Заказчык аб’екта – ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», балансаўтрымальнік гарадскіх вуліц, падрадчык – філіял ДРБУ № 178 КУП «Брэстаблдарбуд». Дарожнікі выканалі работы літаральна за тры дні – ва ўмовах, калі на ажыўленай вуліцы рух быў перакрыты толькі часткова: па адной паласе ішоў асфальтаўкладчык, па другой ехалі аўтамабілі.

На рамонт участка дарогі (каля чыгуначнага пераезду), стан якога пакідаў чакаць лепшага, з бюджэту выдзелілі 135 тыс. руб. Перш-наперш спецыялісты ДРБУ № 178 правялі ачыстку існуючага пакрыцця, падгрунтоўку бітумнай эмульсіяй, затым быў пакладзены слой асфальтабетону, які выраўняў паверхню, і асноўны слой таўшчынёй 3,5 см. Асфальт, які вырабляе асфальтабетонны завод «Бронная Гара» ДРБУ № 102, пакладзены на плошчы каля 4 300 м кв. Работы праведзены з захаваннем тэхналогіі. У рамонце былі задзейнічаны каткі і аўтамабілі ДРБУ № 178, асфальтаўкладчык КУП «Брэстаблдарбуд». Дапамагалі з рэгуляваннем руху транспартных сродкаў супрацоўнікі АДАІ Івацэвіцкага РАУС.

Начальнік філіяла ДРБУ № 178 КУП «Брэстаблдарбуд» Максім СОБАЛЬ расказаў, што сёлета ў Івацэвічах аналагічны рамонт плануецца правесці на ўчастках вуліц Паштовая, 60 год Кастрычніка, Свярдлова, Чарткова, Механізатараў, а таксама на дзвюх прыдамавых тэрыторыях. Ізноў ДРБУ № 178 – падрадная арганізацыя на дадзеных аб’ектах.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться