“Перасоўныя гандляры” актывізаваліся

6 декабря 2017 - Administrator
article3583.jpg

У наш час фіксуецца шмат, так бы мовіць, гібрыдных злачынстваў, за якія ўмоўнага зламысніка цяжка, часам амаль немагчыма прыцягнуць да адказнасці. Да прыкладу, некалькі дзён назад жыхар Аброва купіў у “перасоўных гандляроў” пад выглядам якасных нямецкіх будаўнічых інструментаў рознага “барахла” на… 25 мільёнаў недэмінаваных рублёў. Гэтых гандляроў і след прастыў, а людзі, якія насамрэч купілі тавар нейкага незразумелага паходжання, тэлефануюць у райаддзел міліцыі, маўляў, нас падманулі...

 

Перад міліцыяй стаіць звышскладаная задача – знайсці гэтых “добрых людзей”, якія “ашчаслівілі” пакупніка з Аброва… І падобныя звароты зусім не рэдкасць. Ніяк не ўдаецца ў нашым грамадстве пераадолець традыцыю – купляць самы розны тавар дзе заўгодна, але толькі не ў афіцыйна зарэгістраваных гандлёвых кропках. Як вынік людзі набываюць сумніўнай якасці інструмент, посуд, адзенне… Хаця ўсё гэта можна купіць афіцыйна ў магазіне, атрымаць чэк. І калі з’явяцца прэтэнзіі, то вы будзеце ведаць, да каго з гэтымі прэтэнзіямі звяртацца.

 

А праблема ўстаноўкі фільтраў, якія таксама прапаноўваюць розныя “карабейнікі”? Спачатку людзі (найчасцей пажылыя вяскоўцы) згаджаюцца з прапановай, падпісваюць паперы, ім устанаўліваюць фільтр, але праз дзень-другі пенсіянерку наведваюць дзеці, унукі, якія не могуць зразумець: ці была неабходнасць ва ўстаноўцы гэтага прыбора, коштам у некалькі сот рублёў. Зноў скаргі-звароты…

 

Каб не трапіць у падобную сітуацыю, параю кожнаму: не прымайце хуткіх рашэнняў! Вам прапаноўваюць фільтры, коўдры, посуд? У першую чаргу патэлефануйце дзецям, унукам, іншым родзічам... Прадавец, канешне, будзе вас падганяць-прыскорваць, каб вы як мага хутчэй зрабілі пакупку, але вы скажыце цвёрда, што толькі заўтра можаце прыняць рашэнне. За гэты час можна абдумаць усе “за” і “супраць”. Гэта вельмі важна, бо пасля гандлёвай здзелкі немагчыма прыцягнуць да адказнасці прадаўца, бо вы самастойна падпісалі паперы, аддалі грошы. Вас ніхто не прымушаў гэта рабіць!

 

Карыстаючыся выпадкам, у чарговы раз хачу звярнуць увагу на тое, што ў нашай рэспубліцы і на Брэстчыне павялічылася колькасць злачынстваў з выкарыстаннем інтэрнэту. Узломваюць акаунты – і робяць паведамленні-просьбы аб перадачы грошай “родзічу” або “сябру” або просяць паведаміць нумар банкаўскай пластыкавай карткі. Калі вы зробіце гэтае паведамленне, то вашу картку “апаражняць” цераз лічаныя хвіліны. У Беларусі нават фіксуюцца выпадкі, калі махляры пад выглядам банкаўскіх работнікаў тэлефануюць з просьбай-патрабаваннем паведаміць нумар банкаўскай карткі, маўляў, трэба правесці нейкія аперацыі, удакладненні. Ні ў якім разе нельга паведамляць свой нумар, бо банкаўская картка – асабістая, яе нумар не могуць ведаць нават банкаўскія работнікі, не кажучы пра розных прайдзісветаў, якія тэлефануюць вам невядома адкуль.

Вадзім ПАСТАЯЛКА, начальнік Івацэвіцкага РАУС.           

Комментарии (0)
Добавить комментарий