Безгаспадарчасць каштуе дорага

31 июля 2017 - Administrator
article3330.jpg

 У Івацэвіцкі РАУС паступіў сігнал, што неўстаноўленыя злодзеі праніклі ў адно з вытворчых памяшканняў ДУБП “Івацэвіцкая ПМК-11”, дзе змаглі непрыкметна раскамплектаваць электраабсталяванне. І “папрацавалі” злодзеі някепска: украдзена каля двух кіламетраў электрычнага кабелю. Дадзенае абсталяванне па прычыне фінансавых праблем прадпрыемства пакуль што не эксплуатуецца, таму пацярпелыя нават не могуць дакладна сказаць, калі адбыўся крадзеж? 


Атрымліваецца, што хтосьці зарабіў (думаецца, што тут пажывіліся аматары каляровага металу) прыкладна 50-70 рублёў, а прадпрыемству нанесены ўрон да 5 000 рублёў. Міліцыя займаецца гэтай справай, але не можа не абураць такая безгаспадарчасць, бо з 10 мая да 23 чэрвеня ў гэтае вытворчае памяшканне ніхто са спецыялістаў і кіраўніцтва не заглядваў. А зазірнулі, на жаль, злодзеі... 

Дзейнічаюць некаторыя зламыснікі нахабна. У Даманаве ноччу раней судзімы К. пранік у адзін з дамоў, дзе знаходзіліся, спалі гаспадары. Украў веласіпед, іншыя гаспадарчыя прадметы. К. затрыманы. 
Фермер з вёскі Чамялы Г. звярнуўся ў міліцыю – украдзена мотапомпа, якую Г. пакінуў у полі… 
Напачатку ліпеня ў райаддзел міліцыі з заявай звярнуўся мужчына, што ноччу, пакуль ён спаў, на прыдамавой тэрыторыі ў яго ўкралі мабільны тэлефон коштам каля 600 рублёў. Злодзеі затрыманы, а вы, шаноўныя чытачы, можаце лёгка зрабіць вывад: большасць з вышэйзгаданых крадзяжоў справакавалі самі пацярпелыя.
Сяргей КОЦІК, в.а. начальніка Івацэвіцкага РАУС.  
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий