Злачынствы “мясцовага значэння”

18 августа 2017 - Administrator
article3367.jpg
Кампанія сяброў-мужчын бавіла час у адным з дамоў г.п. Целяханы, распівалі спіртныя напоі. “Пасядзелкі” зацягнуліся, хтосьці заснуў, хтосьці гутарыў “пра жыццё-быццё”. У рэшце рэшт, ужо ледзь не пад раніцу паміж двума мужчынамі ўспыхнула спрэчка, якая перарасла ў бойку, а бойка – у панажоўшчыну.
Вынік: адзін з удзельнікаў “разборак” трапіў на бальнічны ложак, бо атрымаў нажавое пранікаючае раненне ў брушную поласць, у адносінах да другога ўзбуджана крымінальная справа…

На Бабровіцкае возера прыехаў рыбалоў, які пасля дзённай рыбалкі вырашыў адпачыць на беразе вадаёма, а назаўтра зноў выплыць на гумавай лодцы, якую паклаў каля аўтамабіля. Рыбалоў моцна спаў, але не спаў злодзей, мужчына з Выганашчаў, якому спадабалася лодка і які хацеў яе на веласіпедзе вывезці ў родную вёску. Але не ўлічыў, што яго транспартны сродак “не здужае” даставіць плыўсродак за дзесяць кіламетраў, бо лодка цяжкая, везці яе нязручна. Карацей, незадачлівы злодзей кінуў лодку цераз пару сотняў метраў у кустах, а дамоў паехаў з вёсламі. Па факту крадзяжу рыбаловам была выклікана міліцыя…

Нагадваю жыхарам Івацэвіччыны, што на тэрыторыі раёна праводзіцца спецыяльная праграма “Мак”, накіраваная на знішчэнне незаконных пасеваў наркаўтрымліваючых раслін – маку, канопляў. Памятайце: вырошчванне маку на прысядзібных участках і любых іншых месцах забаронена, гэта стварае склад правапарушэння, якое прадугледжана арт. 16.1 КоАП Рэспублікі Беларусь. За сяўбу або вырошчванне без мэты збыту або вырабу наркатычных сродкаў, забароненых да вырошчвання раслін канапель, маку або іншых, што ўтрымліваюць наркатычныя сродкі, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, вінаваты будзе пакараны штрафам у памеры да 20 базавых велічынь. 

У бягучым годзе ў нашым раёне ўжо ёсць асобы, прыцягнутыя да адказнасці за тое, што вырошчвалі мак. Таксама праведзена работа па знішчэнні гэтых раслін на няўдобіцах, пустках, лясных масівах, звалках і іншых закінутых месцах на плошчы 275 кв. м, вагой болей за 130 кг. 
Супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС будуць і надалей праводзіць рэйды па выяўленні фактаў вырошчвання наркаўтрымліваючых культур. Просім грамадзян быць законапаслухмянымі; калі валодаеце інфармацыяй аб тым, што дзесьці незаконна растуць мак ці каноплі або хтосьці распаўсюджвае наркатычныя сродкі, то праявіце грама-дзянскую свядомасць і патэ-лефануйце па нумары 102 (ананімнасць гарантуецца).
Сяргей КОЦІК, в.а. начальніка Івацэвіцкага РАУС.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий