Шчодрасць лясоў тоіць небяспеку

3 октября 2017 - Дарья Вдовина
article3456.jpg

Сёлета нашыя лясы, як ніколі, надзвычай шчодрыя на свае дары. Асабліва радуе аматараў ціхага палявання колькасць і разнастайнасць грыбоў. Аднак выратавальнікі канстатуюць, што колькасць грыбоў і ягад у лесе бадай, што прама прапарцыянальна колькасці людзей, якія заблудзіліся ў лесе пад час іх збору.  Штодзень з пачатку верасня ў аддзелы міліцыі  з просьбай дапамагчы ў пошуках родных людзей, якія не вярнуліся з лесу, вяртаюцца дзесяткі жыхароў рэспублікі. Толькі з пачатку верасня іх налічылі амаль тры сотні. Па стану на 25 верасня працягваюцца пошукі 17 жыхароў рэспублікі, пошукі паловы з іх доўжацца болей за 10 дзён. Вядома, што з кожным пошукавым днём шанцаў знайсці прапаўшага ў лесе чалавека жывым усё меней і меней. Аднак трэба спадзявацца на лепшае. Найбольш згубілася людзей у лясах Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей. Значная большасць тых, хто заблудзіўся – гэта людзі сталага ўзросту. Самай старэйшай была жыхарка Бабруйшчыны 1926 года нараджэння. Больш за 10 дзён у Белавежскай пушчы  доўжацца пошукі 10-гадовага хлопчыка, які прапаў яшчэ 16 верасня. У выхадныя дні 23-34 верасня хлопчыка шукалі каля двух тысяч чалавек: выратавальнікі, міліцыянеры, вяскоўцы і добраахвотнікі з розных куткоў краіны. Пакуль безвынікова. Гэта самая масштабная пошуковая аперацыя ў нашай краіне.

 

А ўжо зусім хутка распачнецца масавы збор журавін. І гэтыя паходы за ягадамі не меней небяспечныя, бо гэта – балота.

Часам аб тых, хто заблудзіўся ў лесе, кажуць, што яны сталі ахвярай лесавіка, які блукае і кружыць побач з тым, хто з’явіўся ў лесе. Дык каб не блукаць па лясных лабірынтах, збіраючыся ў лес па грыбы ці ягады, выконвайце наступныя правілы. Нагадаю толькі, што гэтымі жыццёва важнымі патрабаваннямі не грэбуюць нават самі работнікі лесу: ляснікі, егеры, паляўнічыя.

Найперш, па магчымасці не хадзіце ў лес па адным і звяртайце ўвагу на надвор’е: калі пахмурна, то паход у лес лепей адкласці. Памятайце, што ў лесе будзе значна цямней. Апранайце зручнае, непрамакаемае адзенне і абутак пажадана яркага, светлага колеру, а не камуфляжную ці колеру “хакі”.

 

Абавязкова бярыце з сабой мабільны  тэлефон з цалкам зараджанай батарэйкай і тады, калі згубіцеся, зможаце патэлефанаваць родным альбо адразу выратавальнікам і паведаміць ім з якога населенага пункту вы выйшлі і з якога боку ўвайшлі ў лес, раскажыце, што бачыце навокал.

 

Неабходна ўзяць з сабой компас, ваду, нож, лекі (калі патрэбны), запалкі ці запальніцу. Абавязкова паведаміце родным ці суседзям аб сваім мяркуемым лясным маршруце і часу вяртання з лесу. Своечасова інфармуйце іх, калі вашыя планы змініліся. Не адпускайце ў лес дзяцей і людзй сталага ўзросту.

 

Перш, чым пайсці глыбей у лес, агледзьцеся і звярніце ўвагу на сонца. Запомніце, з якога яно боку: калі з правага, то пры выхадзе з лесу ў тым жа накірунку патрэбна, каб яно аказалася з левага боку.

 

Калі ж вы ўсё ж заблудзіліся , а ў вас няма ні тэлефона, ні компаса, а сваё месца знаходжання вы не здольныя вызначыць нават прыблізна, то ў першую чаргу вам неабходна спыніцца і супакоіцца, далей трэба вырашаць наступныя задачы: зарыентавацца, здабыць агонь і ваду (так можна пражыць каля сямі дзён), абараніцца ад начнога холаду і ўвогуле арганізаваць начлег. Калі вы спадзеяцеся на дапамогу выратавальнікаў, шукаючых вас родных і сяброў, то заставайцеся на месцы. Абсталюйце месца для начлегу, паклапаціцеся, каб шукаючыя вас не прайшлі міма, а для гэтага павесце на куст ці галінку дрэва побач нававую хусцінку ці што іншае, зламайце некалькі галін.

 

Спадзяюся, што чытаючы гэтыя радкі ў вас не знікне жаданне наведаць такое прыгожае, поўнае свежага паветра, а разам загадкавае і таямнічае месца, як восеньскі лес. Галоўнае, каб вы маглі справіцца з любым надзвычайным здарэннем, якая можа здарыцца ў лесе. А яшчэ лепей, калі такіх сітуацый з вамі не будзе зусім…

 

Зыходзячы з дому (не столькі важна куды менавіта вы пайшлі і на які час), заўсёды вяртайцеся назад. Абавязкова вяртайцеся дамоў…

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

Комментарии (0)
Добавить комментарий