Загінуў пад коламі кормараздатчыка…

Звычайны працоўны дзень на адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна закончыўся трагічна адразу для двух работнікаў. Падчас чарговага кармлення цялят 67-гадовы жывёлавод выпадкова патрапіў пад колы кормараздатчыка. Машына хоць і рухалася з хуткасцю пешахода, але важыць яна тоны. Шансаў выжыць у пацярпелага не было, хоць, на здзіўленне медыкаў, ён даехаў жывым у райбальніцу, пагаварыў з медыкамі і памёр толькі праз 4,5 гадзіны ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі.
Трактар з бочкай, напоўненай брагай, рухаўся па малочнатаварнай ферме, прыпыняючыся каля карытаў. Вадзіцель чарговы раз націснуў на газ, не ўпэўніўшыся ў бяспецы такога манеўра.
Следства па справе яшчэ ідзе, абставіны, пры якіх мужчына апынуўся пад коламі бочкі, будуць устаноўленыя. Магчыма, яго падштурхнулі цяляткі, якія беглі да карыт, не выключана, што мужчына проста паслізнуўся сам, сапраўдныя прычыны яшчэ будуць устаноўленыя. Пацярпелы працаваў жывёлаводам адносна нядаўна, з лістапада 2022 года, але розныя віды работ ён выконваў у гаспадарцы ўжо з 2016-га.
Вадзіцель нават не адразу паверыў убачанаму, калі выйшаў з трактара. Пацярпелы толькі размаўляў, не было візуальных прыкмет траўміравання, нават адзенне не было пашкоджаным. Ужо ў бальніцы, калі пра наезд расказаў сам жывёлавод, а ў выніку абследаванняў высветлілася, што ў пацярпелага шматлікія цяжкія цялесныя пашкоджанні, а таксама тупая траўма грудной клеткі, жывата і таза, моцны траўматычны шок… Мужчыну проста расплюшчыла коламі пад цяжарам бочкі з брагай.
У выніку экспертыз ужо ўстаноўлена, што трактарыст рухаўся з няспраўнай тармазной сістэмай. Як такая тэхніка была дапушчана да работы – гэта пытанне. А ў адносінах вадзіцеля ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 144 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Прычыненне смерці па неасцярожнасці», яму пагражае пакаранне папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Крысціна ТАМАШУК, старшы следчы Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.