Баі без правіл паміж… жанчынамі

29 августа 2017 - Administrator
article3380.jpg

 Ёсць устойлівы жарт-выраз, што вяселле не лічыцца ўдалым, калі на ім не было бойкі. У нашым выпадку, пра які хочацца расказаць чытачам “ІВ”, гутарка пойдзе пра бойку… на памінальнай вячэры, дакладней, пасля яе. Прычым, гэтая самая бойка, што суправаджалася нанясеннем менш цяжкага цялеснага пашкоджання, узнікла паміж жанчынамі, якіх некалькі гадзін не мог разняць нават мужчына…

Але аб усім па парадку.

У Івацэвічах напачатку бягучага года памірае мужчына М., якому яшчэ не споўнілася і 60 гадоў і які доўгі час хварэў. У гэтага мужчыны была сям’я, дзеці – сын і дачка Т., але была і сужыцелька С., якая нарадзіла ад яго дачку. Усе яны праводзілі ў апошні шлях М., пасля накіраваліся на памінальную вячэру ў адну з устаноў Івацэвічаў, а пасля пайшлі працягнуць мерапрыемства ў шматпакаёвую кватэру ў шматпавярхоўцы нашага райцэнтра. Такім чынам, у адной кватэры сабраліся людзі, паміж некаторымі з іх у прынцыпе не магло быць добрых адносін, бо жанчына-разлучніца, якая калісьці хацела “забраць бацьку” з сям’і, згадзіцеся, не вельмі цягне на ролю лепшай сяброўкі.

У той кватэры паміж дачкой памерлага і яго сужыцелькай узнікла спрэчка, якая перарасла ў бойку і цягнулася… некалькі гадзін. Каб больш дакладна перадаць карціну дзеі, згадайце вершы Лермантава “…сплетясь, как пара змей, обнявшись крепче двух друзей, упали разом и во мгле бой продолжался на земле”. Жанчын ва ўзросце каля 40 гадоў, якія качаліся па падлозе, учапіўшыся адна другой у валасы, не мог разбараніць нават мужчына. Скончылася тым, што была выклікана міліцыя, усіх удзельнікаў бойкі завезлі на медагляд. Вось тут і высветлілася, што ў ходзе гэтай бясконцай валтузні ў С. зламана нага… А кровападцёкаў, шрамаў на кожнай было безліч! А колькі вырваных валасоў! Пацярпелая С., якая атрымала пералом, звярнулася ў праваахоўныя органы, была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да Т..

Звярну ўвагу яшчэ на тое, што пацярпець у гэтай сітуацыі давялося многім, бо Т. у рэшце рэшт страціла работу (яна працавала ў структурах, дзе ўзбуджэнне крымінальнай справы ў адносінах да работніка недапушчальна), а С. вельмі доўга лячылася, але ліст непрацаздольнасці ёй не аплачваўся, бо трапіла яна ў медустанову і атрымала цялесныя пашкоджанні ў стане алкагольнага ап’янення.

І вось суд. У ходзе разгляду справы Т. была прызнана вінаватай. Санкцыя – 240 гадзін грамадскіх работ, з яе таксама спагналі 2 000 рублёў на карысць пацярпелай.

Колькі слоў маралі. Цудоўныя адносіны ў кожнага з нас складваюцца далёка не з усімі людзьмі, якія нас акружаюць. Такое жыццё; усім мілым, як кажуць, не будзеш. Але важна імкнуцца больш бавіць часу з тымі, хто нам сябра, і менш з тымі, з кім адносіны не склаліся. Бо ў рэшце рэшт, старыя крыўды вылезуць наверх і справа можа скончыцца такой валтузнёй, што расцягнуць лю-дзей зможа толькі міліцыя… З усімі наступствамі.
Сяргей ПАДСАДНЫ, следчы па асабліва важных справах райаддзелаСледчага камітэта Рэспублікі Беларусь.                
Комментарии (0)
Добавить комментарий