“Мёртвыя душы” нашых кватэр

4 ноября 2017 - Administrator
article3519.jpg

 У жыцці любога з нас можа адбыцца наступны эпізод: знаёмы ці родны чалавек папросіць, каб яго “выручылі” – прапісалі на жыллёвай плошчы. Гэта можа быць сябра ваш або вашых дзяцей, далёкі родзіч; гэта можа быць і нявестка, і зяць, якім, зразумела, цяжка адмовіць. Людзі нашы ў большасці сваёй прымаюць да сэрца праблемы іншых і згаджаюцца, бяруць на рэгістрацыйны ўлік…

 

Але шляхі і лёсы людскія – рэч цяжка прадказальная. Сябар ці родзіч могуць з’ехаць дзесьці далёка, нявестка можа разысціся з сынам, зноў выйсці замуж, змяніць прозвішча і, увогуле, з’ехаць у які-небудзь аддалены расійскі рэгіён. Добра, калі з імі падтрымліваюцца хоць якія адносіны, куды горш, калі такі чалавек поўнасцю знікае з поля зроку гаспадароў, уласнікаў жылля, у каго ён прапісаны.
 
І тут гэтыя самыя гаспадары нярэдка сутыкаюцца вось з якой праблемай – чалавека пасля ўжо… немагчыма зняць з рэгістрацыйнага ўліку. Напрыклад, уласнікі дома ці кватэры надумалі прадаць жыллё, а гэты дом ці кватэра з “мёртвай душой”, што не можа не адштурхоўваць пакупніка. Некаторыя купляюць кватэру з гэтай самай “мёртвай душой”, бо гаспадары абяцаюць, што, як кажуць, кроў з носу знойдуць зніклага квартаранта і выпішуць.
Трэба выпісаць. Але ці проста гэта зрабіць?
 
Як звычайна паступаюць у такой сітуацыі нашы грамадзяне? Накіроўваюцца да адваката, пішуць іскавую заяву, аплачваюць паслугі (яны каштуюць нямала), пасля дадзеная заява прымаецца ў судзе, але…
Артыкул 282 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса недвухсэнсоўна рэгламентуе: “Калі юрыдычна зацікаўленыя ў зыходзе справы асобы належным чынам апавяшчаюцца аб месцы і часе судовага пасяджэння, то суд адкладвае разбіральніцтва справы ў выпадку прызнання прычыны няяўкі ўважлівай”. Разам з тым, “Суд мае права разглядзець справу ў выпадку няяўкі каго-небудзь з юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб, якія належным чынам апавяшчаюцца аб месцы і часе судовага пасяджэння, калі прызнае прычыны іх няяўкі няўважлівымі”. І вось надзвычай важны ў кантэксце нашага артыкула пункт: “У выпадку няяўкі на судовае пасяджэнне каго-небудзь з юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб, у адносінах да якіх адсутнічаюць звесткі аб іх апавяшчэнні, то разбіральніцтва справы адкладваецца” (выдзелена мной – С. К.).
Карацей: разгляд справы ў судзе немагчымы без паведамлення юрыдычна зацікаўленай асобе аб тым, што ён будзе фігурантам справы. Чалавек у абавязковым парадку павінен быць “в курсе”, што судовае пасяджэнне тычыцца яго – прама ці ўскосна тычыцца. 
 
Але як апавясціць чалавека, калі невядома, дзе ён знаходзіцца, дзе пражывае?.. Паміж Беларуссю і краінамі былога СССР дзейнічаюць адпаведныя міжнародныя дамовы; галоўнае упраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама накіроўвае павесткі з паведамленнем у адпаведныя падраздзяленні гэтых краін (найчасцей у Расію); фігурант нашай справы павінен прыйсці ў суд па тэрытарыяльнасці, дзе пражывае; тут яму будзе ўручана копія іскавага паведамлення аб часе і месцы судовага пасяджэння, ён паставіць подпіс аб тым, што атрымаў паведамленне…
І калі гэты фігурант справы пражывае там, дзе яго шукаюць, калі ён атрымаў апавяшчэнне, - цудоўна: усе гэтыя намаганні гаспадара дома ці кватэры і адваката былі недарэмнымі. Але многія з такіх асоб на месцы не сядзяць, зноў кудысьці з’язджаюць, могуць зноў развесціся-ажаніцца, змяніць прозвішча, з’ехаць у нейкі незарэгістраваны інтэрнат, могуць стаць асацыяльнымі і пачаць бамжаваць… Пошукі зацягваюцца… А тэрміны “падціскаюць”, хаця і яны не маленькія – 10-12 месяцаў. І калі гэтага гора-кватэраздымшчыка за гэты тэрмін не знойдуць, то суд не мае права разглядаць справу, бо юрыдычна зацікаўленая асоба, як я ўжо паведамляў вышэй, не апавешчаная, не выклікана.
 
Так, справа ў судзе адкладваецца. Гаспадары кватэры ці дома ў роспачы – яны амаль цэлы год чакалі рашэння суда аб тым, што іх “гора-сябра” здымуць з рэгістрацыйнага ўліку, выпішуць з кватэры, а высвятляецца, што гэтыя чаканні былі дарэмнымі. Трэба зноў пачынаць шукаць?.. Няцяжка ўявіць тое, які настрой пануе ў такія хвіліны ў гаспадароў, якія калісьці “па добрай душы” прапісалі сябра, пляменніка, нявестку...
Колькі слоў маралі. Любое наша дзеянне, шаноўныя грамадзяне, павінна быць юрыдычна прадумана “на старце”. Нашы людзі чамусьці бягуць да адваката і плацяць за яго паслугі грошы толькі пасля таго, як зрабілі непрадуманы крок, трапілі ў нейкую гісторыю. І ніхто не кансультуецца ў адваката напярэдадні прыняцця неадназначнага рашэння. Чаму?.. 
 
Каб не трапіць у складаную жыццёвую сітуацыю, добра прадумайце крок, які збірайцеся зрабіць, бо лёгка ў кватэру пусціць “мёртвую душу”, а вось пазбавіцца ад яе часам амаль немагчыма.
Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.
Комментарии (0)
Добавить комментарий