Не трэба спакушаць злодзея!

27 октября 2017 - Administrator
article3504.jpg
Лічбы насцярожваюць: у нашым раёне ў параўнанні з мінулым годам на 40 працэнтаў павялічылася колькасць крадзяжоў. Вось “вузкія месцы” – сітуацыі, якія спрыяюць здзяйсненню гэтага віду злачынстваў. 

Першае. Дамы ў сельскай мясцовасці, якія гараджане выкарыстоўваюць як дачы. Пра тое, што такія аб’екты – любімая “мішэнь” злодзея, мы ўжо папярэджвалі не раз. Прынамсі серыя крадзяжоў з такіх дамоў напачатку бягучага года і заклала аснову дрэнных паказчыкаў, з чаго я і пачаў артыкул, бо мінулай зімой у нас не было і тыдня, каб не звярталіся з падобнымі заявамі. Проста нейкае “нашэсце”! Прападае інструмент – балгаркі, касілкі, а таксама бытавая тэхніка, веласіпеды, посуд, нават мэбля! У Выганашчах жыхары Мінска купілі сабе домік – і не прыязджалі амаль год, за гэты час адтуль вынеслі нават шафы! Не кажучы пра халадзільнік і іншыя “дробязі”. Пацярпелыя хапаюцца за галаву і сэрца, бягуць у міліцыю, але, прабачце, чаму самі не прынялі ўсе меры, каб абараніць маёмасць? 

…Якую мадэль паводзінаў павінен абраць гараджанін, які мае домік у вёсцы? У першую чаргу трэба на зімовы перыяд, калі паездкі становяцца вельмі рэдкімі (бывае, што людзі па паўгода не прыязджаюць у такі домік), усе тыя рэчы, якія могуць зацікавіць зламысніка, забраць – альбо з сабой, альбо занесці да вяскоўцаў-родзічаў. Трымаць у безгаспадарнай хаце інструмент, веласіпеды, бытавую тэхніку – значыць, спакушаць злодзея, які ў адзін з доўгіх асенніх ці зімовых вечароў вырашыць здзейсніць набег. Такі дом павінен быць добра ўмацаваны – найперш дзверы і вокны; вельмі добра, каб суседзі і родзічы час ад часу наведваліся да вашых харомаў. Пакуль не настала зіма – прадугледзьце ўсе гэтыя моманты, шаноўныя. 

Другое. Крадзяжы веласіпедаў. І ў мінулыя гады статыстыка па крадзяжах двухколавых транспартных сродкаў не радавала, і зараз мы маем несуцяшальныя паказчыкі. Тут зноў-такі мы сутыкаемся з фактамі спакушэння злодзея: незамкнутыя веласіпеды пакідаюць “на хвілінку”, захоўваюць на лесвічных пляцоўках, куды патрапіць можа кожны… Дарэчы, на лесвічных пляцоўках і пралётах забараняецца ўтрымліваць любыя рэчы па проціпажарных нормах. Пра гэта забылі многія. 

Трэцяе. Крадзяжы з прадпрыемстваў. Мехдвары і іншыя гаспадарчыя памяшканні сельгаспрад-
прыемстваў як быццам ахоўваюцца, але як гэта адбываецца на практыцы? Міліцыя ў начны час рэгулярна інспектуе дадзеныя аб’екты і сутыкаецца з фактамі п’янства вартаўнікоў. Часта гэтых вартаўнікоў не знайсці на працоўным месцы, дзе яны бадзяюцца – загадка. А для злодзея ж гэта за шчасце! Як вынік, рэгіструюцца абуральныя факты, калі на мехдвары ААТ “Мічурынск” былі разукамплектаваны сем трактароў! Гэта ж злодзею работы на цэлую ноч! А вартаўнік раніцай паціскае плячыма. Таксама згадайце начны “налёт” на касу ААТ “Любішчыцы!.. Райспажыўтаварыства выкарыстоўвае сучасныя сродкі аховы толькі ў райцэнтры ці ў буйных населеных пунктах, а вось у аддаленых вёсках – не... Злодзей гэта ўлічвае.

Апошні выпадак: у адну з нядаўніх начэй неўстаноўлены зламыснік арматурай разбіў шкло ў сельмагу в. Іодчыкі, пранік у магазін… Міліцыя праводзіць работу па выяўленні злачынцы, але ў недапушчэнні падобных сітуацый павінны быць зацікаўлены не толькі праваахоўныя органы, а і кіраўнікі, і спецыялісты прадпрыемстваў розных форм уласнасці. 
Вадзім ПАСТАЯЛКА, начальнік Івацэвіцкага РАУС. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий