За работай – Маладзёжны парламент з новымі ідэямі, ініцыятывамі, надзеямі

22 красавіка адбылася першая ў гэтым годзе арганізацыйная сесія Маладзёжнага парламента Івацэвіцкага раёна, на якой рашэннем Прэзідыума Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў быў сфарміраваны новы састаў Маладзёжнага парламента ў колькасці 32 чалавек.
У рабоце сесіі прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11 Наталля Голуб, старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама Юлія Сяўко, першы сакратар Івацэвіцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Кацярына Шыян.
Кароткі экскурс у гісторыю. Прэзідыумам Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў 15 красавіка 2019 года было прынята рашэнне «Аб стварэнні Маладзёжнага парламента пры Івацэвіцкім раённым Савеце дэпутатаў» і зацверджана Палажэнне аб Маладзёжным парламенце, а ўжо 18 красавіка 2019 года адбылася першая арганізацыйная сесія Маладзёжнага парламента Івацэвіцкага раёна, на якой абралі першы састаў, які, згодна з Палажэннем, дзейнічаў тры гады.
У мінулую пятніцу, 22 красавіка, у будынку райвыканкама зноў сабралася актыўная моладзь раёна, каб абраць састаў парламента другога склікання.
Асноўнымі задачамі першай сесіі другога склікання былі: па-першае, расказаць аб дзейнасці Маладзёжнага парламента, яго мэтах і задачах, якія стаяць перад моладдзю, па-другое, выбраць рабочыя органы парламента.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11 Наталля Голуб пазнаёміла прысутных з Палажэннем аб Маладзёжным парламенце пры Івацэвіцкім раённым Савеце дэпутатаў. Яна спынілася на кожнай главе, падкрэсліла асноўнае, падрабязна расказала пра правы і абавязкі членаў Маладзёжнага парламента.
– Вы з’яўляецеся для нас памочнікамі, вы – аб’яднальнае звяно паміж прадстаўнікамі дзяржаўнай улады і моладдзю. Вы лепш разумееце адзін аднаго і, значыць, зможаце лепш данесці ідэі для нашага горада і рэгіёна, а мы спадзяёмся, што зможам дадзеныя ідэі рэалізаваць, – падкрэсліла ў сваім выступленні Наталля Голуб.
Аляксандр Сарока пажадаў моладзі быць больш ініцыятыўнай, бо менавіта за ей наша будучыня, будучыня краіны. Нездарма ў новай Канстытуцыі асобным пунктам адзначана, што дзяржава спрыяе духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства.
Стварэнне і развіццё Маладзёжнага парламента з’яўляецца самым лепшым пацвярджэннем таго, што і дзяржава ў цэлым, і рэгіёны ў прыватнасці клапоцяцца аб стварэнні ўмоў для таго, каб моладзь не толькі пачулі, але і падтрымалі, далучылі да ўдзелу ў грамадскім і палітычным жыцці дзяржавы.
Таксама ў Аляксандра Фёдаравіча была і яшчэ адна важная місія: агучыць для галасавання склад прэзідыума Маладзёжнага парламента. Такім чынам, агульнай колькасцю галасоў у прэзідыум абраны наступныя прадстаўнікі:
старшыня парламента – Ангеліна Куцко, настаўнік гісторыі ДУА «Косаўская сярэдняя школа»;
намеснік старшыні – Уладзіслава Пархомік, старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Івацэвіцкага РАНС;
сакратар – Дзяніс Сяледчык, дырэктар ДУ «Івацэвіцкі раённы архіў»;
члены прэзідыума – Сцяпан Філановіч, дырэктар ДУА «Гошчаўская сярэдняя школа» і Сяргей Юрчык, галоўны інжынер ААТ «Падстарынь».
Наваспечаны старшыня Ангеліна Куцко пазней адзначыла, што для яе быць старшынёй Маладзёжнага парламента – гэта значыць дзяліцца. Сваім часам, энергіяй і настроем, дарыць надзею і падтрымку. Дзяўчына лічыць сваёй галоўнай задачай імкненне да таго, каб дзейнасць Маладзёжнага парламента дала магчымасць маладым людзям дасягаць асабістых поспехаў, увасабляць усе ідэі ў жыццё і рэалізаваць сябе і свой патэнцыял.
– Маладыя людзі павінны адчуваць, што яны сапраўды могуць уплываць на розныя працэсы ў дзяржаве – гаворыць Ангеліна. – У нашага парламента ўжо зацверджаны план работы, у рамках якога прадугледжана наведванне арганізацый у сферы дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі і прадпрыемстваў прамысловасці. Усё гэта для таго, каб моладзь разумела сутнасць пабудовы і працы эканомікі ў Івацэвіцкім раёне. Адным з вектараў работы Маладзёжнага парламента будуць гуманітарныя, адукацыйныя праекты, таксама работа ў рамках валанцёрскага руху, барацьба са шкоднымі звычкамі, прапаганда здаровага ладу жыцця. Немалаважнай часткай дзейнасці будзе падтрымка ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, клопат аб воінскіх пахаваннях, патрыятычнае выхаванне моладзі.
Іван Сяргеевіч Тургенеў неяк сказаў: «Лучшая пора в жизни человека – его молодость, потому что тогда в нем зажигается и горит то священное пламя любви к жизни, потушить которое невозможно». Гарыце, але не згарайце, няхай ваш свет ніколі не згасне, няхай агеньчык у вачах будзе вашым правадніком на ўсім жыццёвым шляху.
Паліна САУЦІНА, фота аўтара.