Крадзяжы мабільнікаў раскрыты

31 августа 2017 - Administrator
article3385.jpg

 На чыгуначным вакзале бягучым летам зафіксаваны два крадзяжы дарагіх мабільных тэлефонаў, як вынік, узбуджаны дзве крымінальныя справы па арт.205 “Крадзеж”. У абодвух выпадках назіраецца агульны падтэкст: пацярпелыя клалі тэлефон у лёгкадаступнае месца, зладзеям не склала ніякай цяжкасці завалодаць ім.

У першым выпадку падзеі развіваліся так. Жыхарка адной з вёсак Целяханшчыны, дарэчы, шматдзетная маці, знаходзілася ў будынку аўтавакзала, чакала свой аўтобус. Непадалёку мужчына вырашыў правесці падзарадку тэлефона, падключыў і… забыў пра яго. Ён сеў у поезд, але толькі пасля таго, як цягнік набраў ход, успомніў пра свой мабільнік, выйшаў у Бярозе (хаця ехаць трэба было далей), папрасіў, каб патэлефанавалі на чыгуначны вакзал у Івацэвічы, але адтуль паведамілі, што ад разеткі вісіць толькі “хвосцік” – провад зараднага прыстасавання, а тэлефона няма. Яго ўкралі. Была ўзбуджана крымінальная справа, як высветлілася, тая шматдзетная маці, якая чакала аўтобус, “падабрала” дарагую рэч.

У другім выпадку ў падобных абставінах дзяўчына, жыхарка адной з вёсак нашага раёна, якая купіла білет на электрацягнік да Мінска, забыла мабільнік на полцы каля акенца касы, наступны пакупнік білета на гэты ж электрацягнік накрыў яго сваімі рэчамі, а пасля непрыкметна забраў. Гэты 15-летні злодзей дзейнічай “граматна”: ён хутка выйшаў з памяшкання вакзала, пайшоў у бок бара “Паўднёвы”, дзе найперш выдаліў з тэлефона сім-карту, каб вызначыць яго было больш складана. Яны і паехалі далей у адным цягніку – злодзей і ахвяра, першы да Баранавічаў, другая – да Мінска. Гэты крадзеж мы раскрывалі доўга, нават сістэма відэаназірання не магла дапамагчы, але, у рэшце рэшт, 15-гадовы зламыснік быў затрыманы. Таксама ўзбуджана крымінальная справа.

І яшчэ адзін выпадак з доўгай  перадгісторыяй. Прыкладна два гады таму 10-гадовая дзяўчынка прыйшла ў магазін “Прадуктовы куток” у Івацэвічаў і побач з касай забыла дарагі мабільнік. Яго “падабраў” наступны пакупнік, жыхар Івацэвіцкага раёна. Дадзены крадзеж праваахоўныя органы доўгі час не маглі раскрыць, бо амаль ніякіх слядоў злодзей не пакінуў, а тэлефон ніхто не выкарыстоўваў. Але, у рэшце рэшт, дарагая цацка запрацавала – і мабільны аператар даў праваахоўным органам наводку – у чыіх руках аказаўся мабільнік, які ў гандлёвай кропцы забыла дзяўчынка. Злодзей тлумачыў, што знайшоў у магазіне тэлефон, забраў, але гэта з’яўляецца крадзяжом і асновай для ўзбуджэння крымінальнай справы.
Віталь ВЫСОЦКІ, начальнік ЛПМ на ст. Івацэвічы, Дзяніс ВАЛОШЧЫК, старшы следчы райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Комментарии (0)
Добавить комментарий