Акцыя працягваецца!

2 октября 2017 - Дарья Вдовина
article3458.jpg

У Івацэвіцкім раёне праходзяць мерапрыемствы рэспубліканскай акцыі “Моладзь – за бяспеку!”, мэта якой: папулярызацыя і прапаганда дзейнасці БМГАВП.

У рамках першага этапа акцыі прадстаўнікі райаддзела па НС разам з сваімі юнымі памочнікамі аказваюць пасільную дапамогу адзінокім састарэлым грамадзянам і інвалідам. Найбольш дапамога юных выратаванікаў  патрабуецца жыхарам прыватнага сектара альбо вяскоўцам.

Актывісты маладзёжнай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных з ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы” разам з старшым інспектарам ГПіУГ райаддзела па НС Валерыем Молашам напярэдадні Дня настаўніка завіталі да былой настаўніцы сваёй школы, а цяпер адзінокапражываючай пенсіянеркі Веры Рыгораўны Васілеўскай. 40 гадоў жыцця аддала выкладанню роднай беларускай мовы і літаратуры Вера Рыгораўна. Колькі год працавала ў Стайкаўскай школе, а потым прывівала любоў да мілагучнай роднай мовы юным жыхарам Івацэвічаў. Зараз Вера Рыгораўна жыве адна ў прыватным доме, часта падводзіць здароўе. 85-гадовай жанчыне дапамагае ў некаторых гаспадарскіх справах сацыяльны работнік.  Аднак былая настаўніца не замкнулася ў сваім вузенькім коле жыцця пенсіянера: яна па-ранейшаму многа чытае, цікавіцца жыццём школы і яе вучняў. А таму заўсёды рада такім гасцям.

 

Рабяты павіншавалі Веру Рыгораўну з надыходзячым святам, падарыўшы ёй  букет кветак і маляўнічую паштоўку-зпапрашэнне на ўрачыстасці ў гарадскі Дом культуры, прысвечаныя прафесійнаму святу настаўнікаў. Большасць  работ, якія патрабуецца выканаць у двары, каб дапамога  рабят сапраўды аказалася слушнай, гаспадыня прасіла выканаць крыху пазней. А вось паздымаць з вокнаў шторы, каб падрыхтаваць іх для сціркі (што складана зрабіць самастойна любому сталаму чалавеку) яна папрасіла зараз. Яшчэ дапамаглі прыбраць гародніну.

 

Былі яшчэ і шчырыя, глыбокія ўспаміны аб вучобе і далейшай працы былоў настаўніцы, якія рабяты слухалі з непрыхаванай цікавасцю. На развітанне юныя вогнеборцы пажадалі настаўніцы-ветэрану добрага здароўя, не хварэць, а жыць доўга і бяспечна. А Вера Рагораўна ў сваю чаргу пачаставала рабят смачнымі яблыкамі і духмянай, а таксама надвычай салодкай малінай з уласнага саду.

 

Акцыя “Моладзь – за бяспеку!” у раёне працягваецца. 

 

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

Комментарии (0)
Добавить комментарий