Трагедыя каля возера Вулькаўскае

22 октября 2017 - Administrator
article3494.jpg
21 кастрычніка, калі на гадзінніку было каля пяці гадзін раніцы, на 2-м кіламетры аўтадарогі Целяханы-Выганашчы адбылося дарожна-транспартнае здарэнне: вадзіцель легкавіка “Мерсэдэс”, што рухаўся па аўтадарозе непадалёку ад фестывальнай пляцоўкі каля возера Вулькаўскае, не справіўся з кіраваннем на закругленні дарогі. Машыну вынесла ў кювет, дзе яна ўрэзалася ў дрэва. 

У выніку здарэння загінула 17-гадовая дзяўчына, пасажыр. Вадзіцель і яшчэ адзін пасажыр, 26-гадовы родны брат загінуўшай, атрымалі цяжкія траўмы і былі шпіталізаваны. Усе яны жыхары Вулькі-Целяханскай. Ніводзін з іх не быў прышпілены рамянём бяспекі. 

Па папярэдніх даных, 25-гадовы вадзіцель “Мерсэдэса” кіраваў аўтамабілем, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення. Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч.4 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Парушэнне Правіл дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам і знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула смерць чалавека”. 
Васіль ЖУР, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий