…А злодзей уважліва сочыць за вамі

23 ноября 2016 - Administrator
article2806.jpg

 Муж і жонка К., жыхары кватэры ў шматпавярховым доме ў Івацэвічах, сабраліся ехаць на дачу. Жонка завіхалася на кухні, муж тым часам накіраваўся за аўтамабілем. Але тое, што за гаспадаром не зашчоўкнуўся замок на дзвярах, стала штуршком для дзеянняў 32-гадовага раней судзімага Р., які не пакінуў па-за ўвагай той факт, што дзверы не зачыненыя на замок, хаця гаспадар сышоў.


Р. падняўся на паверх, ціха адчыніў уваходныя дзверы ў кватэру… Пачуў, што на кухні гаспадарыць жанчына; тут, у прыхожай, не знайшлося чым пажывіцца зламысніку. Ён прайшоў у залу, агледзеўся. На тумбачцы ляжаў масіўны залаты ланцужок; Р. спакойна паклаў залаты выраб у кішэню і ціха выйшаў з кватэры.

Цераз дзясятак-другі хвілін дамоў прыйшоў муж. Яго ўстрывожыла, што дзверы толькі прытулены, а не закрыты. Пацікавіўся ў жонкі, а тая паведаміла, што нікуды не выходзіла, але ёй падалося, што быццам бы хтосьці заходзіў, але яна палічыла, што муж вяртаўся, можа, што забыў? І тут яны ўпэўніліся, што залатога ланцужка коштам каля 10 мільёнаў (недэнамінаваных) рублёў няма.
Паступіў сігнал у міліцыю. Р., калі яму стала вядома, што яго дзеянні рассакрэчаны, што ёсць сведкі, якія бачылі яго на лесвічнай пляцоўцы, сам прынёс ланцужок гаспадарам, але яго ўжо чакала міліцыя.

Як стала вядома, на сумленні Р. некалькі падобных крымінальных учынкаў за апошнія тыдні. Штосьці падобнае ён здзейсніў у Кобрыне – і зноў-такі сігналам для дзеянняў Р. паслужыў той факт, што ён адсачыў: гаспадыня зайшла ў кватэру шматпавярхоўкі, а вось замыкацца не стала. Замок не шчоўкнуў! Злодзей ціхенька адкрыў дзверы ў кватэру, у прыхожай убачыў сумачку, з якой выцягнуў 1 мільён рублёў, і гэтак жа ціха выйшаў… Яшчэ адзін крадзеж ён здзейсніў у Вульцы-Аброўскай, дзе з мясцовым жыхаром распіваў спіртныя напоі, а калі гаспадар заснуў, забраў, а пасля прадаў у Івацэвічах электраінструмент. Апошні крымінальны эпізод – крадзеж электрычнай вадзяной помпы ў адным з прыватных дамоў. Пра тое, што Р. гаспадарыў і ў Кобрыне, пацвердзіла дактыласкапічная экспертыза, бо недалічыўшыся мільёна рублёў, гаспадыня звярнулася ў праваахоўныя органы.

Паўторымся, гэтаму маладому чалавеку Р. 32 гады, ён толькі месяц-другі як пакінуў месца пазбаўлення волі – і вось зноў за краты. Уявіце сабе: гэта яго… восьмая судзімасць, а за кратамі ён ужо адбыў 15 гадоў. Задумайцеся! Паводле заключэння экспертызы: алкагалізмам не пакутуе, лячэнне не патрабуецца... Чаго не хапае чалавеку, каб жыць 
па-людску?
***
Яшчэ адна павучальная гісторыя. Сям’я прадпрымальнікаў (муж і жонка жывуць і працуюць у адным з населеных пунктаў раёна) паведамілі свайму прадаўцу, маладой дзяўчыне, што збіраюцца ехаць за таварам далёка за межы раёна. Дзяўчына вырашыла падзяліцца дадзенай навіной са сваімі двума сябрамі, маладымі мужчынамі, што пражываюць у вёсцы, прыкладна за 20 кіламетраў.

І парачка сяброў (адзін з іх раней судзімы) вырашыла скарыстаць момант. Глыбока ноччу яны праніклі ў дом прадпрымальніка, выламаўшы некалькі дзвярэй і пашкодзіўшы маёмасць. Іх старанні былі недарэмнымі – грошай і іншых каштоўнасцяў яны сцягнулі прыкладна на 180 мільёнаў рублёў. Спяшаючыся, “працуючы” без святла, злодзеі нават забралі пачку сувенірных долараў. Пасля, па-
дзяліўшы ўкрадзенае, яны сярод ночы наведаліся да сяброўкі, якая стала “наводчыцай” у гэтай справе, запатрабавалі трымаць язык за зубамі і падзяліліся з ёй. Але калі адзін даў дзяўчыне 300 долараў сапраўдных, то другі 300 – сувенірных. 

Злодзеі хаця і не адразу, але былі ўстаноўлены і затрыманы. Адзін з іх паспеў добра “пагалівудзіць” з сябрамі ў Мінску – зняў кватэру, узяў у арэнду аўто, накіраваўся ў бары-рэстараны, казіно… Зламыснікі аднекваліся да апошняга, але ўлік станавілася ўсё больш і больш. Санкцыя суда ў адносінах да аднаго – тры з паловай, да другога – чатыры гады пазбаўлення волі. 

Нашы грамадзяне з задавальненнем устанаўліваюць металічныя і іншыя добра ўмацаваныя дзверы, але чамусьці забываюць, што дзверы яшчэ трэба і… замыкаць. Бо калі “куфэрак проста адкрываецца”, то для злодзея не стане праблемай пранікнуць у вашу кватэру; ён будзе спакойна гаспадарыць у прыхожай, пакуль вы штосьці гатуеце на кухні... А калі жывяце заможна, дазваляюць сродкі, то што замінае паставіць дом ці хаця б адзін пакой на сігналізацыю? Сёння хапае тэхнічных навінак накшталт “Разумны дом”, калі гаспадар можа валодаць сітуацыяй, нават знаходзячыся далёка па-за межамі ўласнага жытла.  
Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий