Новы падманны “фінт” цыганаў

15 мая 2017 - Administrator
article3147.jpg

 Пра сумнавядомы “выязны” гандаль асоб цыганскай народнасці, калі ў сельскіх населеных пунктах прадаюць коўдры, бялізну, нават электраінструмент, ужо неаднойчы расказвалася на старонках раёнкі. Спяшаюся звярнуць увагу на наступную своеасаблівасць такога гандлю: нават калі ён прайшоў “паспяхова”, г.зн., бабуля з пакупкамі засталася дома, а “карабейнікі” з’ехалі, то гэта не значыць, што справа не мае крымінальнага падтэксту. Бо цыганы, праводзячы такі гандаль, “зандзіруюць глебу” наконт грашовага забеспячэння бабулі, паспяваюць прасачыць, куды менавіта панесла хаваць рэшту пакупніца. Пасля рэгіструюцца выпадкі, калі цыганы робяць “налёт” на дом – і за лічаныя хвіліны абчышчаюць канкрэтнага пажылога чалавека, бо ўжо ведаюць, дзе ён звычайна хавае грошы.


У чарговы раз заклікаю жыхароў Івацэвіцкага раёна адмовіцца ад падобных “здзелак”. Наіўна думаць, што нейкія добрыя людзі гойсаюць па вёсках, нясуць транспартныя выдаткі, каб вас “ашчаслівіць” надзіва танным таварам. Так не бывае! З другога боку, сёння няма ніякай праблемы набыць падобны тавар у гандлёвых кропках, дзе вам выдадуць чэк, дзе атрымаеце гарантыю. Навошта звязвацца з невядома кім?

У нашым раёне ў бягучым годзе ўжо зарэгістравана чатыры падобныя злачынствы, на жаль, раскрываюцца яны цяжка. У адным з выпадкаў цыганы змаглі знайсці хованку, у якой бабуля трымала некалькі мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Гэтая жанчына пасля з жахам расказвала: калі б злодзеі працягнулі руку на дзясятак сантыметраў далей, то знайшлі б і 3 000 долараў, якія бабуля таксама хавала… Але тут не да сантыментаў, бо і тыя скрадзеныя 3 тысячы рублёў неяк трэба знайсці і вярнуць!

…Яшчэ адна праблема, якая звычайна моцна турбуе ў летні перыяд. Крадзяжы веласіпедаў: з пачатку года ў нашым раёне ўжо ўкрадзена чатыры адзінкі. Два крадзяжы раскрыты. Падобныя здарэнні зноў-такі характарызуюцца сумнавядомай мадэллю паводзін: “паставіла на хвіліначку, а яго ўкралі”. Але бывае і інакш: веласіпеды прападаюць і з прыдамавой тэрыторыі прыватнага дома. Нядзіўна, вынесці-вывесці гэты транспартны сродак няцяжка, гэта ж не бетонамяшалку знесці! Папрашу захоўваць тэхпашпарт на веласіпед. Часта пасля крадзяжу паўстае пытанне: які нумар рамы, бо яе можна перафарбаваць, а колы зняць… 

І яшчэ. У новым мікрараёне па вул. Максіма Танка ў Івацэвічах пражывае многа маладых сямей, тут шмат дзяцей, якія катаюцца на дзіцячых веласіпедах, кідаюць іх дзе прыйдзецца, пасля пачынаюцца разбіральніцтвы, бо хтосьці зняў кола, хтосьці прысвоіў раму… Просьба да маладых бацькоў: нават дзіцячы веласіпед патрабуе дакладнай “прапіскі”, тым болей, і каштуе ён нямала.  
Андрэй БУРДЗЬ, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий