Не спіцца ноччу хулігану

30 июня 2017 - Administrator
article3265.jpg
Чацвёра маладых людзей, усе жыхары Івацэвічаў, якім толькі-толькі споўнілася па 18 гадоў, у адну з нядаўніх начэй моцна разбушаваліся. На міні-рынку па вул. Дэпутацкай райцэнтра яны разбілі і пашкодзілі некалькі ралетаў, перакульвалі палаткі і сметніцы, нават спрабавалі перакуліць бочку з квасам, праўда, на гэта ў іх не хапіла сіл. Разбуджаныя грукатам незразумелая паходжання, жыхары суседніх дамоў патэлефанавалі ў міліцыю. У адносінах да гэтых маладых людзей узбуджаны крымінальныя справы па арт. “Хуліганства”.

Гэта, на жаль, не адзіныя факты хуліганства, якія зафіксаваны ў нашым раёне. Пашкоджаны плот (чатыры пралёты) каля СШ №4 г. Івацэвічы. Ёсць па гэтай справе падазраваемы. Яшчэ адзін абуральны выпадак: малады мужчына, жыхар Івацэвічаў, адпачываў у адным з піцейных устаноў райцэнтра. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, гэты малады чалавек… вырашыў “здзівіць” прысутных сваёй ”мужчынскай прыгажосцю”: ён падняўся на стул, агаліўся і дэманстраваў прысутным некаторыя, так бы мовіць, філейныя часткі цела, што знаходзяцца ніжэй пояса. Узбуджана крымінальная справа.
Безумоўна, многіх гэтых здарэнняў удалося б пазбегнуць, каб адпачывалі нашы грамадзяне, не злоўжываючы алкаголем. Бо, калі меркаваць па ўчынках, то многім з іх, увогуле, лепш не браць у рукі шклянку са спіртным, бо наступствы, прабачце, проста дзікія. 

ХХХ
Івацэвіцкі райаддзел міліцыі проста пакутуе ад “нашэсця” крымінальных спраў, звязаных з падманам пажылых жыхароў раёна асобамі цыганскай народнасці. У апошнія тыдні ўзбуджаны яшчэ дзве крымінальныя справы. Ізноў зламыснікі дзейнічаюць па добра “адпрацаванай” схеме: прыходзяць з просьбай даць ім вады, або нож – парэзаць сала. Маўляў, мы заблукалі. Пры гэтым, зайшоўшы ў хату, просяць, каб гаспадыня прынесла вады са студні, халодненькай. Пакуль бабуля завіхаецца каля калодзежа, зладзейкі імгненна праводзяць “рэвізію”… Калі адну з абкрадзеных  бабулек з в. Волька міліцыянеры сталі ўшчуваць, што сваёй даверлівасцю, яна “дапамагла” зладзеям, то ў адказ пачулі выраз: “Мяне бацькі вучылі не адмаўляць людзям, якія просяць вады ці хлеба”.

У падобных выпадках, нават калі вы не ў сілах адмовіць даць незнаёмаму чалавеку вады, то лепш папрасіць іх пакінуць сцены дома, пачакаць на вуліцы. Пры гэтым запішаце нумар аўто, які прыехаў да вас, патэлефануйце па 102 або свайму ўчастковаму. Калі госці ўбачаць, што вы запісалі нумар аўто або тэлефануеце ў РАУС, то, паверце, іх зламысныя намеры знікнуць, нібы туман пад сонцам. 

ХХХ
І зноў пра крадзяжы веласіпедаў. Паважаныя жыхары раёна! Злодзеі сталі больш вынаходлівымі. І вось у нашым райцэнтры зафіксаваны два факты крадзяжоў веласіпедаў, якія стаялі ў пад’ездах дамоў, на лесвічных пляцоўках, прычым былі прышпіленымі. Па вялікім рахунку, на лесвічных пляцоўках захоўваць двухколавыя транспартныя сродкі забаронена і па проціпажарных нормах. Як і дзіцячыя каляскі і іншыя рэчы. Яны павінны захоўвацца ў гаражах, падвалах, у кватэрах, але не ў месцах агульнага карыстання, бо не толькі замінаюць, але часта становяцца мішэнню для злодзея.
Вадзім ПАСТАЯЛКА, начальнік Івацэвіцкага РАУС. 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий