На мінулым тыдні рэйдавая група адправілася з чарговай праверкай па горадзе, мы наведалі каля дваццаці вуліц і завулкаў, яшчэ тры гаражныя кааператывы, падыходзілі і да меліярацыйных каналаў. Нас цікавіла, у якім стане знаходзяцца вуліцы напярэдадні зімы, як прыбралі свае двары людзі, ці ўпарадкавалі замацаваныя ўчасткі адказныя арганізацыі.

Згодна з рашэннем райвыканкама ад 25 сакавіка бягучага года наш райцэнтр быў падзелены на пэўныя зоны і за кожнай назначаны адказныя службы. Працэс навядзення парадку заўсёды ідзе прасцей, калі ёсць з каго спытаць, ці не так? Адказная служба ці арганізацыя павінна сачыць за парадкам у месцах агульнага карыстання і цесна працаваць з насельніцтвам у прыватным сектары ці са старшынямі гаражных кааператываў. Аўтар тэксту ўстрымаецца ад ацэнак убачанага, больш скажуць фота, але ў самым пачатку рэйду начальнік Івацэвіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Прус адзначыў, што праблемы ў абраным «квадраце» актуальныя і паўсюдна.

Так, у прыватным сектары, а пачалі мы з вуліц Адамовіча, Яснай, Шырокай, Славянскай (стайкаўскі напрамак), «грашаць» многія гаспадары. У гаспадарчым праездзе па вул. Адамовіча мы зафіксавалі на фота цэлы склад будматэрыялаў: блокі, дошкі, пясок і іншае, усё ляжыць тут яўна больш дазволеных 72 гадзін, такая ж карціна і па вул. Яснай, акурат за плотам невялікімі кучамі тут ляжаць разбітыя блокі, старыя дошкі, напэўна, разабраны стары плот. Па вул. Скарыны знайшлі кучы з пяском, цэглай, шыферам. Усе вуліцы ў гэтым сэнсе былі падобныя адна на адну, на кожнай знаходзіліся свае «вечныя» будаўнікі.

– За адзін падобны рэйд мы можам адправіць да дзесяці рэкамендацыйных лістоў гаспадарам с просьбай прыбраць будматэрыялы, – адзначае памочнік урача-гігіеніста ДУ «Івацэвіцкі райЦГіЭ» Наталля Талочка. – Згодна з Пастановай Савета міністраў РБ, дровы, торф, вугаль, пясок ці будматэрыялы могуць захоўвацца на тэрыторыях вуліц, якія прылягаюць да дамоў, не больш за 72 гадзіны. За такое невялікае парушэнне можна «схапіць» штраф аж да 30 базавых. Мы размаўляем з людзьмі. Найчасцей яны рэагуюць нават на славесныя заўвагі. Яшчэ адзін наш боль – гэта меліярацыйныя каналы, іх сёння на маршруце будзе некалькі, а яшчэ наш канал Безыменны. Справа ў тым, што любое паглыбленне ці яму людзі спяшаюцца запоўніць смеццем.

І сапраўды, ні адзін канал на маршруце не быў пустым. Паперкі, бутэлькі, шклянкі, яблыкі ці таго больш – часткі бытавой тэхнікі. Так, у канале па вул. Касцюшкі насупраць нарыхтоўчага пункта Івацэвіцкага райста ляжалі абломкі бытавой тэхнікі, найхутчэй халадзільніка. Атрымліваецца, усё карыснае людзі панеслі ў пункт, а тое, што не прымаюць, – схавалі ў канале…

Часам смецця мы не бачылі з-за высокіх зараснікаў, і па вул. М. Танка, і па вул. Энергетыкаў ёсць неабкошаныя месцы. Як паведамілі калегі па рэйдзе, усе гэтыя тэрыторыі таксама замацаваныя за пэўнымі арганізацыямі. Зараслі ў пояс псуюць від нашых вуліц. Такія ж «джунглі» мы ўбачылі і на некаторых зямельных участках пад будаўніцтва. Але будоўляй на іх і не пахне, скрозь зараслі ледзь разгледзіш фундамент дома ці будматэрыялы. Такія ўчасткі мы пабачылі па вул. Каліноўскага, М. Агінскага, 70 год Кастрычніка, Ільінічаў.

Па дарозе да гаражных кааператываў наша аўто не раз спынялася каля несанкцыяніраваных звалак: нехта па вул. Інтэрнацыянальнай схаваў пад плёнкай смецце і шыны, а ў зав. Кветкавым нехта зваліў у кучу сухое галлё. У падобных сітуацыях знайсці канцы заўсёды цяжка, можна
толькі спадзявацца на сумленне людзей, якія пасля чарговага напаміну прыслухаюцца і не будуць смеціць там, дзе жывуць.

Цікавыя знаходкі чакалі нас на тэрыторыі, якая прылягае да гаражнага кааператыва «Заходні» (гэта насупраць вул. М. Танка), некаторыя старыя драўляныя гаражы сталі месцам адпачынку для моладзі ці для злоўжываючых алкаголем асоб. У адну такую «аднапакаёўку» ёсць нават бакавы ўваход (нехта разабраў частку сцяны), а ў самім гаражы два крэслы – гэта старыя шыны і куча смецця пасля чарговых пасядзелак.

За некаторымі гаражамі ёсць кучы шклянак і іншага смецця, не памяшала б тут ужо прайсціся з косамі. Гаражны кааператыў № 9 не заключыў дагавор з ЖКГ на вываз смецця, хоць пэўная работа ў гэтым напрамку вялася, таму не здзіўляе той факт, што тэрыторыя кааператыва літаральна ўсеяная міні-звалкамі, на ўскрайку аднаго гаража знайшлося нават захаванне будаўнічых адходаў. Кавалкі шыферу проста прысыпалі зямлёй, так не бачна, а значыць, чыста? Тэрыторыя кааператыва неабкошаная, а старыя дошкі пасярод гаражоў адзін з прысутных гаспадароў выдаваў за дровы.

Адчуванні пасля прыезду супярэчлівыя: былі дробязі, якія, думаю, вырашацца адной прафілактычнай размовай з гаспадарамі ці адказнымі асобамі, але былі карцінкі зусім непрывабныя. Нават не ўяўляеш сабе аўтараў такой «прыгажосці». што павінна вымусіць некага вынесці мех з яблыкамі ці з бутэлькамі ў той жа канал ці проста пакінуць пасярод новай і прыгожай вуліцы?

З 31 кастрычніка па 30 лістапада ў раёне аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні, а сёння праходзіць раённы суботнік. Канечне, у тым ліку і на нашым праблемным «квадраце» сёння працуюць людзі, але ці трэба некаму кідаць такія вялікія сілы і тэхніку для таго, каб убраць гэтыя стыхійныя звалкі. Можа, прасцей іх не ствараць?..

У рэйдзе былі: Сяргей ПРУС, начальнік Івацэвіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; Наталля ТАЛОЧКА, памочнік урача-гігіеніста ДУ «Івацэвіцкі райЦГіЭ»;
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, карэспандэнт «ІВ».

Поделиться