Вярнуць каханне… з дапамогай кулакоў

28 сентября 2017 - Administrator
article3447.jpg

Гэтыя падзеі адбываліся ў Івацэвічах. Маладую дзяўчыну пакрыўдзіў 25-гадовы яе кавалер Т., з якім яна сябравала і сустракалася даволі доўга. Трэба было дзесьці “зліць крыўду”, і дзяўчына аб гэтым сваім “горы” расказала знаёмаму – 26-гадоваму жыхару Івацэвічаў Б., а той не мог бачыць спакойна слёзы дзяўчыны і накіраваўся “выхоўваць” кавалера.

 

Шляхі Т. і Б. перасекліся; знаходзячыся на вуліцы каля дома №37 па вул. Леніна ў Івацэвічах, Б. накінуўся з кулакамі на Т., збіў яго, нанёсшы меней цяжкія цялесныя пашкоджанні па прыкмеце доўгага расстройства здароўя ў выглядзе пералому ніжняй сківіцы, кровападцёкаў пад вокам.

За справу ўзяліся праваахоўныя органы, у адносінах да 26-гадовага Б. была ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 149 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

У гэтай сітуацыі самае дзіўнае, што вышэйзгаданая дзяўчына і Т. памірыліся, каханне ўспыхнула паміж імі з новай сілай, а вось Б. прыйдзецца адказваць за свае самаўпраўства ў судзе; спроба “дапамагчы” кулакамі вярнуць каханне можа яму дорага абысціся.

Віталь ПУШЫЛА, старшы следчы Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.      

Комментарии (0)
Добавить комментарий