Злодзею не спатрэбіўся і пін-код

24 мая 2017 - Administrator
article3170.jpg

Жыхар Івацэвічаў К. згубіў пластыкавую картку “Беларусбанка”, пэўны час патраціў на тое, каб знайсці яе, але за гэты час з карт-рахунку дадзенай карткі неўстаноўленая асоба паспела ажыццявіць аплату заказу на сайце “Аліэкспрэс”.

 

Вось як развіваліся падзеі. Картку знайшла Л., жыхарка Івацэвічаў, якая вырашыла дапамагчы знайсці яе ўласніка наступным чынам: размясціла адпаведную аб’яву ў інтэрнэце, у сацыяльнай сетцы “Вконтакте”. У хуткім часе жанчыне паступілі паведамленні асоб, што, маўляў, яны згубілі картку і, каб поўнасцю ўпэўніцца ў гэтым, трэба сфатаграфаваць картку з двух бакоў і прадэманстраваць фотаздымкі. Л. так і зрабіла, яна і не падазравала, што ў гэтай просьбе можа быць зламысны падтэкст. Але літаральна цераз паўтары мінуты пасля дэманстрацыі фотаздымкаў з карт-рахунку К. была праведзеная аплата заказу на сайце “Аліэкспрэс”... Як пасля высветлілася ў ходзе следства, паведамленні Л., на якія яна “купілася”, ішлі з акаўнтаў, што былі зарэгістраваны на выдуманых асоб.

 

Адсюль мараль: кожны ўласнік пластыкавай карткі павінен ведаць, што ад чужога вока трэба хаваць не толькі пін-код, але і любыя іншыя лічбы, якія ёсць на картцы. Бо падчас аплаты тавараў і паслуг у сетцы інтэрнэт не заўсёды патрэбны і пін-код, а зламысніку хопіць некалькі мінут, каб “апаражніць” ваш карт-рахунак. Івацэвіцкім райаддзелам Следчага камітэта ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў, каб устанавіць асобу зламысніка, а мы яшчэ просім уласнікаў картак, што пры яе страце трэба як мага хутчэй паведамляць аб гэтым у банк (каб быў заблакаваны рахунак) або ў правахоўныя органы.

Дзяніс ВАЛОШЧЫК, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.      

Комментарии (0)
Добавить комментарий