Аўтобус рэзка затармазіў – і траўмы ад падзення

11 декабря 2017 - Administrator
article3594.jpg
Нашы грамадзяне найчасцей па ўласнай неабачлівасці і легкадумнасці становяцца ахвярамі ДТЗ. Прыйшоў час звярнуць увагу на яшчэ адну катэгорыю ўдзельнікаў дарожнага руху – пасажыраў грамадскага транспарту; як расказвае наш субяседнік Васіль Жур, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС, за апошнія месяцы ў івацэвіцкім гарадскім аўтобусе №6 двойчы рэгістраваліся здарэнні, якія прывялі да траўмавання людзей.

Вось што расказвае Васіль Жур:
– У апошні дзень верасня маршрутны аўтобус №6, даволі папулярны ў жыхароў нашых Івацэвічаў, рухаўся днём па вул. Механізатараў райцэнтра. Раптам узнікла аварыйная сітуацыя: легкавік, за рулём якога была жанчына, “падрэзаў” гэты аўтобус; вадзіцель у выніку быў вымушаны прымяніць экстраннае тармажэнне. Гэта прывяло да падзення некалькіх пасажыраў, што стаялі ў салоне аўтобуса. Адзін з пасажыраў, жанчына, атрымала цялесныя пашкоджанні, пераломы. Як бачыце, на роўным месцы жанчына атрымала сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні, вымушана была пайсці на “бальнічны”…

– Атрымліваецца, што і вінаватага няма?
– Вінаваты ўстаноўлены, бо пацярпелая спачатку звярнулася з заявай у адносінах да вадзіцеля маршрутнага аўтобуса, але, вывучыўшы справу, мы ўпэўніліся, што віна тут ляжыць на вадзіцелі легкавіка, жанчыне, якая парушыла пункт Правілаў дарожнага руху, не прадставіла перавагу пасажырскаму транспарту, які рухаецца па галоўнай дарозе. Яе дзеянні прымусілі вадзіцеля аўтобуса прымяніць экстраннае тармажэнне… Яна ўстаноўлена, прыцягнута ўжо да адказнасці, на сённяшні дзень пазбаўлена вадзіцельскіх праў. Вінаваты ёсць, пацярпелая можа звярнуцца ў судовыя інстанцыі з іскам аб кампенсацыі.

– Гэта адзіны падобны выпадак?
– На жаль, не. Напрыканцы лістапада на вул. Клютко райцэнтра таксама экстраннае тармажэнне вымушаны быў прымяніць вадзіцель гарадскога маршрута. На гадзінніку было 7.50, пешаход нечакана для вадзіцеля аўтобуса выйшаў на пешаходны пераход. У выніку экстраннага тармажэння жанчына, пасажырка, якая стаяла ў салоне аўтобуса, не ўтрымалася, упала, атрымала цялесныя пашкоджанні (зноў-такі пералом)…

– Нечакана так атрымліваецца, што маршрутны аўтобус – гэта небяспечна. Якую мадэль паводзінаў абраць, каб не аказацца ў эпіцэнтры здарэння?
– Кожны вадзіцель павінен памятаць, што, згодна з Правіламі дарожнага руху, у пэўных умовах ён абавязаны ўступіць дарогу транспарту грамадскага карыстання. Вадзіцелі ведаюць пра гэта, але часам ігнаруюць гэты пункт Правілаў. З другога боку, памятайце, што калі вы стаіце ў салоне аўтобуса, то старайцеся надзейна трымацца рукой за парэнчы. Аўтобус можа затармазіць, дадаць 
хуткасці; любы чалавек у такой сітуацыі можа ўпасці, атрымаць траўму… Асцярожным і абачлівым трэба быць 
і пасажыру, бо, як бачыце, атрымаць пералом можна ў самай нечаканай сітуацыі.
Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий