Захоўваць спакой і выпраменьваць упэўненасць
Умее Юлія Савік, урач інфекцыяніст і загадчык інфекцыйнага аддзялення стацыянара раённай бальніцы, калектыў якога першым сутыкнуўся з каранавірусам і не разгубіўся ў адказны момант
Летась імя Юліі Савік было занесена на раённую Дошку гонару. Ганаровым пераходным вымпелам адзначана і інфекцыйнае аддзяленне, якім яна кіруе. У калектыве – 25 работнікаў, амаль усе жанчыны. Яны першымі сутыкнуліся з небяспекай, якую нёс з сабой каранавірус, на працягу пандэміі неслі на сваіх кволых жаночых плячах цяжар адказнасці за жыцці пацыентаў, рызыкавалі сваім здароўем і здароўем родных, да якіх вярталіся з «бруднай» зоны.
Тым не менш першае, пра што гаворыць Юлія з журналістам, дык гэта пра ўклад у агульную справу кожнага медыка, які лячыў ці даглядаў хворых на каранавірус. Пандэмія стала сур’ёзным выпрабаваннем для сістэмы аховы здароўя, спецыялісты працавалі на знос, прымалі цяжкія рашэнні, хварэлі самі; былі перыяды, калі івацэвіцкая тэрапія нагадвала рэанімацыю, таму перамога над каранавірусам – часовая ці канчатковая – заслуга цэлай каманды медработнікаў і саміх пацыентаў, многія з якіх актыўна дапамагалі сабе паправіцца.
Аўтар радкоў добра помніць падзеі 2020 года, калі ў Івацэвічах пацвердзіўся першы выпадак COVID-19, калі адзін за адным да яго пачалі дадавацца новыя пацыенты, і 27-гадовага загадчыка інфекцыйнага аддзялення, якая апынулася на перадавой. Яна захоўвала спакой і выпраменьвала ўпэўненасць, калі давала інтэрв’ю, нібы і не адбывалася чагосьці экстраардынарнага. І яшчэ тады я падумала: гэта чалавек са стрыжнем, менавіта такі і быў патрэбны бальніцы ў той момант.
Галоўнае – вопыт
– Мяккім мой характар не назавеш. Старэйшыя калегі вучылі стойкасці, магу пастаяць і за сябе, і за калектыў, а плакаць – гэта не пра мяне, – расказвае Юлія.
Яна родам са Століншчыны, вучылася ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Інтэрнатуру прайшла ў Брэсце. Па размеркаванні была накіравана ў Белаазёрскую гарадскую бальніцу, дзе спачатку працавала інфекцыяністам у паліклініцы, доктарам стацыянара, потым стала загадчыкам інфекцыйнага аддзялення – і ўсё гэта за два гады адпрацоўкі. Спачатку было вялікае жаданне застацца ў Брэсце, і нават працуючы па размеркаванні, цэлы год па выхадных ездзіла ў абласны цэнтр на дзяжурствы. Але не склалася ні з Брэстам, ні з Белаазёрскам – пераехала ў Івацэвічы, услед за будучым (на той момант) мужам, які родам з Чамялоў, і не пашкадавала.
Выбар на карысць медыцыны зрабіла інтуітыўна. У медуніверсітэце вучылася старэйшая стрыечная сястра, у школе добра выкладаліся біялогія і хімія, і з дзяцінства была цяга дапамагаць (падбірала на вуліцы пакінутых катоў і прышывала жукам крылы). Вось гэтыя акалічнасці і паўплывалі на выбар прафесіі. Праўда, у 17 гадоў многімі яна ўспрымаецца інакш. «Здаецца, будзеш хадзіць у белым халаціку і ўсе будуць цябе любіць і паважаць», – дзеліцца Юлія. Але ўжо першыя практыкі вяртаюць летуценнікаў з нябёс на зямлю, таму ў медыцыне застаюцца не ўсе, з аднагрупнікаў субяседніцы – толькі палова. Больш даходных прафесій шукаюць хлопцы, больш простага – дзяўчаты.
А Юлія засталася і захапілася напрамкам, які абрала, яшчэ падчас праходжання інтэрнатуры. Не былі марнымі і намаганні ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, якія падчас вучобы бачылі ў студэнтах будучых урачоў, а таму былі патрабавальнымі і далі трывалыя веды. Важны момант падчас няпростай вучобы дзяўчына бачыла ў тым, што студэнты на практыках спрабавалі сябе і ў ролі санітарак, і ў ролі медсясцёр, і ў ролі ўрачоў. Так дактары вучацца ў будучыні глядзець на работу вачыма малодшага медперсаналу, без намаганняў якога пацыент не паправіўся б, гаворыць Юлія.
– У Івацэвічах я стала кіраваць зладжаным калектывам, які нагадвае сям’ю, і мяне ў яе прынялі. Мы добра ўзаемадзейнічаем, бо робім агульную справу, хоць, зразумела, бываюць розныя рабочыя моманты, – працягвае. – Наконт ролі кіраўніка скажу так. Калі паставая ці працэдурная медсястра адпрацавала 30-35 гадоў, не важна, наколькі мая пасада вышэй, чым яе. Трэба вучыцца прыслухоўвацца адзін да аднаго. Урач прыходзіць з універсітэта з базай, з ведамі, і калі да іх нічога не дадаецца, ён мала на што варты. Як дзейнічаць, падказвае ў большай ступені вопыт, а не тэорыя. У медыцыне няма кніжных сітуацый. І таму здзіўляюся, калі чую, што прыходзіць у бальніцу моладзь і адмаўляецца ад дзяжурстваў у прыёмным аддзяленні. Гэта ж бясцэнная магчымасць, бо там сутыкаешся з рознымі хваробамі і гэтага самага вопыту набіраешся. Інфекцыйныя хваробы адрозніваюцца тым, што пры правільным лячэнні ўрач звычайна вельмі хутка бачыць рэзультат, пацыент папраўляецца літаральна на вачах, і гэта мне падабаецца ў маёй рабоце.
«Ныццё не набліжае да перамогі»
А вось пацыенты з каранавірусам, якія траплялі на бальнічныя ложкі і залежалі ад кіслароду, ачуньвалі не надта хутка. Ды і з эфектыўным лячэннем вызначыліся не адразу. Юлія згадвае, што калі ў канцы 2019 года ў ЦРБ пачалі аналізаваць зводкі з Кітая і патрэбна было правесці вучобу з медработнікамі, здавалася, што ўсё гэта так далёка і нас не кранецца. І вось наступіў красавік 2020 года, у раёне – першы пацыент з кавідам, і панеслася! У тэорыі ў інфекцыйным аддзяленні ўсе ведалі, як дзейнічаць, на практыцы ж апранацца ў засцерагальны касцюм і працаваць у ім гадзінамі, літаральна абліўшыся дэзсродкамі, аказалася няпроста. Ды і новых касцюмаў не было – гэта пасля іх закупілі для інфекцыі. Хворым патрабаваўся кісларод, але ў аддзяленні не было кропак для яго падачы, сталі карыстацца кіслароднымі канцэнтратарамі і прымалі іншыя тэхнічныя рашэнні. Загадчык дапамагала і ў іншых аддзяленнях бальніцы, якія адно за другім станавіліся кавіднымі. Было псіхалагічна цяжка і страшна за людзей, за сябе, за сваіх родных, але было і тое, што суцяшала.
– Успамінаецца, як хворымі на каранавірус былі запоўненыя некалькі аддзяленняў і здараліся перабоі з дастаўкай кіслароду, бо ўсе бальніцы мелі павышаную патрэбу ў ім. Помню, як мы дзяжурылі, як хваляваліся і чакалі гэтых балонаў. Апранаешся ў касцюм, ідзеш у «брудную» зону, не ведаючы, калі адтуль выйдзеш. Хворыя цяжкія, і таму, і гэтаму патрэбна дапамога… Але калі людзям станавілася лепш, такія пачуцці накрывалі, што не перадаць, нібы свята ў цябе асабістае. Рабілі ўсё, што маглі. І сама я не толькі лячыла, але і настройвала і настройваю пацыентаў на тое, каб яны дапамагалі сабе ўстаць на ногі праз выкананне нашых назначэнняў і парадаў і не кідаліся ў паніку ці ў капрызы, верылі ў поспех. Ныццё не набліжае да перамогі, – гаворыць урач.
Дадам, што калектыў інфекцыйнага аддзялення стацыянара ў поўным складзе вакцынаваўся ад COVID-19, як толькі з’явілася такая магчымасць. І, дарэчы, дастаткова доўга ніхто з аддзялення на кавід не хварэў, ажно да лета 2022 года.
«Спіце, у нас усё спакойна»
Загадчык адзначае, што цяпер аддзяленне падрыхтавана да новых сустрэч са штамамі каранавіруса. У раённай бальніцы правялі рэканструкцыю сістэмы газавага забеспячэння, і ў выніку ў інфекцыйным аддзяленні ў 2021 годзе з’явіліся 27 кіслародных кропак, да кожнай можна падключаць двух чалавек. А кіслародная падтрымка пацыентам патрабуецца часта, нават калі ў іх няма кавіду: і бабулям з бранхітамі, і дзецям з абструкцыяй. За дзень да размовы кісларод падаваўся пацыентам у чатырох боксах.
Зразумела, што ў аддзяленні лечаць пацыентаў з самымі рознымі інфекцыямі – ад туберкулёзу і сальманелёзу да вятранкі, лечаць і дарослых, і дзяцей, і нават не абавязкова – хворых інфекцыйнага профілю. Але шпіталізаваныя хворыя на каранавірус на дадзены момант там таксама ёсць, выпадкі адзінкавыя, і тым не менш. Цяпер вось у нас трыдэмія, калі адначасова цыркулююць каранавірус, грып і рэспіраторныя вірусы, а што будзе ў лютым, можа, кавід выйдзе на першае месца? Абстаноўка па ім у свеце ўсё яшчэ неспакойная. Важна рыхтавацца да складаных сцэнарыяў, і пандэмія гэтаму навучыла.
– Калі галоўны пазаштатны інфекцыяніст Брэсцкай вобласці віншаваў нас з заканчэннем чарговай цяжкай каранавіруснай хвалі, ён сказаў, чаму, на яго думку, нас усіх навучыла пандэмія, – расказвае Юлія. – Першае: мы навучыліся цаніць не грошы, не поспех, не кар’еру, а тое, што ўсе родныя жывыя і дзесьці побач. Другое: навучыліся цаніць, што мы можам дыхаць без дапамогі апаратаў. І трэцяе: зразумелі, што мы жывём тут і зараз, а заўтра ні нас, ні нашых родных можа не быць. Таму лавіце момант, галоўнае на гэтай зямлі – паспець набыцца разам.
Юлія любіць чытаць самыя розныя кнігі. Цяпер вось захоплена серыяй кніг пра акушэрак XIX ст., разрэкламавала ў калектыве. Кажа, што калі даведваешся, з якімі цяжкасцямі сутыкаліся калегі два стагоддзі таму, калі ратаваць людзей трэба было без анічога пад рукой, здаецца, што цяпер медработнікам не так складана. Але чытае Юлія не толькі дзеля пашырэння кругагляду, а каб абстрагавацца, адключыцца ад работы. Бо прыязджаеш дамоў, а ў галаве думкі: а ці знізіўся ў пацыента цукар у крыві, ці ўпала тэмпература, ці ванітуе яшчэ тое хворае дзіця?
– Ёсць у нашага аддзялення група ў Вайберы, і я перыядычна там задаю пытанні. І, бывае, медсёстры адказваюць мне: «Спіце, у нас усё спакойна», – з усмешкай расказвае загадчык.
Між тым за гэтым «спакойна» стаяць вялікія намаганні медыкаў, такіх, як Юлія Савік і яе калектыў, у якім адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Не страшна быць пацыентам у надзейных руках, і няхай яны і застаюцца такімі ў маёй субяседніцы.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.