Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць Праабражэнне Гасподняе.
На Успенскі пост прыходзяцца два святы, вядомыя найперш па сваіх «народных» назвах, але маючыя таксама і царкоўнае значэнне: Мядовы Спас – у царкоўным календары Вынясенне Пачэсных дрэў жыватворнага Крыжа Гасподняга, і Яблычны Спас – Праабражэнне Гасподняе. Першае з іх звязана са старажытным звычаем выносіць на дарогі і вуліцы Пачэснае дрэва Крыжа для абароны ад хвароб, якіх многа бывала менавіта ў жніўні. Па народнай традыцыі ў гэты дзень у храмы прыносяць для асвячэння мёд. І з гэтага свята пачынаецца Успенскі пост.
На яблычны спас традыцыйна асвячаюць новы ўраджай яблык, а для Царквы гэты дзень важны як вялікае дванадзясятае свята – Праабражэнне Гасподняе. Яно ўстаноўлена ў памяць аб падзеі на гары Фавор, куды Збавіцель разам з трыма найбольш блізкімі вучнямі Пятром, Іакавам і Іаанам прыйшоў для малітвы. І там, молячыся, Ён, па словах евангеліста Матфея, «преобразился пред ними, и просияло лице Его, как солнце, одежды Его сделались белыми, как свет». Пры гэтым з’явіліся старазапаветныя прарокі Маісей і Ілья і гутарылі з Ім.
Калі мы паспрабуем змяніць хоць што ў сваім жыцці дзеля Бога, то свята Праабражэння стане пачаткам нашага змянення, праабражэння душы, сэрца.
У гонар Праабражэння Гасподняга як вялікага свята веруючым падчас трапезы дазваляецца рыба. Тым не менш, варта ўлічваць, што ў пытанні адмаўлення ад скаромных страў трэба падыходзіць з розумам, посціць па сілах. Інакш «штурм Нябёс» дасягне процілеглай мэты. Успомнім настаўленне Іаана Залатавуста: «Ошибается тот, кто считает, что пост – лишь в воздержании от пищи. Истинный пост – есть удаление от зла, обуздание языка, отложение гнева, укрощение похотей, прекращение клеветы, лжи, клятвопреступления».
Падрыхтавала Валянціна БОБРЫК.
Фота з архіва «ІВ».