Пагроза нажом – не жарты 

12 октября 2017 - Administrator
article3478.jpg

 Класік калісьці звяртаў увагу, што калі на сцяне вісіць ружжо, то некалі яно абавязкова выстраліць. Такім умоўным “ружжом” у многіх нашых сем’ях становяцца сямейныя скандалісты. І пэўная частка з іх не абмяжоўваецца славеснымі пікіроўкамі і славеснымі пагрозамі. 


Вось і ў сям’і, якая пражывае ў Быцені, скандалы і сваркі сталі звычайнай справай. Гаспадыні, назавем яе ўмоўна А., – 55 гадоў, яе сужыцелю Б. – 51; разам жывуць каля 10 гадоў. У міліцыі добра ведаюць гэтую сям’ю, тым болей, што Б. – раней судзімы… У ходзе чарговай сваркі Б. (ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення) вырашыў для “выхавання” жонкі выкарыстаць не толькі лексічны запас; схапіўшы ў рукі нож, падышоў да яе і папярэдзіў, што калі яна будзе яму пярэчыць, то ён яе зарэжа. Тым болей, што “…раней у турме сядзеў і сесці ў турму зноў не баюся”. 

Пасля такой пагрозы А. звярнулася ў міліцыю. Пакуль праваахоўнымі органамі праводзілася праверка, А. і Б. ужо памірыліся, у гаспадыні прапала жаданне прыцягваць да адказнасці Б., тым не меней, па хадайніцтву Івацэвіцкага РАУС пракурорам раёна была ўзбуджана крымінальная справа. 

…Ужо не раз звярталася ўвага на тое, што не меней за палову з ліку ўсіх крымінальных здарэнняў нам пастаўляе сямейна-бытавая сфера. Таму праваахоўныя органы асаблівую ўвагу надзяляюць тым сем’ям, дзе здараюцца скандалы, дзе злоўжываюць алкаголем… Прабачце, але лепш жыць паасобку, чым з мужам, які, каб даказаць сваю “праўду”, хапаецца за нож… 
Андрэй ПРАДЗІЛЬШЧЫКАЎ, старшы следчы Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий