За спробу згвалтаваць жанчыну

15 ноября 2017 - Administrator
article3532.jpg

68-гадовая жанчына, жыхарка Івацэвічаў, прыкладна ў 22 гадзіны вечара ішла пешшу па вуліцы Савецкай райцэнтра (непадалёку ад магазіна “БУМ”). Раптам яе ззаду дзвюма рукамі абхапіў мужчына, стаў прыціскаць да сябе, прапаноўваць ёй уступіць у палавыя адносіны. Намеры ў гвалтаўніка былі самымі сур’ёзнымі, бо некалькі разоў ахвяра вырывалася, але ён зноў яе даганяў, прыціскаў да сябе, прымушаючы ўступіць у палавыя адносіны. На шчасце, міма праходзіў другі мужчына, якому жанчына крыкнула “Дапамажыце!”.

Зламыснік кінуўся наўцёкі, згубіўшы на месцы злачынства мабільны тэлефон. Ён быў нецвярозы і адзначыўся яшчэ і тым, што згубіў і пашпарт на чыгуначным вакзале Івацэвічаў.


Гэтых улік было дастаткова, каб хутка выйсці на след гвалтаўніка, жыхара Баранавічаў 1984-га года нараджэння. А ён, разумеючы цяжар наступстваў, стаў хавацца, з’ехаў на Гродзеншчыну. Тым не меней, у хуткім часе быў затрыманы, зараз знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання нашага РАУС па вул. Клютко.


Узбуджана крымінальная справа па арт. 167 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару”. Дарэчы, гэты мужчына раней быў судзімы – за згвалтаванне.


І яшчэ. Гэтае крымінальнае здарэнне выклікала хвалю беспадстаўных чутак і плётак. Адказна паведамляю: на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна ўжо болей за 10 гадоў, да вышэйзгаданага выпадку, не рэгістравалася фактаў згвалтавання. А ад людзей прыходзіцца чуць, што гвалтаўнікі ледзь не на кожнай вуліцы райцэнтра ходзяць па начах. Гэта – няпраўда! Калі нейкі непрытомна п’яны мужчына зваліўся на жанчыну, то не трэба распускаць плёткі, што вас збіраліся згвалтаваць. 

Андрэй БУРДЗЬ, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.     

Комментарии (0)
Добавить комментарий