Высвятленне адносін з дапамогай нажа

6 июля 2017 - Administrator
article3275.jpg

Кожная сям’я нешчаслівая па-свойму, звяртаў увагу Леў Талстой, а мы вымушаны дадаць да слоў класіка, што кожны член нешчаслівай сям’і з крытычнага становішча бачыць свой выхад. На жаль, многія нашы грамадзяне “тлумачальную работу” з мужам або жонкай, з сужыцелем або сужыцелькай праводзяць так, што без праваахоўных органаў пасля не разабрацца.


Жыхарка Амяльной моцна пасварылася са сваім сужыцелем – і ў парыве злосці схапіла нож і ўдарыла яго ў нагу. Трэба адзначыць, што гэтая пара пражывае разам каля 20 гадоў, але, відаць, і за гэты тэрмін “не сцярпелася – не злюбілася”, хаця абвінавачваемая – пенсіянерка. Штосьці падобнае адбылося ў сям’і з в. Вялікая Гаць, дзе нецвярозы сужыцель Д., які пражывае са сваёй сужыцелькай сумесна каля 15 гадоў, схапіў нож і нанёс ёй удар – зноў-такі ў нагу.


Некалькі дзён назад у райаддзел міліцыі паступіла паведамленне дыспетчара “хуткай” аб тым, што факт нанясення цяжкага цялеснага пашкоджання зафіксаваны ў Івацэвічах, у шматпавярхоўцы па вул. 60 год Кастрычніка, 11. Як высветлілася, тут у ходзе ўзніклых спрэчкі і сваркі гаспадыня кватэры А. нанесла ўдар нажом у вобласць жывата свайму сужыцелю, які, дарэчы, маладзей яе на 10 гадоў. Узбуджана крымінальная справа.


Яшчэ адзін нядаўні выпадак. У адной з кватэр у Івацэвічах успыхнула спрэчка паміж жанчынай-пенсіянеркай і яе дачкой, якая выказвала маці прэтэнзіі, што апошняя не дапамагае ёй матэрыяльна, тая ў сваю чаргу даказвала, што дачка з дзіцем сядзяць “у яе на шыі”. Раз’юшаная маці схапіла нож, закрычала, што некалі яна не стрымаецца і зарэжа дачку. Сужыцель дачкі паспеў адцягнуў жанчыну ўбок, выклікаў міліцыю.

Узбуджана крымінальная справа па арт. 186 “Пагроза забойствам”… А нам застаецца дадаць, што сямейна-бытавая сфера – асноўны “пастаўшчык” крымінальных здарэнняў у нашым раёне.

Вераніка ЦІТКО, старшы следчы райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь,  Алег МЯЛІК, старшы следчы райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.  

Комментарии (0)
Добавить комментарий