Шукалі бабулю цэлую ноч

18 сентября 2017 - Дарья Вдовина
article3431.jpg
Гэтыя падзеі адбываліся ў аг. Аброва. Пажылая жанчына ва ўзросце каля 80 гадоў накіравалася ў мінулы чацвер, 14 верасня, сустракаць статак кароў, які вяртаўся з пашы. Карова, якую чакала бабуля, збочыла з дарогі і рушыла ў кукурузнае поле ААТ “Аброўскі”. Жанчына рушыла за ёй. Але калі буронка змагла без праблем выйсці з кукурузы, то бабуля заблудзілася.
 
Кукуруза ў верасні дасягае вышыні ў два метры, таму нядзіўна, што бабуля блукала там цэлую ноч. Яе шукалі і вяскоўцы з выратавальнікамі, і міліцыя. Пад раніцу знайшлі хустку, а цераз некалькі гадзін і яе самую… Яна, знясіленая і змучаная, сядзела на краі поля на беразе меліяратыўнага канала. Проста шчасце, што не паспела рушыць, каб перабрысці воды гэтага глыбокага канала, міліцыянеры перанеслі яе на руках (на здымку).
 
Паважаныя жыхары Івацэвіцкага раёна! Штогод з падобнымі фактамі мы сутыкаемся ў другой палове лета, у першай палове восені. Старыя людзі ідуць то ў лес па грыбы-ягады, то ў поле; разлічваюць на сілы, якіх у іх вельмі мала. У бягучым годзе такі “паход” завяршыўся смерцю пажылога мужчыны з Няхачава.
 
Таму просім моладзь правесці адпаведныя гутаркі з бацькамі і ўвогуле забараніць сваім бацькам, бабулям-дзядулям пакідаць свой дом на вялікія адлегласці. І яшчэ. Чамусьці бытуе ўстойлівае меркаванне, што трэба чакаць тры дні перш, чым зрабіць заяву аб знікненні чалавека. Гэта – няпраўда! Як толькі вы ўпэўніліся, што чалавек прапаў, неадкладна тэлефануйце ў міліцыю па нумары 102. Чым раней пачнуцца пошукі, тым больш шансаў знайсці “прапажу”.
 
Андрэй ПАПКО, старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.   
Комментарии (0)
Добавить комментарий