А Вы праверылі сваю печ?

7 сентября 2017 - Александра Джежора
article3395.jpg

 З году ў год печ па-ранейшаму застаецца надзейнай  крыніцай цяпла для большасці вяскоўцаў. Аднак карыстальнікам печаў варта памятаць, што печ з’яўляецца не толькі крыніцай цяпла, але і небяспекі.  Толькі ў бягучым годзе  печы сталі прычынай узнікнення 9-ці пажараў.

Пажар з-за печы ўяўляе сабой даволі вялікую пагрозу як самому збудаванню (а гэта найчасцей жылы дом, летняя кухня альбо лазня, што цягне даволі ўнушальныя матэрыяльныя страты), так і складае пагрозу самім домаўладальнікам. Варта адзначыць, што калі летась пажары разгараліся  па прычыне парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі пры карыстанні печамі, то сёлета пажары ўзнікаюць з-за няспраўных печаў. У асноўным з-за  няспраўнасці дымаходаў (з’яўленне трэшчын дымахода ў вобласці гарышча), няправільнай ці поўнай адсутнасці супрацьпажарных раздзелак у месцах, дзе дымаход праходзіць праз перакрыцце ці балкі збудаванняў сутыкаюцца з дымаходам. Нярэдка і сам корпус печы з цягам часу трэскаецца, а гаспадары не спяшаюцца ліквідаваць гэтыя трэшчыны, атынкаваўшы і пабяліўшы сваю печ.

Выратавальнікі рэгулярна праводзяць маніторынгі супрацьпажарнага стану прыбораў ацяплення ў жылых дамах. Найбольшая ўвага нададзена тым дамам, дзе жывуць прадстаўнікі так званай сацыяльна ўразлівай  катэгорыі. Прадстаўнікі раённай службы МНС частыя наведвальнікі дамоў адзінокіх састарэлых грамадзян, інвалідаў і шматдзетных сем’яў. Часта ў поле зроку выратавальнікаў трапляюць і тыя грамадзяне, якія жывуць адны альбо разам з састарэлымі, хворымі бацькамі і пры гэтым маюць нястрымную схільнасць да курэння і злоўжывання спіртнымі напоямі. 

Звяртаем увагу чытачоў, што найперш кожны домаўладальнік павінен сам праяўляць заклапочанасць аб пажарабяспечнасці свайго жылля. Гэта напрамую тычыцца і спраўнасці ацяпляльных прыбораў. З рамонтам печаў, калі ён патрэбен, марудзіць нельга. Будаваць жа новую печ павінен кваліфікаваны пячнік. Выпадковыя “майстры” часам будуюць пад заказ печы ў лазнях і вынік такога лёгкадумства для гаспадароў хутка абарачаецца пажарам.

Корпус печы павінен быць суцэльным, без трэшчын. Усе згаральныя прадметы (гэта найперш ложкі і канапы) на перыяд ацяпляльнага сезону трэба адсунуць на адлегласць не меней, за паўметра. Атынкаваным і пабеленым (апошняе трапляецца ўсё радзей) павінен быць і сам дымаход на гарышчы. Гэта дапаможа хутчэйшаму выяўленню магчымых трэшчын. Дарэчы, дымаход варта аглядаць перыядычна, а не аднойчы ў 5-10 год эксплуатацыі печы. Неабходна ачышчаць своечасова дымаходы ад сажы, бо менавіта яе гарэнне, а значыць і павышэнне тэмпературы  спрыяе з’яўленню трэшчын. Звярніце ўвагу на спраўнасць дзверкаў і паліце ў печах з зачыненымі дзверкамі. Не дапускайце выпадзення гаручага вуголля з тапліўнікаў печаў. На падлозе перад тапліўнікам прыбіце ліст бляхі памерам не меней за 50х70 см, і не накрывайце яго дыванамі, не складвайце на ім дровы. Ніколі не скарыстоўвайце для распалу дроў у печах лёгкаўзгаральныя вадкасці.

Не спяшайцеся зачыняць заслонку дымавой трубы, пакуль не пераканаецеся, што  паліва (дровы, а тым болей торфабрыкет) згарэлі канчаткова. Не забывайцеся, што атручэнне чадам можа прывесці да гібелі.

Дарэчы, ахвяра сёлетняга пажару ў Кушнярах, які адбыўся на пачатку студзеня – ахвяра менавіта пячнога пажару.

Засцеражыце сябе і сваё жыллё ад пажару!

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий