Як тваё прозвішча, дзе ты жывеш?

11 октября 2017 - Дарья Вдовина
article3474.jpg

Каб папярэдзіць, прадухіліць вогненную бяду ці якое іншае здарэнне, якое магчыма па віне альбо з удзелам малалетніх дзяцей, Івацэвіцкія выратавальнікі ўсё часцей сустракаюцца з выхаванцамі дзіцячых дашкольных устаноў горада і раёна. Мэта іх візітаў у дзіцячыя сады -  зноў і зноў нагадаць малым хлопчыкам і дзяўчынкам аб той небяспецы, якая літаральна падпільноўвае маленькага чалавечка на кожным яго кроку. Найперш гэта агонь, вада і дарога.

 

Менавіта аб небяспецы агню і распачынаецца  сустрэча-гутарка з выхаванцамі. І такія прафілактычныя гутаркі не страчваюць сваёй актуальнасці і зараз, з надыходам асенне-зімовага перыяду. У адрозненні ад лета, калі дзеці большасць часу праводзяць на вуліцы, з пахаладаннем, а тым болей узімку малыя ўсё часцей застаюцца дома, у цеплыні і ўтульнасці. Несумненна, у дзіцячым садзе яны пастаянна знаходзяцца пад пільным наглядам выхавацеляў. Але вось нехта захварэў, прастудзіўся і бацькі вымушаны пакінуць свайго сыночка ці дачушку дома. Нягледзячы на пастаянныя папярэджанні наконт забароны пакідаць малалетніх дзяцей дома адных, не сакрэт, што такія факты маюць месца.

 

Вось і нагадваюць выратавальнікі хлопчыкам і дзяўчынкам аб небяспецы агню і вады, аб мерах перасцярогі, характэрных для той ці іншай небяспечнай сітуацыі. Гавораць і пра тое, наколькі пяшчотны і лагодны бывае агонь, калі яго берагчы, кантраляваць і якім бязлітасным робіцца ў адно імгненне, калі вырваецца на волю з-пад улады чалавека. Узгаданне прычын узнікнення пажараў, правілаў бяспекі каля агню і сродкаў пажаратушэння  абагулена  гульнёй у пытанні і адказы. Дзеці  дасканала пералічваюць магчымыя прычыны пажараў, падрабязна называюць асобныя патрабаванні правілаў бяспекі, магчымыя сродкі тушэння агню. І калі на пытанні, зададзеныя прадстаўніком раённай службы выратавання часцей адказваюць дружна і аднагалосна, то вось “выклікаць выратавальнікаў” па тэлефоне яны спрабуюць кожны асобна. А выклік накіроўваюць на свае ўласныя дамашнія адрасы.І вось тут часам з’яўляюца сапраўдныя жыццёва важныя праблемы: не ўсе дзеці з ліку нават старшагрупнікаў дасканала ведаюць дамашнія адрасы, свае прозвішчы. Пры гэтым ёсць і такія выхаванцы дзіцячых садоў, якія памятаюць нумары хатніх тэлефонаў з пяці лічбаў, а то і сямізначных мабільных тэлефонаў сваіх тат і мам. Насамрэч, навучыць гэтаму сваіх дзяцей – прамы абавязак найперш бацькоў, а не выхавацеляў дзіцячых дашкольных устаноў.

 

Далей у працяг гутаркі з дзецьмі праводзяцца конкурсы загадак па абмяркоўваемай тэматыцы, дэманструюцца мультфільмы абучаючага напрамку папулярнага і ўжо добра вядомага серыялу “Чароўная кніга МНС” напрамку. І правільныя адказы на пытанні, і правільныя адгадкі, і правільна “выкліканыя” выратавальнікі тут жа заахвочваюцца прызамі. Найперш гэта дзіцячыя размаляванкі. Той жа, хто здолее сваімі ведамі асноў бяспечнасці жыццядзейнасці сабраць найбольш размаляванак, атрымоўвае своеасаблівы супер-прыз – маляўнічую, павучальную кніжку-казку “Прыгоды дашы ў краіне небяспек”.

 

Гэтыя “Урокі бяспекі” выратавальнікі арганізоўваць і праводзяць разам з работнікамі ДУК “Івацэвіцкая раённая клубная сетка”, якія за 20-25-хвілінную дэманстрацыю мультфільмаў праз мультымедыйную ўстаноўку на вялікім экране выдаюць білеты коштам 54 капейкі. Варта адзначыць, што выратавальнікі прызамі-размаляванкамі заахвочваюць веды дзяцей, а кошт білетаў не мае тут ніякага дачынення. Гэта – білет на прагляд мультфільмаў.

 

Часам у некаторых вясковых садах можна чыць ад выхавацеляў, што некаторыя бацькі выказваюць абурэнене: маўляў, грошы плоцяць усе, а размаляванкі атрымоўваюць адзінкі. Што ж, не варта пускаць такую адказную справу, як навучанне сваіх дзяцей мерам бяспекі, што называецца, насамацёк, ківаючы на выратавальнікаў ды выхавацеляў. У дзіцячых садах раёна даволі многа дзяцей, якія за такі “Урок бяспекі” дзякуючы сваёй эрудыцыі могуць атрымаць каля дзесятка прызоў-размаляванак. Тым самым кампенсаваўшы страты бацькоў у 54 капейкі ў дзесяткі разоў.

 

Такія своеасаблівыя “Урокі бяспекі” ужо ў сёлетнім кастрычніку прайшлі для хлопчыкаў і дзяўчынак у ДУА “Любішчыцкі дзіцячы сад”, ДУА “Стайкаўскі дзіцячы сад”, ДУА “Гошчаўскі дзіцячы сад”, ДУА “Зеленаборскі дзіцячы сад”, іншых дашкольных дзіцячых установах райцэнтра і раёна.

 

Мяркуецца, што пасля такіх стасункаў наўрад ці маленькія дзіцячыя ручкі пацягнуцца да скрынкі запалак альбо бліскучай запальніцы.

 

Валерый МОЛАШ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий