Вул. Юбілейную ў в. Волька падтоплівае часта, вяскоўцы навучыліся змагацца з вадой даволі ўдала, аднак сёлета без дапамогі ім не абысціся
Прыкладна ў кіламетры ад гэтай вуліцы – рака Шчара, непадалёк на палігоне – балота, а вуліца Юбілейная – самая нізкая ў вёсцы. Мясцовыя жыхары ведаюць: вясной чакай вады. Затаплівала іх і летам падчас ліўняў, але ў сонечнае надвор’е ад праблемы хутка не заставалася ў прамым сэнсе і «мокрага месца».
Яшчэ ў 2013 годзе вёску падтапіла больш звычайнага, і па парадзе меліяратараў і з іх дапамогай людзі выкапалі ў дварах ямы. Гэта дапамагае падчас раставання балота і падняцця грунтавых вод. У арсенале мясцовых людзей заўсёды былі гумовыя боты, а бытавая тэхніка і мэбля на летніх кухнях на ўсякі выпадак у многіх стаяла на цаглінах. І вось у гэтым незвычайна «плюсавым» лютым той самы выпадак настаў.
Мясцовыя жыхаркі Любоў Канявега і Вольга Мосіна выйшлі насустрач нам у тых самых ботах з далёкіх паліц ды з рыдлёўкамі. Вольга Мосіна даволі бойкая жанчына, але пазітыўная, узялася рыць «ручайкі», каб вада пайшла ў меліяратыўныя каналы, што паблізу, ды зламала сваю рыдлёўку.
– Капнула раз-другі ды зламала інструмент, затое вадзічка пабегла! – радуецца вяскоўка. – Хоць чым, а, можа, дапамагла справе. Вада пачала прыбываць недзе дзесяць дзён таму, напачатку сітуацыя была нармальная, звычайная для нас, «плавалі» агароды, вуліца, але 5 лютага, калі вада стала набліжацца да дамоў, пазванілі старшыні сельвыканкама. Наш Ігар Браніслававіч прыехаў і вызваў выратавальнікаў. Тры дні хлопчыкі тут да сямі вечара, пакуль было відно, адкачвалі ваду. А зранку вады зноў столькі ж, калі не болей. У людзей затапіла падвалы, летнія кухні, не бачна фундаментаў у некаторых дамах. У суботу, 10 лютага, я набрала на «гарачую лінію» і расказала аб пагаршэнні сітуацыі старшыні райвыканкама, які даў адпаведным службам канкрэтныя паручэнні.
Са сваёй бядой звяртаецца да нас і Любоў Канявега, за 40 гадоў жыцця тут упершыню бачыць такі патоп, а зараз у вадзе стаіць яе скаціна: свінні, каровы. Некаторыя суседзі кінулі бярвенні ды пабудавалі дарожкі, каб можна было выходзіць з двара. У яе падтапіла летніцу, там у гаспадыні кухня, тэхніка намокла. У доме вады няма, але сыра і холадна, сем’і спяць у шкарпэтках ды каля самай печкі…
У сітуацыі разбіраліся старшыня сельвыканкама Ігар Карповіч, першы намеснік начальніка райаддзела па НС Віталій Куратнік і галоўны інжынер УП «Івацэвіцкая ПМС» Дзмітрый Міхальчык. Месца падтаплення наведаў старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў. Ён пагутарыў з людзьмі, у тым ліку з Вольгай Мосінай, якая звярталася на «гарачую лінію», і разам з імі прайшоўся па праблемных дварах, іх каля дзясятка. На той дзень «плавалі» летнія кухні ў трох дварах, у двух – лазні. Вада стаяла ўжо ў адным з нежылых дамоў. Затопленыя агароды, хлявы, двары і скляпы з гароднінай… Мясцовыя, калі прачынаюцца раніцай, баяцца ногі на падлогу апускаць, раптам вада ўжо стаіць у дамах?..
На мінулых выхадных з’явілася інфармацыя аб падтапленнях талымі водамі ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. У нашым раёне на 13 лютага ў райаддзел па НС паступіла сем званкоў са зваротамі аб падтапленнях.
– Званілі людзі яшчэ з Даманава і Магіліц, мы выязджалі на месца, каб ацаніць сітуацыю, – гаворыць першы намеснік начальніка райаддзела па НС Віталій Куратнік. – У тых выпадках у нашай дапамозе не было неабходнасці, вада была вельмі далёка ад дамоў і яе ўзровень быў вельмі нізкі. На Вольку машына з мотапомпай выязджала тры дні запар – з 5 па 7 лютага. Дзяжурная змена да самага вечара адкачвала ваду ў бліжэйшую канаву. Але гэта давала толькі часовы эфект, узровень грунтавых вод там высокі, а месца самае нізкае на вёсцы, суседнія вуліцы бяды не ведаюць, а Юбілейная пакутуе.
Адным з першых у вёсцы аказаўся і галоўны інжынер УП «Івацэвіцкая ПМС» Дзмітрый Міхальчык, ён і расказаў, што вуліцу падтапіла вадой ад раставання мясцовага балота, Шчара, што ў кіламетры адсюль, тут ні пры чым. На гэтай жа вуліцы ёсць старыя калгасныя меліяратыўныя каналы, яны былі выкапаныя недзе ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Сёння яны заросшыя і па большай частцы заваленыя смеццем, за іх добраўпарадкаванне яшчэ трэба будзе брацца. Пакуль жа на месцы падтаплення працуе брыгада аглядчыкаў гідратэхнічных збудаванняў. Перад меліяратарамі стаіць задача разбурыць бабровыя плаціны, якія ёсць у канаве паблізу. Па ўсім вадаёме 4-5 такіх плацін. Іх разбурэнне дапаможа паскорыць адыход вады. У аўторак, 13 лютага, брыгада ўжо шчыравала ў вёсцы.
Спадзяёмся, што ў бліжэйшыя дні сітуацыя выраўняецца і вада адыдзе з вуліцы, тым больш, вяскоўцы ўжо прызвычаіліся за гады да такіх прыродных з’яў, самі яны, як могуць, змагаюцца з вадой і не сумуюць. Хоць на іх агародах ужо вымаклі ўсе азімыя пасевы, а на работу пакуль яны дабіраюцца з дзвюма парамі ботаў, адны з іх – гумовыя. Думаецца, такім людзям, якія звяртаюцца па дапамогу і яе атрымліваюць, але і самі «не плошают», сапраўды, і мора, і любыя праблемы па калена.
У праблеме разбіраліся Наталля ГЕРБЕДЗЬ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).