Вуліца 60 год Кастрычніка – адна з цэнтральных вуліц райцэнтра з інтэнсіўным рухам транспартных сродкаў. Бягучы рамонт яе ўчастка «ад святлафора да святлафора» (ад перасячэнняў з вул. Леніна і вул. Дзяржынскага) быў запланаваны на гэты год і завяршыўся літаральна ўчора. Здзейснілі яго работнікі Івацэвіцкага ДРБУ-178, заказчык – Івацэвіцкая ЖКГ.
Рамонту пакрыцця папярэднічала рэканструкцыя аварыйнага моста праз канал «Івацэвіцкі» на дадзенай вуліцы. З 23 мая да 1 верасня ўчастак вуліцы, дзе месціцца мост, быў закрыты для руху аўтатранспарту, а пешаходны і веласіпедны рух арганізавалі па часовым пераездзе. Рэканструкцыю, якой займаўся філіял «МБУ № 3» ААТ «Мостабуд» (г. Баранавічы), завяршылі ў тэрмін, замест старога моста атрымалі новае сучаснае надзейнае збудаванне, якое праслужыць многа гадоў. А каб годна выглядала і дарога, што ідзе праз мост, тут замянілі старое асфальтабетоннае пакрыццё на новае – ужо не ў рамках рэканструкцыі, а па бягучым рамонце. Дарога адрамантавана на ўчастку працягласцю каля 470 м. На гэта патрачана каля 260 тыс. руб. бюджэтных сродкаў.
Новы асфальт паклалі ў два слоі пасля фрэзеравання старога пакрыцця, заасфальтавалі і некалькі з’ездаў (на аб’ект спатрэбілася 916 тон асфальтабетону, які паклалі на плошчы ў 5 574 м2). Дарожнікі замянілі на новыя і старыя дарожныя барты. Люкамі на ўчастку займаліся сувязісты і камунальнікі. Апошнія адказныя і за разметку – хутка яна тут з’явіцца.
60 год Кастрычніка – пятая вуліца райцэнтра, дзе Івацэвіцкае ДРБУ-178 выконвала сёлета рамонт. Летам новы асфальт паклалі на ўчастках вуліц Сікорскага, Чарткова, Свярдлова і Паштовай. На гэты год запланавана правядзенне аналагічных работ і на вуліцы Механізатараў.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.