб да апошняй крошачкі – бо ведаў як ніхто яму цану. Увесь сялянскі побыт клаўся на кволыя плечы жонкі Яфіма Яфімавіча Марыі. Яна, як і ўсе спраўныя беларускія жанчыны, паспявала ўсюды: працавала паляводам, трымала дом у парадку, даглядала гаспадарку і дзяцей, а за іх годнае выхаванне была ўзнагароджана медалём Мацярынства. Калі дзеці падраслі, сталі бацькам надзейнымі памочнікамі. А Яфім Яфімавіч, адпраўляючыся на работу, быў спакойны: дома лад і парадак.
Бацька вельмі клапаціўся, каб дзеці атрымалі годную адукацыі і, канешне, жадаў, каб пайшлі па яго слядах. Так, сын Расціслаў па парадзе бацькі, хоць і марыў стаць ваенным, пасля 9 класа пайшоў вучыцца ў Пружанскі саўгас-тэхнікум, але мары аб кар’еры ваеннаслужачага не давалі спакою, і ён, забраўшы дакументы з навучальнай установы, прыйшоў дахаты пешшу. Доўга не мог бацька дараваць сыну такі ўчынак. Але мара юнацтва Расціслава ўсё ж збылася…
Няўрымслівая натура, прыроднае чуццё і гаспадарлівасць не давалі Яфіму Яфімавічу сядзець на месцы. У 1968 годзе, калі ўжо і сын Расціслаў, і дачка Лідзія былі студэнтамі, ён і сам паступае вучыцца ў Смальянскі тэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў, дадому прыязджаў толькі на канікулы, а вучоба працягвалася ажно тры гады. Прычым падчас вучобы аграрый-практык нават даваў слушныя парады высокаадукаваным выкладчыкам-тэарэтыкам. Аднак зноў трэба аддаць належнае жонцы Марыі Мікалаеўне, яна пакорліва чакала мужа з вучобы, а яе жыццёвая мудрасць не дазваляла пярэчыць яго волі.
Яфім ніколі не забываў дапамагаць сёстрам. Заробленае зерне, якое выдавалі ў калгасе ў якасці натураплаты, дзяліў найперш і на іх долю.
\Усплывае ў памяці дзяцей Яфіма Яфімавіча, якія самі ўжо сёння дзядулі і бабулі, адзін цікавы выпадак. Цывінскія збіраліся абшаляваць хату, складзеная трохкутнікам шалёўка сушылася ў двары, і рэч гэтая была на той час нятаннаю. А тут калгасная машына заязджае ў двор, вадзіцель перадае наказ ад Яфіма – узяць частку шалёўкі, каб нарасціць барты кузава ў грузавіку, бо падчас уборачнай ніводнае зернетка не павінна прасыпацца. Як ні шкада было купленай за свае мазалі шалёўкі, мусілі ўсё ж аддаць частку на карысць калгаса.
Слава пра Яфіма Цывінскага і яго брыгаду паляводаў, а таксама калгас ім. Мічурына грымела не толькі ў БССР. Зараз, разглядаючы безліч беражліва складзеных у скураны партфель узнагарод бацькі, сын Сяргей удакладняе – гэта далёка не ўсё, штосьці засталося ў сясцёр, а штосьці і страчана, бо бацька працаваў не дзеля ўзнагарод, ён не надаваў ім вялікай увагі. А сярод іх мноства ёсць і вельмі высокія: сем медалёў ВДНГ, Грамата Вярхоўнага Савета БССР, ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі і ордэн Леніна. З апошнім, дарэчы, таксама адбыўся факт, яскрава характарызуючы натуру Яфіма Цывінскага. Калі на кон былі пастаўленыя новыя «Жыгулі» і ордэн Леніна, ён выбраў ордэн, адмовіўшыся ад аўто на карысць таварыша.
З усіх дзяцей Цывінскіх раздзяліў любоў да сельскага ўкладу жыцця толькі сын Сяргей, працягваючы працоўную славу свайго бацькі. Ён ужо пенсіянер, але яшчэ працуе ў ААТ «Мічурынск» вадзіцелем, шчыра і аддана, на вартым увагі прыкладзе сваіх бацькоў, які засвоіў змалку, таму і сёння яго імя на Дошцы гонару сельгаспрадпрыемства.
Яфім Яфімавіч, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, яшчэ 10 гадоў аддаў рабоце – працаваў на зернятаку. А калі пайшоў на заслужаны адпачынак, доўга не мог змірыцца, што калгаснае жыццё ўжо ідзе без яго ўдзелу. Пазіраў у вокны, калі міма праязджалі калгасныя машыны, выходзіў на дарогу і доўга глядзеў ім услед. Да апошняга свайго дня цікавіўся сельскагаспадарчымі навінамі краіны, разважаў, каменціраваў, ацэньваў вынікі ўборачных кампаній, а, едучы з дзецьмі і ўнукамі на дачу (апошнія 7 гадоў жыў у дачок у Гродне), не мог раўнадушна глядзець на пасевы зерневых ці кукурузы – вопытным позіркам мог адразу ацаніць гаспадарлівасць.
Час няўмольна бяжыць, ён падлечыць раны і прытупіць душэўны боль родных ад незаменнай страты блізкага чалавека, але не здолее сцерці памяць пра яго – дбайнага гаспадара і сына роднай зямлі. А Яфім Яфімавіч будзе глядзець на сваіх блізкіх з партрэта – сур’ёзна, засяроджана, натхняючы іх на працоўныя здабыткі і добрыя справы.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.